Кніга — усяму галава. Попыт на літаратуру не змяншаецца, але ўсё часцей яе заказваюць праз Інтэрнэт

Учора ў Мінску адкрылася новая бібліятэка — № 22: не замест нейкай старой, а пабудаваная з нуля. Летась жа ў краіне з’явілася дванаццаць чытальняў. Тым часам бібліятэкары рыхтуюцца да новай эпохі: калі чытачы будуць прасіць выслаць патрэбную ім літаратуру... на e-mail.

Нацыянальная бібліятэка ўжо сёння дае магчымасць сваім наведвальнікам шукаць патрэбныя матэрыялы па электронным каталогу, размешчаным на сайце nlb.by. Паводле Людмілы Кірухінай, намесніка дырэктара бібліятэкі, цяпер ідзе работа над стварэннем Нацыянальнай электроннай бібліятэкі. Ужо алічбавана больш за 40 тысяч дакументаў. Аднак гэта толькі пачатак. У той жа час Нацыянальная бібліятэка атрымала доступ да электроннай бібліятэкі старадрукаў Еўропы і мае магчымасць пасылаць звесткі пра нашы рарытэты на Захад.
Камп’ютэрызацыя і інтэрнэтызацыя ў Беларусі пачыналася між тым з галіновай — Рэспубліканскай навукова-тэхнічнай бібліятэкі. Яе дырэктар Раіса Сухарукава з гонарам гаворыць, што тут захоўваюцца патэнтныя дакументы на ўсе вынаходкі, зробленыя ў краіне, а таксама акумулюецца інфармацыя пра новыя адкрыцці замежных вучоных.
— Стварэнне дакладнай электроннай базы даных можа істотна паўплываць на навукова-тэхнічны прагрэс, — лічыць Раіса Нікандраўна. — Не трэба прыдумляць таго, што ўжо “адкрыта”. Еўрапейская камісія падлічыла, што з-за паўторнага стварэння тэхналогій (лічыце, бясконцага вынаход-ніцтва ровараў) штогод выкідаецца на вецер каля 20 мільярдаў еўра.
Іначай кажучы, якім бы разумным ты ні быў, але кніжкі чытаць трэба! Дарэчы, за мінулы год толькі адну Нацыянальную бібліятэку наведалі два з паловай мільёны чалавек: непасрэдна ў чытальных залах і праз Інтэрнэт. Аднак не толькі ў сталіцы існуе попыт на кнігу. І інавацыйныя тэндэнцыі з Мінска хутка пашыраюцца на рэгіёны.
— Цяпер ствараецца адзіная інфармацыйная прастора паміж бібліятэкамі, — расказвае пра даволі блізкую перспектыву Наталля Аўдзеева, начальнік упраўлення ўстаноў культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры. — Да канца года амаль усе бібліятэкі, хіба што за выключэннем некаторых зусім аддаленых, будуць на сто працэнтаў камп’ютэрызаваны. Паводле Дзяржаўнай праграмы развіцця сяла ў кожным аграгарадку павінна быць свая бібліятэка. А летась зафіксаваны пераломны момант: упершыню за пяць год бібліятэкамі атрымана кніг на 606 тысяч экземпляраў больш, чым спісана.
Падстаў для песімізму ў бібліятэчнай справе, мяркуе Наталля Пятроўна, сёння няма. Бібліятэкі зачыняюцца — так. Але адбываецца гэта ў выключных выпадках.
— За шэсць апошніх год у краіне стала на 64 бібліятэкі менш, — канстатуе Наталля Чуева, старшыня Беларускай бібліятэчнай асацыяцыі, дырэктар Мінскай абласной бібліятэкі імя Пушкіна. — Але прычына ляжыць на паверхні: скарачаецца ж колькасць насельніцтва. Дый знікненне чытальняў, бывае, звязана з перыарыентацыяй іх на іншую дзейнасць. Часам гэта ўстановы, спалучаныя з іншымі — клубамі, напрыклад. Калі клубны работнік актыўны — справы лепш ідуць у клубе. Калі бібліятэкар апрача выдачы кніг арганізуе гурткі мастацкай самадзейнасці — людзі горнуцца да яго. Увогуле, паводле Закона аб бібліятэчнай справе ніводная кніжная скарбніца не можа быць закрыта без важкіх падстаў, а тым больш пераведзена ў горшае памяшканне.
Што да папулярнасці літаратуры, то, на думку Галіны Слесарэнкі, дырэктара Барысаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Івана Каладзеева, многае залежыць ад сродкаў масавай інфармацыі: “Людзі часта прыходзяць у бібліятэку, даведаўшыся пра нейкую кнігу з газеты”. А тое, што сапраўдную кнігу, як і папулярную газету не заменіць Інтэрнэт — больш чым відавочна. Значыць, і вечнае пытанне “як прайсці ў бібліятэку?” ніколі не страціць сваёй актуальнасці.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter