На чым сёння «выязджаюць» бібліёбусы? Карэспандэнт «Р» шукала адказ на Лоеўшчыне

Кніга на колах

Больш як да сямі сотняў чытачоў Лоеўшчыны «кніга» прыязджае сама. Так у народзе называюць бібліёбус. З’явіўся ён у раёне ў 2011 годзе. За гэты час колькасць маршрутаў вырасла ўдвая. Летам перасовачная бібліятэка зазірае не толькі ў кожны дом, але і да сваіх занятых чытачоў на малочна-таварныя фермы, у машынна-трактарныя паркі гаспадарак. Акрамя кніг вяскоўцам прапануюць часопісы і газеты — як-ніяк, гэта адзіны аўтобус у вобласцi, які мае сваю падпіску. Што часцей за ўсё гартаюць лаяўчане, даведвалася карэспандэнт «Р».

Так выглядае перасовачная бiблiятэка на Лоеўшчыне

З кабінета дырэктара Лоеўскай цэнтральнай раённай бібліятэкі Тамары Навуменка адкрываецца надзвычай прыгожы від на шырокі Днепр. Непадалёк у яго ўпадае Сож, і рака на вачах раздзімаецца, як важны паўлін, несучы свае воды ў Чорнае мора. Нядзiўна, што Тамару Сцяпанаўну гэтая карціна натхняе. Без справы дырэктар не сядзіць і стараецца прыдумаць, чым здзівіць і парадаваць чытачоў. Вось і, здавалася, банальную ідэю замены бібліятэк на машыну з кнігамі абыгралі:

— Наш «Пежо Баксёр» выдзелілі нам па праграме развіцця вёскі. На заводзе мы адразу ж пераабсталявалі яго пад грузапасажырскі. Восем месцаў пакінулі. Нездарма: там могуць размясціцца чытачы і спакойна выбраць кнігі. Месца хапае і артыстам, спецыялістам, якіх бяром з сабой. Хоць першы год работы быў няпростым. Тады вяскоўцы ставіліся насцярожана да незнаёмай машыны, не разумелі, як бібліятэка можа размясціцца ў мікрааўтобусе. Затое цяпер яе ўсе ведаюць і чакаюць.

Самае плённае супрацоўніцтва — з аўтаклубам гарадскога цэнтра культуры

Папулярнасць бібліёбуса настолькі пайшла ўгару, што да яго паслуг пажадалі далучыцца жыхары вёсак, дзе ёсць звычайныя бібліятэкі. Прыцягнулі вяскоўцаў дастаўка дадому, магчымасць жывых зносін. Ды і перасовачны фонд, а гэта чатыры стэлажы прыкладна з тысячай кніг, кожны раз камплектуюць непасрэдна пад іх:

— Мы ў літаральным сэнсе ведаем усіх сваіх чытачоў у твар. За ўвесь час ужо вывучылі iх перавагі. Каб вы разумелі: у нас сфарміравана 10 маршрутаў па 44 населеных пунктах. Ёсць маршруты па 3—4 вёсках, а ёсць і такія, што складаюцца з 7—8. Перасовачным спосабам абслугоўваем больш за сем сотняў чалавек. Траціна — працаздольнага ўзросту. Прыемна бачыць, што некаторыя вёскі атрымліваюць другое дыханне. Заўважылі: людзі на кожным маршруце адрозніваюцца, адрозніваюцца і іх перавагі. Напрыклад, ёсць «гасцінны» маршрут — там нас заўсёды чакаюць. А ёсць і «строгі», гэта зарэчная зона, жыхары там вельмі строга сочаць за графiкам. Або вось яшчэ «беларускамоўны» — там толькi так разыходзяцца нашы аўтары. Ёсць вёскі, дзе чытаюць ваенную прозу, мемуары, дэтэктывы. Або ў топе, бывае, кнігі па сельскай гаспадарцы. Так, прыйшлося аднойчы паваждацца, калі чытач папрасіў прывезці яму кнігу пра тое, як вырошчваць трусоў-гігантаў. Такіх не знайшлі. Шукалі інфармацыю для яго ў інтэрнэце.

Тамара НАВУМЕНКА.

Дарэчы, заўважана: кнігі нашых аўтараў на Лоеўшчыне разыходзяцца лепш. Напэўна, таму, што апісанае ў іх блізкае нашым чытачам. Разумеючы гэта, бібліятэкары распрацавалі праект «Беларускай кнізе — сельскі адрас» і сталі «прасоўваць» класікаў і сучасных аўтараў. Вынік парадаваў — чытачоў прыбавiлася, а цікавасць да нашых кніг вырасла. У топе Мележ, Шамякін, Марчук. З сучасных пісьменнікаў — Крымаў, Батракова, Клімковіч.

Акрамя кніг здзіўляюць чытачоў і шырокай падпіскай бібліёбуса — такім не валодае ні адзін у вобласці. Тут чатыры з лішнім дзясяткі камплектаў папулярных газет і часопісаў. Прэсу і кнігі забіраюць пачкамі. У прамым сэнсе: адпраўляецца аўтобус па маршрутах раз у месяц.

Чытачам прапануюць выцягнуць білет з пытаннем, чаго ім не хапае, а адказы раяць пашукаць з кнігай

Самі вяскоўцы рады, што ў бібліёбусе могуць раздрукаваць патрэбную інфармацыю, зрабіць ксеракопію — раней паперы даводзілася перадаваць у горад. А яшчэ разам з «кнігай» прыязджаюць спецыялісты тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Яны на месцы тлумачаць нюансы налічэння пенсіі, падзелу зямельных участкаў, працаўладкавання. Але самае плённае супрацоўніцтва — з аўтаклубам гарадскога цэнтра культуры. Яго артысты з задавальненнем адпраўляюцца ў імправізаваныя турнэ. Такіх сумесных візітаў вяскоўцы чакаюць як свята.

Кожны раз пад пэўны маршрут фармiруецца i перасовачны фонд

Каб зрабіць разнастайным вольны час жыхароў Лоеўскага раёна, бібліятэкары ладзяць выязныя пасяджэнні клуба аматараў паэзіі, які працуе пры цэнтральнай раённай бібліятэцы. У планах — наладзіць супрацоўніцтва з удзельнікамі клуба творчых сустрэч «Стрыжань» Рэчыцкай цэнтральнай раённай бібліятэкі, зрабіць іх сходы выязнымі і пастаяннымі. А пакуль у вёсках iдзе акцыя «Вазьмі з сабой добры настрой». Чытачам прапануюць выцягнуць білет з пытаннем, чаго ім не хапае — шчасця, здароўя, настрою... Адказы прапануюць пашукаць зноў жа з кнігай у руках. І з невялікім дэсертам у дадатак. Гарбата таксама прыкладаецца — з зёлак, сабраных на самым экалагічным маршруце. Чытачоў трэба здзіўляць, праз эмоцыі і асабістыя зносіны прыцягваць да кніг, упэўнена Тамара Навуменка: «Вёска, у якой чытаюць, яшчэ доўга будзе жыць».

druk@sb.by

 Фота з архiва Лоеўскай ЦРБ i аўтара
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter