Кто занимается восстановлением традиционных ремесел в Березе

Код андарака

Дырэктар Бярозаўскага раённага цэнтра рамёстваў Наталля КАВАЛЕВІЧ (на здымку) разлажыла на стале чырвоныя андаракі — шырокія спадніцы з ваўнянай саматканкі, якім больш за сто гадоў. Я не прафесіянал, змагла вызначыць толькі састаў тканіны і колер. У асноўным воўна па воўне, таму навобмацак яны даволі грубыя і калючыя. Ды цяжкія, кілаграмы два, не менш. Але такое адзенне лічылася ўніверсальным: зімой цёпла і летам цела «дыхае». На гэтым мой досвед скончыўся: спадніца як спадніца, кожная гаспадыня ткала і шыла, як ёй хацелася. Што тут асаблівага? У субяседніцы іншы пункт гледжання:



— Наш раён увабраў у сябе касцюмы кобрынскага, івацэвіцка-пінскага і пружанска-пушчанскага строяў. У кожнай вёсцы можна знайсці нешта сваё, адметнае, у жанчын з розных вёсак яно адрознівалася. Мы ўстанавілі ўжо 17 спалучэнняў вышывак андаракаў на Бярозаўшчыне, а колькі іх можа быць наогул, невядома.

Прыгледзелася: сапраўды, падоўжаныя палоскі чаргуюцца па-рознаму. Неаднолькавая і падшыўка падола. Фэставы, альбо шлюбны, андарак ткалі толькі раз, і бераглі ўсё жыццё. Святочныя складаліся з чатырох полак. У маладых дзяўчат яны былі на поясе без зборак, фартух не павязвалі. Калі замужняя жанчына «набірала цела», зборкі распорвалі і прыкрывалі фартухам. Для цяжарных у спадніцу ўшывалі ўстаўку. Калі гаспадыня родам, напрыклад, з Жыліна, а замуж пайшла ў Спорава, то тая самая ўстаўка будзе ўжо спораўская. Там і малюнак другі. Нейкая галаваломка, не магла зразумець: якая розніца, як яна пашыта?

Спрабавала і я «прачытаць», адкуль была гаспадыня чырвонай спадніцы. Першы трыплет палосак — месца жыхарства, другі — нараджэння, трэці — месца жыхарства яе маці, чацвёрты — яе месца нараджэння. Далей па палосках ідзе бабуля па мацярынскай лініі. У выніку змаглі вызначыць: пераклікаюцца вёскі Сакалова, Рэчыца і Агароднікі.

Жанчыны з вёскі Нівы наогул ткалі блакітныя спадніцы, таму ніўлянку адразу можна было пазнаць. А захоўвалі сваё багацце людзі па-рознаму. Бабуля Наталлі Іванаўны з вёскі Шылін падчас вайны закопвала ў зямлю шлюбнае адзенне ў куфры, таму яе андарак сёння сярод экспанатаў. Толькі прасіла, каб на пахаванне ў труну паклалі фэставы касцюм: «Калі будзе другі, мяне аднавяскоўцы не пазнаюць».

У Цэнтры рамёстваў не толькі збіраюць старыя рэчы і адзенне. Мясцовыя ткачыхі аднавілі некалькі відаў ткацтва, у тым ліку дастаткова рэдкае для Беларусі — ажурнае. У Бярозаўскім раёне яно засталося толькі ў трох вёсках — Междулессе, Мар’янова і Пешкі. Ніткі, лён і паўвоўну майстры купляюць у Гродне, Кобрыне і Пінску. Узоры аднаўляюць па элементах адзення і фрагментах ручнікоў.

Школьныя гурткі не ў стане захаваць самабытную беларускую культуру, — тлумачыць Наталля Іванаўна. — Мы развіваем і захоўваем тыя віды рамёстваў, якімі з-за небяспечнасці ці фізічных магчымасцей дзеці не могуць займацца, таму для іх праводзім майстар-класы. Але старэйшыя дзяўчынкі ўжо спрабуюць сябе ў ролі ткачых. Восем старых станкоў сабралі па вёсках. Для дзяцей адзін прыйшлося ўрэзаць. Плануем знайсці свабоднае памяшканне, каб устанавіць усе.

Ткачыха Анжэла ПРАКАПЧУК за працай.

У невялікім пакоі тры запраўленыя ніткамі станкі. Чалавеку, далёкаму ад гэтага рамяства, складана разабрацца ва ўсіх мудрагельствах і тонкасцях працы. Педалі — «панажы», як у арганіста, у працэсе адначасова задзейнічаны рукі і ногі. Ткачыхі Анжэла Пракапчук і Надзея Сіліч жартам называюць станок спартыўным трэнажорам. Можа, таму нашы продкі не дазвалялі садзіцца за яго маладым дзяўчатам, пакуль не сфарміраваўся арганізм. Ідзе моцная нагрузка на пазваночнік, ды і сіла патрэбна. Пакуль пацягаеш тыя рэмізкі, ніты, чоўнікі… А каб дасканала вывесці ўзор, трэба моцна пасябраваць з матэматыкай.

У абедзвюх жанчын ніякай спецыяльнай адукацыі па ткацтве, безумоўна, няма. Штурмавалі навуку самастойна, у рэдкім выпадку шукалі інфармацыю ў інтэрнэце і кнігах. Каб стварыць копію аднаго ручніка, улічваючы 5-гадовы вопыт Анжэлы Вітальеўны, за станком ёй трэба правесці па 8 гадзін на працягу 9—10 дзён. Складаней выканаць узор у закладной тэхніцы.

Работы ткачых выстаўляюцца на ярмарках, але каштуюць нятанна. Зразумела, ручная праца заўсёды ацэньваецца высока, ды і расходы патрабуюцца вялікія. Хаця я прыдбала цёплы і прыгожы шалік, выкананы ў тэхніцы валення ўсяго за 6 рублёў. Паспрабавала сябе ў ролі майстра, але… Як кажуць, кожнаму сваё.

Майстар разьбы па дрэве Аляксандр ПРАКАПЧУК з шахматамі.

Асаблівае месца ў калекцыі работ Аляксандра Пракапчука займаюць шахматы. Але, па-першае, гэта не проста драўляныя фігуркі, да якіх мы прывыклі. Кожная з іх выразаецца ў выглядзе манаха са схіленай галавой. Шахматнае поле — сам Бярозаўскі картэзіянскі манастыр з вежамі і акенцамі. Другі камплект таксама незвычайны. Я бы назвала такую работу ювелірнай, апроч таго, яна даволі небяспечная. Вострае лязо нажа можа нанесці сур’ёзную траўму, таму дзеці могуць толькі назіраць за працай.

У абодвух майстроў шмат узнагарод, дыпломаў і грамат рэспубліканскіх фестываляў, пленэраў. Займаюцца аднаўленнем дзіцячых традыцыйных драўляных цацак, свістулек, забаўлянак... Прызнацца, такія бачыла ў дзяцінстве ў старэйшых братоў і падлеткаў. Цяпер і забыла пра іх існаванне.

Наогул, у Цэнтры рамёстваў нібыта ў казку трапляеш: лялькі ў нацыянальных касцюмах, вышыванкі, чароўныя птушкі, неверагоднай прыгажосці пейзажы і шмат іншага, што прыцягвае і зачароўвае. Усё зроблена з душой і рукамі чалавека.
ДАВЕДКА

Бярозаўскі раённы цэнтр рамёстваў адкрыўся ў сакавіку 2012 года ў адным з будынкаў былых Чырвоных казармаў 151-га Пяцігорскага пяхотнага палка, якія будаваліся з цэглы манастыра ордэна картэзіянцаў — помніка архітэктуры XVII стагоддзя.
chasovitina@sb.by

Фота аўтара
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter