Почему в первые дни войны на фронт добровольно записывались классами

Код Памяці


75-годдзе вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у Беларусi адзначаюць у кожнай сям’i. Бо наўрад ці ёсць тыя, хто сказаў бы, што вайна прайшла міма нас. Яна ўвайшла ў кожны дом. І гэты час быў часам суровага выпрабавання духоўна-маральнага стану грамадства і кожнай асобы. Пра сучасны погляд на падзеi тых дзён, пра змаганне з ворагам, ушанаванне памяці i захаванне гістарычнай праўды мы пагутарылі з Аляксандрам Каваленяй — доктарам гістарычных навук, акадэмікам-сакратаром Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў НАН Беларусі

— Вялікая Айчынная вайна забрала жыцці кожнага трэцяга жыхара Беларусі. Трагедыя закранула вашу сям’ю?

— Мне здаецца, вайна ўвайшла ў маё жыццё з малаком маці. За гады вайны немцы знішчылі 42 вёскі Капыльскага раёна. На шчасце, мая вёсачка Садкі захавалася. Я нарадзiўся ўжо ў мiрны час, але падзеi тых гадоў не адпускалi нас яшчэ доўга. Мяне і сястру назвалі ў гонар Герояў Савецкага Саюза Сашы і Зоі Касмадзям’янскіх. Мой бацька Аляксандр Емяльянавіч Каваленя адзін з першых прымаў удзел у разгортванні падпольнай барацьбы. Гэта было небяспечна не толькi для яго, але і для сям’і і родзічаў. У сям’і ўжо было чатыры дзіцяці — усе былі свайго роду закладнiкамi. Адным разам у вёску прыехалі паліцаі. Маці з малымі дзецьмі змагла схавацца ў лесе. Старэйшы брат Жора дзесьці гуляў і вярнуўся да хаты пазней. Яго схапілі, пачалі дапытваць. Гісторыя магла б скончыцца трагічна, але аднавяскоўцы «выкупiлi» яго: прынеслі паліцаям мёд, яйкі, сала, самагонку. Тыя ледзь адчапiлiся. Так выратавалі старэйшага брата ад расправы. Бацька за ўдзел у падпольнай і партызанскай барацьбе быў узнагароджаны ордэнамі Чырвонай Зоркі і Чырвонага Сцяга, шматлікімі медалямі. Я iх памятаю з дзяцiнства, мы са старэйшым братам з гонарам насілі іх на сціплай вопратцы ў святы.

— Якім было пасляваеннае дзяцінства?

— Зараз я разумею, што яно было цяжкім, вёскi тады жылi ў натуральнай галечы, але шчаслівым. Шчасце было ў дружнай сям’i, у тым адчуваннi мiрнага жыцця. Нездарма ж кажуць: калi дрэвы былi вялiкiмi. Нас у бацькоў было чацвёра сыноў і дзве дачкі. З ранніх гадоў мы былі прывучаны да працы. Кожны ведаў свае абавязкі: хто ваду прынясе, хто карову пакорміць. Працоўная загартоўка і адказнасць выхавала характар на ўсё жыццё. Наогул, дзяцей і моладзі ў вёсках пасля вайны было шмат. Тады былi свае забаўкi: збiралiся ў якой хаце, хлопцы гралі на гармоніках, дзяўчаты спявалі, танцы ладзілі. Святы адзначалі ўсе разам, няхай не багата, але заўсёды весела і без зайздрасці.

Зараз мне самому сорамна думаць пра тое, што дзіцём я зайздросціў сябрам, якія засталіся без бацькоў. Яны мелі поўную волю. А мы з братамі і сёстрамі былi пад пільным кантролем бацькі. Ён быў дырэктарам школы, таму нам, па ягонаму меркаванню, трэба было быць прыкладам для астатнiх дзяцей і ў паводзінах, і ў вучобе.

— Сёння шмат хто ўдзельнічае ў акцыі «Беларусь памятае». Гісторыі ветэранаў актыўна распаўсюджваюцца ў СМІ і ў сацыяльных сетках. А як у вашу маладосць захоўвалі памяць аб вайне?

— Многiя мае сябры-аднавяскоўцы так і не дачакаліся сваiх родных. Прыйшлi па пошце дакументы: ваш бацька прапаў без вестак. І ўсё. Зараз з дапамогай калег і інфармацыі ў інтэрнэце я высвятляю, дзе загінулі бацькі маіх сяброў.

Недалёка каля маёй роднай хаты была вёска Старыца, дзе пахавана больш за 170 байцоў, камандзіраў Чырвонай Арміі, партызан. Памятаю, як з ранняга дзяцінства мы з аднакласнікамі і настаўнікамі наводзілі на могілках парадак. З цеплынёй успамінаю настаўнікаў, цудоўных прадметнікаў і адважных воінаў і партызан: Дарашэвіча І.П., Курловіча У.І., Салавянчыка, Пале-шчука Р.М., асабліва свайго класнага кіраўніка Паўла Якаўлевіча Лінніка. У свой час ён узначальваў разведку ўзвода ў партызанскім атрадзе імя Чапаева. Ён прыводзіў нас у старыцкі лес, дзе быў смяротна паранены Іван Тараховіч, вядомы як партызанскі камандзір Дунаеў. Дарэчы, у яго гонар назвалі вёску Дунаева ў Капыльскім раёне. З пятага класа і да заканчэння педагагічнага інстытута я ўдзельнічаў у паходах па месцах баявой і працоўнай славы. У мяне захавалася шмат каштоўных запісаў-успамінаў удзельнікаў партызанскай барацьбы.

Дзякую лёсу, які звёў мяне з гісторыкам Аляксандрам Мацко і філолагам Фёдарам Янкоўскім, якія былі ўдзельнікамі партызанскага руху. Пад іх уздзеяннем я пачаў працаваць над кандыдацкім даследаваннем «Ідэйна-палітычная праца падпольных партыйных арганізацый КП(б)Б у партызанскіх зонах». Пазней абараніў доктарскую дысертацыю «Прагерманскія саюзы моладзі на Беларусі. 1941—1944», дзе паказаў, як германскія акупацыйныя ўлады імкнуліся звярнуць падрастаючае пакаленне Беларусі на свой бок. Ваеннай тэме я надаю асаблівую ўвагу па сённяшні дзень.

— У Беларусі праводзіцца вялікая праца па захаванні памяці аб подзвігах герояў. Наша краіна — адзіная ў Еўропе, якая ў найноўшай гісторыі пабудавала і адкрыла напярэдадні святкавання 70-годдзя вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў новы музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.

— Сёння мы павінны зберагчы агульную гісторыю, не дапусціць перагляду і фальсіфікацыі гераічнага мінулага. У гэтым напрамку вядзецца вялікая праца. Мы з калегамі стварылі навукова-метадычны вучэбны комплекс: дапаможнік для настаўнікаў, працоўны сшытак, атлас, прысвечаныя Вялікай Айчыннай вайне. Гэта найбольш поўнае, комплекснае выданне. Нашы выданні прызналі лепшымі на прасторах СНД. Сёння мы працуем над вучэбным дапаможнікам па Вялікай Айчыннай вайне для студэнтаў і выкладчыкаў Саюзнай дзяржавы. Ствараючы буйныя фундаментальныя працы, мы з калегамі выкарыстоўваем навуковыя распрацоўкі вучоных Беларусі, Расіі, Украіны, краін Еўропы. Праводзім шэраг канферэнцый і круглых сталоў. У чэрвені з дырэктарам Інстытута гісторыі НАН Беларусі Вячаславам Даніловічам удзельнічалі ў Маскоўскай канферэнцыі, дзе абмяркоўвалі дзейнасць нашых суайчыннікаў у Еўрапейскім руху супраціўлення падчас Другой сусветнай вайны.

У нашай краіне на алтар Перамогі было пакладзена каля 3 мільёнаў жыццяў. Сёння мы робім усё магчымае, каб памяць аб загінуўшых жыла. Памяць — той падмурак, які з’яўляецца асновай у фарміраванні патрыятычных, грамадзянскіх пачуццяў падрастаючага пакалення.

Сямейны лагер у Ельскім раёне, 1943.

— З першых дзён вайны на акупаванай тэрыторыi разгарнулася супраціўленне народных мсціўцаў. Чаму ў Беларусі барацьба ў тыле ворага набыла па-сапраўднаму масавы агульнанародны характар?

— Можна сцвярджаць, што гісторыя не ведае больш маштабнага супраціву заваёўнікам, чым барацьба беларускага народа супраць германскіх прыгнятальнікаў, якая разгарнулася на акупіраванай тэрыторыі Беларусі. Ужо ў другой палове 1943 года пад кантролем партызан знаходзілася каля 60 працэнтаў тэрыторыі Беларусі, было створана больш за 20 буйных партызанскіх зон. Патрыёты наносілі акупантам пастаянныя ўдары там, дзе захопнікі іх не чакалі. Адной з асаблівасцей антыгерманскага супраціву ў нас было і тое, што ў ім актыўны ўдзел прымала моладзь. Юнакі і дзяўчаты складалі баявое ядро патрыятычнага падполля, у шэрагах якога барацьбу вялі больш за 70 тысяч чалавек. Звыш 374 тысяч былі партызаны, сярод якіх моладзі да 30 гадовага ўзросту было больш за 60%! Цяжка ўявіць, але ўжо ў першыя дні вайны, пра што яскрава сведчаць дакументальныя крыніцы, на фронт добраахвотна запісваліся класамі, камсамольскімі брыгадамі, студэнцкімі групамі. Уявіце сабе, як у той час была арганізавана патрыятычная і грамадзянска-выхаваўчая праца з падрастаючым пакаленнем.

— 16 ліпеня 1944-га на полі былога іпадрома ў Мінску з нагоды вызвалення сталіцы ад нямецкай акупацыі прайшоў урачысты партызанскі парад. У чым была яго адметнасць?

— Нашу краіну не выпадкова называюць «партызанкай». У многіх сем’ях сёння можна пачуць гісторыю бацькоў, дзядоў і прадзедаў, якія ваявалі ў непраходных беларускіх лясах і балотах. Народныя мсціўцы пускалі пад адхон цягнікі, узрывалі чыгуначныя масты, грамілі варожыя гарнізоны.

Партызанскі парад — дэманстрацыя моцы і непераможнасці духу беларускага народу, яго гатоўнасці да самаахвярнай барацьбы. Рашэнне аб яго правядзенні было прынята на пасяджэнні ЦК Кампартыі Беларусі. Дарэчы, у гэтым парадзе ўдзельнічаў і мой бацька. Першым з прамовай выступіў даваенны старшыня выканкама Мінскага гарсавета Канстанцін Бударын. У Мінску сабраліся больш за 30 тысяч партызан і больш за 50 тысяч жыхароў горада. Асабліва запомніўся ўсім удзельнікам парада казёл па мянушцы Малыш. Ён ішоў за камандзірамі атрада «Барацьба» партызанскай брыгады «Народныя мсціўцы». На ім была фуражка нямецкага афіцэра, стужка з трафейнымі фашысцкімі ордэнамі і медалямі, на левым баку мацавалася ракетніца, на правым — санітарная сумка. Хоць да канца вайны заставалася яшчэ дзесяць месяцаў, беларускі народ ужо святкаваў галоўную перамогу — вызваленне ад акупацыi, ачышчэнне сваёй зямлi ад карычневай навалы.

— Наша краіна стала амаль адзінай з былых савецкіх рэспублік, чыё свята суверэнітэту не прывязана да распаду СССР. З чым у вас звязаны Дзень Незалежнасці?

— Беларускі народ атрымаў магчымасць самастойнага, незалежнага развіцця. У дзень свайго вызвалення наша рэспубліка ляжала ў руінах. Аднак наш народ агульнымі намаганнямі і дзякуючы падтрымцы народаў Савецкага Саюза аднавіў краіну з попелу. Сёння мы павінны казаць словы падзякі тым, хто змагаўся за нашу незалежнасць. Трэцяга ліпеня заўжды тэлефаную свайму 90-гадоваму дзядзьку, які сустракаў вой-

ска Чырвонай Арміі, а пасля першым расказваў пра Перамогу аднавяскоўцам. Дзень Незалежнасці для яго назаўжды святы дзень. Я яго добра разумею, бо так да Дня Перамогі і свята Незалежнасці ставяцца ў нашай сям’і ўсе. Мабыць, гэта і ёсць тая генетычная памяць, якая яднае пакаленнi, становiцца культурным i ментальным кодам народа.


Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter