Ці могуць беларускія казкі скласці канкурэнцыю замежным “Гары Потэрам” і “Свінкам Пэпам”?

Кнігі навыраст

Кажуць, прывіваць любоў да кніг варта з пялёнак. Але як гэта зрабіць, калі вакол яркія экраны тэлевізараў, камп’ютараў і мабільнікаў? Якія кнігі чытаюць сучасныя дзеці? І ці ёсць сярод беларускай дзіцячай літаратуры творы, якія могуць зацікавіць іх не горш за любы гаджэт? Пра гэта мы пагутарылі з вядомай казачніцай нашай краіны, членам Саюза пісьменнікаў Беларусі, аўтарам папулярных “Падарожжаў у чароўны лес”, “Казак Сіняй падушкі”, “Касмічнай адысеі хлопчыка Стасіка” Кацярынай Хадасевіч-Лісавой.


Фота БелТА

— Кацярына, вы працуеце ў школе і добра ведаеце, што цікавіць дзяцей. Калі абагульніць, за якую кнігу сядзе сёння маленькі беларус?

— Дзецям хочацца незвычайных прыгод, жахліўчыкаў, таямніц і весялосці. Што, на мой погляд, цудоўна. Хлопчыкам і дзяўчынкам усіх пакаленняў гэта было і будзе цікава. А вось пісьменнікі павінны паклапаціцца, каб кніга, якая задавальняе гэтыя дзіцячыя патрэбы, несла яшчэ і выхаваўчую функцыю, вымушала разважаць, рабіць высновы, падводзіць вынікі. Дзіцячая літаратура выконвае надзвычай важную ролю — дзякуючы ёй закладваецца аснова светаўспрымання, чалавечых якасцяў, нават рысаў характару.

— Ці здольная сучасная беларуская літаратура для дзяцей задаволіць патрэбы маленькіх чытачоў і скласці канкурэнцыю, скажам, замежным “Гары Потэрам” і “Свінкам Пэпам”?

— На жаль, многія нашы суайчыннікі аддаюць перавагу раскручаным замежным аўтарам. Я ні ў якім разе не заклікаю не чытаць “Гары Потэра” і іншыя творы. Але я сцвярджаю, што і ў беларускай сучаснай літаратуры, якая ў наш час перажывае прыкметны пад’ём, шмат цікавых кніг, якія, несумненна, вартыя ўвагі чытачоў. Не бойцеся набываць ці браць у бібліятэцы кнігі пакуль не вядомых вам аўтараў. Знаёмячыся з імі, вы пабачыце, што і ў нас шмат цікавага і незвычайнага. І яшчэ: не бойцеся прапаноўваць дзецям кнігі на беларускай мове. Нават калі самі дасканала не валодаеце ёю. Няхай гэтаму навучацца вашы дзеці. Праз казкі родная мова зацікавіць юных чытачоў, а прыйдзе час, і яны змогуць размаўляць на ёй.

— Ці задавольвае вас як маці і настаўніцу колькасць дзіцячых кніг на беларускай мове?

— Сёння юным чытачам ёсць што пачытаць. Для малодшых школьнікаў выбар даволі багаты. Для падлеткаў, на жаль, меншы. Хаця ў апошні час пісьменнікі часцей прапаноўваюць новыя цікавыя творы для сярэдняга і старэйшага школьнага ўзросту.

— Вы таксама пішаце казкі. Хто іх героі?


— Іх шмат, і яны настолькі розныя, што з імі проста неабходна пазнаёміцца асабіста. Напрыклад, у аднаго майго героя, звычайнага, рэальнага хлопчыка Стасіка, ёсць сябар — касмічны госць Зорнічак. Ёсць у мяне такія незвычайныя персанажы, як Вухуцік, Пухлік, Жужык, Знічка, Камета, Фея Краіны Сноў, Сіняя падушка, Касмічны вандроўнік... Упэўнена, усе яны могуць стаць надзейнымі сябрамі юных чытачоў і застацца ў светлых успамінах дзяцінства.

— Што асабіста вас натхняе на стварэнне новых сюжэтаў?

— Мне здаецца, што літаратар — гэта своеасаблівы прыёмнік, які заўважае сюжэты, вобразы, герояў, што знаходзяцца побач з намі. Ён прапускае ўсё гэта праз сябе, а потым на паперы атрымліваецца новы твор. Бывае, знаходзіцца прататып яркага героя, бывае, шанцуе падгледзець цікавую сітуацыю, бывае, уяўленне нешта малюе. На напісанне кніг “Касмічная адысея хлопчыка Стасіка”, “Канікулы з прыгодамі” і “Казкі Сіняй падушкі” мяне натхніў мой сын Станіслаў, які і стаў прататыпам галоўнага героя.

— Дарэчы, апошні твор “Канікулы з прыгодамі, альбо Зваротны візіт Зорнічка да хлопчыка Стасіка” — таксама пра вашага сына, только больш сталага?

— Хацелася стварыць працяг твора, які спадабаўся чытачам і атрымаў шмат добрых водгукаў. Яшчэ калі я толькі заканчвала працу над першай кнігай, дзеянні якой адбываюцца ў космасе, была ідэя напісаць пра прыгоды хлопчыкаў на Зямлі. Мой герой крыху падрос, дзеці, якія чыталі першую частку, таксама. Так што “Канікулы з прыгодамі” выйшлі вельмі своечасова, прычым у пачатку чэрвеня. Самы час для прачытання “вельмі летняй кнігі”.

— Як вы папулярызуеце свае кнігі, каб яны не ляжалі на паліцах у кнігарнях, а набываліся, чыталіся, перадаваліся з рук у рукі?

— Я часта сустракаюся з чытачамі ў бібліятэках, школах, летніх лагерах. Разам з выдавецтвам РВУ “Звязда” мы ладзім прэзентацыі, праводзім аўтограф-сесіі.

— Пра каго альбо пра што вы хацелі б напісаць новую кнігу?

— Хацелася б напісаць пра такога героя, якога праз многія гады цёпла ўзгадвалі б ужо дарослыя людзі і раілі пачытаць пра яго сваім дзецям і ўнукам.


Топ-7 бестселераў сярод дзіцячай літаратуры (па версіі Цэнтральнай кнігарні Мінска)


Свэн Нурдквіст “Як Фіндус згубіўся, калі быў маленькі” і “Блінны торт” (“Кніга-збор”, 2016). Гэта дзве свежыя кнігі вядомага шведскага аўтара, якія пераклала на нашу мову Надзея Кандрусевіч. Героі кніг — сімпатычныя і забаўныя Пэтсан і Фіндус — вельмі папулярныя па ўсім свеце. Казкі пра іх перакладзены больш чым на 30 моў. Цяпер і на беларускую.

Андрэй Хадановіч “Нататкі таткі” (“Медыял”, 2015). Гэта першая спроба паэта і перакладчыка Андрэя Хадановіча пісаць для дзяцей. І, мяркуючы па водгуках, спроба нядрэнная. Бо паэт піша пра ўсё тое, што давялося прайсці яму і яго дачцэ Алене. Ёсць творы пра ровар і коўзанку, пра катанне на арэлях і скаканне на батуце, пра 1 верасня і Новы год.

Зборнік “Вечерняя сказка” (“Мастацкая літаратура”, 2016). Гэта серыя з чатырох кніг, кожная з якіх прысвечана адной з пор года. Пакуль свет убачылі толькі два выданні — вясновыя і летнія казкі народаў свету. Кнігі поўныя яркіх фарбаў, дзіўных гісторый і запамінальных герояў.

Джані Радары “Прыгоды Чапаліны” (“Харвест”, 2015). Цудоўна ілюстраваная і перакладзеная на беларускую мову аповесць-казка вядомага італьянскага пісьменніка Джані Радары. Герой аповесці ўсім добра вядомы — гэта хлопчык-цыбулінка Чыпаліна, які вандруе па казачнай краіне, абараняючы беднякоў і змагаючыся са злодзеямі.

Іван Сяркоў “Мы з Санькам...” (“Мастацкая літаратура”, 2015). Кніга з’яўляецца перавыданнем шырока вядомых сярод юных чытачоў аповесцей Івана Сяркова “Мы з Санькам у тыле ворага”, “Мы — хлопцы жывучыя”, “Мы з Санькам — артылерысты...”, у якіх ёсць месца і падарожжам, і гумару, і мудрым высновам.

“Першае каханне” (“Мастацкая літаратура”, 2016). У зборніку апавяданняў і аповесцяў беларускіх аўтараў Уладзіміра Аляхновіча, Міколы Гамолкі, Міхася Зарэмбы, Міхася Лынькова і іншых чытач знойдзе шмат гісторый пра першае каханне, сяброўства і прыгоды.

Сяргей Давідовіч “Дзедава жалейка” (“Мастацкая літаратура”, 2015). У кнігу вядомага паэта і празаіка Сяргея Давідовіча ўвайшлі казкі, якія вучаць дзяцей спагадлівасці, сумленнасці, шчырасці. Аўтар распавядае пра прыгоды Бычэчка Воліка, Павука і Мухі-весялухі, Зайкі і Зайчыка і многае іншае.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter