Кнiга застаецца з чалавекам

Толькi тры днi (з 15 па 17 лютага) у Мiнску, у Нацыянальным выставачным цэнтры “БелЭКСПА” (вул.Я.Купалы, 27), будзе праходзiць адзiн з самых буйных i аўтарытэтных кнiжных форумаў на постсавецкай прасторы — ХII Мiнская мiжнародная кнiжная выстава-кiрмаш “Кнiгi Беларусi-2005”. Сёлета ў кнiжчыным свяце бяруць удзел звыш 500 экспанентаў. Па словах Iгара Лапцёнка, намеснiка мiнiстра iнфармацыi нашай краiны, старшынi аргкамiтэта выставы-кiрмашу, гэта той зададзены рубеж, якi ўдалося ў рэшце рэшт пераадолець толькi цяпер... Акрамя беларускiх удзельнiкаў, сваю прадукцыю выставяць расiйскiя i ўкраiнскiя кнiгавыдаўцы i кнiгараспаўсюджвальнiкi. Менавiта яны разам з гаспадарамi ўтвораць асноўнае дэманстрацыйнае ядро экспазiцыi. Але не варта думаць, што кнiжны кiрмаш абмяжуецца толькi трыма краiнамi-ўдзельнiцамi. Асобнымi экспазiцыямi i iнфармацыйнымi стэндамi будзе прадстаўлена выдавецкая прадукцыя такiх краiн, як Славакiя, Францыя, Лiтва, ЗША, Германiя, Кiтай, Швецыя, Казахстан, Кыргызстан...

Толькi тры днi (з 15 па 17 лютага) у Мiнску, у Нацыянальным выставачным цэнтры “БелЭКСПА” (вул.Я.Купалы, 27), будзе праходзiць адзiн з самых буйных i аўтарытэтных кнiжных форумаў на постсавецкай прасторы — ХII Мiнская мiжнародная кнiжная выстава-кiрмаш “Кнiгi Беларусi-2005”. Сёлета ў кнiжчыным свяце бяруць удзел звыш 500 экспанентаў. Па словах Iгара Лапцёнка, намеснiка мiнiстра iнфармацыi нашай краiны, старшынi аргкамiтэта выставы-кiрмашу, гэта той зададзены рубеж, якi ўдалося ў рэшце рэшт пераадолець толькi цяпер... Акрамя беларускiх удзельнiкаў, сваю прадукцыю выставяць расiйскiя i ўкраiнскiя кнiгавыдаўцы i кнiгараспаўсюджвальнiкi. Менавiта яны разам з гаспадарамi ўтвораць асноўнае дэманстрацыйнае ядро экспазiцыi. Але не варта думаць, што кнiжны кiрмаш абмяжуецца толькi трыма краiнамi-ўдзельнiцамi. Асобнымi экспазiцыямi i iнфармацыйнымi стэндамi будзе прадстаўлена выдавецкая прадукцыя такiх краiн, як Славакiя, Францыя, Лiтва, ЗША, Германiя, Кiтай, Швецыя, Казахстан, Кыргызстан...

Як i раней, адзiн з самых унушальных павiльёнаў (i па плошчы, i па багаццi прадстаўленых кнiг) — беларускi. 320 кнiгавыдаўцоў i распаўсюджвальнiкаў кнiжнай прадукцыi з нашай краiны выставяць сваю прадукцыю. Перш за ўсё гэта дзяржаўныя выдавецтвы, такiя як “Мастацкая лiтаратура”, “Беларуская энцыклапедыя iмя П.Броўкi”, “Беларусь” ды шэраг iншых, якiя прадэманструюць звыш 300 кнiжных навiнак. Беларускi раздзел кiрмашу — гэта яшчэ i шматлiкiя экспазiцыi недзяржаўных выдавецтваў, сярод якiх аматарам кнiгi добра знаёмыя “Харвест”, “Кнiжны дом”, “Хэлтан”, “Амалфея”, “Юнiкласiк”, “Кавалер Паблiшэрс” i шмат iншых. За тое, што Мiнская мiжнародная выстава-кiрмаш з кожным годам набiрае аўтарытэту, папулярнасцi ў свеце, гаворыць i той факт, што сёлета (зноў жа ўпершыню) выставачная плошча кiрмашу перавышае 2000 квадратных метраў, на трыста квадратаў болей, чым у мiнулы раз. I яшчэ... Пад рознiчны гандаль (што надзвычай важна для простых наведвальнiкаў, а таксама бiблiяфiлаў, калекцыянераў) на гэты раз адведзена 1000 квадратных метраў. Павiльён размешчаны на другiм паверсе “БелЭКСПА”. Увогуле мiнскiя кнiжныя кiрмашы абвяргаюць сцвярджэнне, што кнiга, як такая, страцiла сваю прыцягальную сiлу для насельнiцтва. Безумоўна, Iнтэрнэт, тэлебачанне крыху пацяснiлi яе. Але не настолькi, каб казаць, што друкаванае слова стала нiкому непатрэбным. Iншая справа, што патрабаваннi да кнiгi — як з пункту гледжання зместу, тэматычнай разнастайнасцi, так i з пункту гледжання мастацкага афармлення, дызайну, палiграфiчнага выканання — сталi выключна высокiмi. Рынак усё расставiў па сваiх месцах: за немалыя грошы (а кнiга цяпер сапраўды дарагая) пакупнiк не можа не патрабаваць адпаведнай якасцi. Пры iншым раскладзе выдаўцы iмгненна прагараюць фiнансава... I апошнiя, варта аддаць iм належнае, лiтаральна за дзесяць мiнулых гадоў зрабiлi неверагодны якасны скачок. Але тым не менш будзем аб’ектыўнымi: статыстыка сведчыць, што ў параўнаннi з электроннымi носьбiтамi iнфармацыi кнiга паступова, аднак усё ж страчвае свае былыя пазiцыi. Прыкладам, у нашай краiне ў 2004 годзе было выдадзена 8198 найменняў кнiжнай прадукцыi агульным тыражом 31,6 млн. экземпляраў. У параўнаннi з папярэднiм годам (2003) усе асноўныя паказчыкi паменшылiся: колькасць назваў — на 10,4 працэнта, тыраж — на 34,7 працэнта. Такая ж сiтуацыя назiраецца i ў большасцi iншых краiнах. Што ж, застаецца хiба што задаволiцца маласуцяшальным жартам: у кнiжцы па-ранейшаму самае цiкавае i карыснае тое, што яна не абрываецца на самым цiкавым месцы для рэкламнай паўзы... Ну, а калi больш сур’ёзна, то ёсць у нас, беларусаў, i падставы для пэўнага задавальнення. Скажам, сярэднi тыраж адной кнiгi склаў у 2004 годзе 3,9 тыс. экземпляраў. На аднаго жыхара нашай краiны выдадзена 3,2 кнiгi. Можа, i не так шмат, але ж i чытаюць зараз далёка не ўсе... I ўжо па-сапраўднаму грэе душу той факт, што на беларускай мове ў 2004 годзе выпушчана 919 найменняў кнiг i брашур агульным тыражом 3,63 млн. экземпляраў, што ў параўнаннi з папярэднiм годам больш па назвах i тыражу на 7 працэнтаў. Добра, каб гэта стала неабарачальнай тэндэнцыяй... Беларускiм выдаўцам, палiграфiстам, без перабольшання, ёсць чым ганарыцца, калi ўзяць пад увагу як творчыя дасягненнi за мiнулы год, так i чыста вытворчыя. Наогул 2004 год пазначаны шэрагам знакавых кнiгавыдавецкiх падзей: завершаны выпуск унiверсальнай 18-томнай “Беларускай энцыклапедыi”; практычна рэалiзаваны унiкальны выдавецкi праект па выпуску гiсторыка-дакументальных Хронiк Памяцi гарадоў i раёнаў Беларусi (144 з 146 кнiг); бiблiятэкi краiны атрымалi бясплатна 34 назвы сацыяльна значных для грамадства кнiг агульным тыражом 64 тыс. экземпляраў, сярод якiх апошнiя тамы “Беларускай энцыклапедыi”, чарговыя тамы класiкаў беларускай лiтаратуры I.Шамякiна i К.Крапiвы, выданнi для дзяцей, навуковую i даведачную лiтаратуру. Нарэшце, ажыццёўлены выпуск усiх падручнiкаў для агульнаадукацыйных i спецыяльных школ. I ўсё гэта зроблена своечасова i на высокiм якасным узроўнi. ...На ўсiм вядомым, аўтарытэтнейшым Франкфурцкiм кнiжным кiрмашы па традыцыi арганiзуецца спецыяльны стэнд з самымi лепшымi ў свеце школьнымi падручнiкамi. Дык вось, у мiнулым годзе гэты стэнд упрыгожвалi адразу пяць беларускiх падручнiкаў. Нават ад Злучаных Штатаў Амерыкi iх было меней... Але вернемся ў Нацыянальны выставачны цэнтр “БелЭКСПА”... Урачыстае адкрыццё ХII Мiнскай мiжнароднай кнiжнай выставы-кiрмашу адбудзецца ў аўторак а 12-й гадзiне. Для наведвальнiкаў кiрмаш-свята будзе дзейнiчаць тры днi. I яшчэ важная iнфармацыя: пенсiянерам, iнвалiдам, дзецям да 12 гадоў i арганiзаваным групам школьнiкаў — уваход свабодны. Не будзем жа марудзiць, а паспяшаем на сустрэчу з яе Вялiкасцю Кнiгай. Яна ўсё яшчэ — нiчым не заменны скарб.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter