Кнігі — думак караблі.

Упершыню на XIX Мінскай міжнароднай кніжнай выставе-кірмашы з’явіліся тэматычныя дні.
У павільёне БелЭКСПА ў гэтыя дні мнагалюдна як ніколі. Адны прыйшлі на кніжны форум набыць кнігу — яны тут значна таннейшыя, чым у кнігарнях. Іншыя — проста акунуцца ў атмасферу свята кнігі, мастацтва, духоўнасці.
Камусьці  можа падацца дзіўным, як выстава, што праходзіць у краіне дзевятнаццаты год запар, можа не надакучыць. Але ж ні ў якай кнігарні краіны вы не ўбачыце адразу столькі разнастайнай літаратуры ды адразу з дваццаці краін. Не сустрэнеце вы там і столькі пісьменнікаў і паэтаў. У гэтыя дні на кніжным кірмашы можна пагутарыць з расійскім пісьменнікам Алексам Кошам, украінскай фантасткай Аксанай Панкеевай, амерыканскай літаратаркай Сінціяй Лорд, французам Аліўе дэ Сальмінакам, беларускай паэткай Раісай Баравіковай, якая прэзентавала свой зборнік вершаў “Сад на шляпке возлюбленной”. Кожнае выдавецтва стараецца як мага прыцягнуць чытача. Напрыклад, прадстаўляючы  кнігу “Алімпіяды школьнікаў па хіміі”, выдавецтва “Народная асвета” разам з аўтарам кнігі Віктарам Хвалюком правяло на сваім стэндзе хімічныя вопыты,  а  “Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі” падчас  прэзентацыі альбома “Сучасная беларуская выцінанка” здзівіла чытачоў майстар-класам па гэтаму ўнікальнаму беларускаму рамяству.
— Сёлетняя кніжная выстава плённа працуе адразу на некалькіх тэматычных пляцоўках, — гаворыць першы намеснік міністра інфармацыі Лілія Ананіч. — Для таго каб наша нацыянальнае кнігавыданне было яшчэ больш прафесійным і яшчэ больш адпавядала сучасным тэхналогіям, збіраемся з калегамі на брыфінгах, канферэнцыях, круглых сталах.
Найбольш хвалюючай аказалася праблема выжывання кнігі і актывізацыі чытання ва ўмовах фарміравання электроннага асяроддзя. “У кнігі ёсць вялікі канкурэнт — тэлебачанне, — адзначыў у інтэрв’ю “НГ” сын беларускага песняра Якуба Коласа Міхась Міцкевіч. — Экраны забівае папса, а гэта разбэшчвае падрастаючае пакаленне і адбірае ў іх час, які яны маглі б прысвяціць кнізе. Менш чытаюць зараз яшчэ і таму, што ў школьнай праграме скарочаны курсы па літаратуры. Не толькі па беларускай. А што, як не літаратура, можа выхаваць сапраўднага чалавека?! Амаль не гучыць паэтычнае слова на радыё. А раней мы з такім захапленнем слухалі радыёспектаклі па творах Уладзіміра Караткевіча, Марка Твэна, Мікалая Гогаля... А калі гаварыць пра паэзію беларускую, дык яе трэба чытаць і чытаць! Калі чалавек чытае кнігу, ён атаясамлівае сябе з галоўным героем і не робіць ўжо тых памылак, якія мог бы дапусціць.
З’явілася сёлета на выставе і такая навінка, як тэматычныя дні. Учора, да прыкладу, можна было трапіць на Дзень расійскай кнігі, а сёння — на Дзень духоўнай, падчас якога можна будзе паразважаць пра ролю кнігі ў выхаванні дзяцей, пагутарыць са святарамі, паслухаць вершы і вакальны ансамбль “Благавест”.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter