Исторический атлас и энциклопедия о Купале. В Минске назвали лучшие издания

Кніжныя шэдэўры

Вынікі нацыянальнага конкурсу “Мастацтва кнігі” падвялі ў межах XXVI Мінскай міжнароднай кніжнай выставы-кірмашу. Пераможцаў і дыпламантаў вызначылі ў чатырнаццаці намінацыях.



Вышэйшую ўзнагароду ў намінацыі “Трыумф” атрымала чатырохтомнае выданне “Вялiкi гiстарычны атлас Беларусi” РУП “Белкартаграфія” Дзяржаўнага камітэта па маёмасці. Атлас абышоў больш як паўтары сотні канкурэнтаў ад 40 арганізацый.

Лепшай у намінацыі “ЛІТ-фармат” аказалася кніга Алеся Разанава “Такая i гэтакi: талакуе з маланкай дождж” выдавецтва “Мастацкая лiтаратура”. “Залаты фаліянт” уручаны выдавецтву “Медыял” за лепшую кнігу для юных чытачоў “Залатая шарсцінка, срэбраная павуцінка” (намінацыя “Разам з кнігай мы расцём”).

Адзначаны таксама навуковыя і навукова-папулярныя выданні. У намінацыі “Эўрыка” лепшай прызнана кніга “У рытме імклівых гадоў... Нарысы гісторыі камсамола Беларусі” выдавецкага дома “Звязда”. У намінацыі “Залатыя скрыжалі” самую высокую адзнаку атрымала персанальная трохтомная энцыклапедыя “Янка Купала” выдавецтва “Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі”. У намінацыі “Падручнік новага стагоддзя” перамог “Буквар для дашкольнікаў” выдавецтва “Аверсэў”. У намінацыі “Духоўнасць” лепшай стала кніга “Мастацтва дзеля славы Божай: саламяныя іканастасныя вароты і царкоўна-культавыя прадметы” выдавецкага дома “Беларуская навука”. У спецыяльнай намінацыі “За ўклад у захаванне духоўнай спадчыны” адзначаны камплект з трох кніг “Першы “Буквар”: факсімільнае ўзнаўленне: да 400-годдзя выдання” Нацыянальнай бібліятэкі.

Вызначыліся пераможцы і ў персанальных намінацыях “Майстэрства”. Лепшы ілюстратар — Вячаслаў Валынец за кнігу “Казкі для гарэз”. Лепшы фатограф — Міхаіл Раманюк за ўклад у беларускую нацыянальную мастацкую фотакультуру. Лепшы дызайнер — Міхаіл Анемпадыстаў за ідэю, аўтарскую канцэпцыю, тэкст і мастацка-графічнае выкананне выдання “Колер Беларусі”.


Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter