Праваахоўны орган — значыць той, які ахоўвае права. Наша права! На жыццё, здароўе, бяспеку.

Ключавое звяно праваахоўнай сістэмы

Праваахоўны орган — значыць той, які ахоўвае права. Наша права! На жыццё, здароўе, бяспеку
Беларусь — гэта дзяржава для народа. Сказаныя Прэзідэнтам словы сталі для нас прывычнымі, мы іх успрымаем як лозунг. Яны ўжо ў гэтай якасці дарагога вартыя, таму што фармулююць філасофію нашай дзяржавы. Але лозунг мае і практычны сэнс. Для прадстаўнікоў улады ён служыць выразным арыенцірам, кіраўніцтвам да дзеяння, для грамадзян — крытэрыем, які дазваляе ацаніць дзеянні любога кіраўніка. Але не падлягае сумненню, што ўсе канцэптуальныя рашэнні нашай дзяржавы апошніх гадоў — у эканоміцы, палітыцы, сацыяльнай сферы, галіне права — дыктуюцца выключна гэтым крытэрыем: выгодай чалавека, народа. Адно з важнейшых у гэтым шэрагу рашэнняў — стварэнне Следчага камітэта. Будучы толькі часткай праваахоўнай сістэмы, ён адначасова з’яўляецца яе ключавым, інтэгруючым звяном, аказваючы ўплыў на работу міліцыі, органаў дазнання, суда, пракуратуры... Тут таксама важны глыбінны сэнс слоў, які часам губляецца ад частага іх ужывання. Праваахоўны орган — значыць той, які ахоўвае права. Наша права! На жыццё, здароўе, бяспеку. Гэта асабліва падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся да калектыву Следчага камітэта падчас яго наведвання ў чэрвені 2013 года: “Вы заўсёды павінны памятаць, што ў вашых руках лёс чалавека”.


Старшыня Следчага камітэта
Валянцін Шаеў

Як рэалізуецца гэты наказ і патрабаванне ў паўсядзённай рабоце, як адлюстроўваецца ў яе выніках, чаму Беларусь мае права ганарыцца стварэннем новага права­ахоўнага органа, як наогул суадносяцца следства і правы чалавека — пра гэта ў гутарцы з нашым карэспандэнтам расказвае старшыня Следчага камітэта Валянцін Шаеў.

— Валянцін Пятровіч, некалькі гадоў прайшло з моманту пачатку работы Следчага камітэта ў новай якасці. Ён стаў першай магутнай праваахоўнай структурай, якая была створана ў незалежнай Беларусі фактычна нанава: іншыя дзяржаўныя органы дасталіся нам ад СССР і галоўным чынам рэфармаваліся. Як бы вы ацанілі вынікі гэтых гадоў?


— Нагадаю, што прынцыповае рашэнне пра аб’яднанне ўсіх следчых падраздзяленняў краіны было прынята чатыры гады назад — 2 жніўня 2011 года на нарадзе пад кіраўніцтвам Прэзідэнта па пытаннях удасканалення сістэмы органаў папярэдняга расследавання. Указ № 409 “Аб утварэнні Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь” Прэзідэнт падпісаў 12 верасня.

Сёння можна ўпэўнена канстатаваць, што дзяржаве і яе грамадзянам не прыйшлося шкадаваць аб стварэнні такой праваахоўнай структуры: рашэнне было своечасовым і правільным. Самае галоўнае: гэта дало магчымасць узмацніць, зрабіць больш эфектыўнай абарону правоў і законных інтарэсаў грамадзян у дасудовай крымінальнай вытворчасці, дало магчымасць ухіліць дублюючыя функцыі праваахоўных органаў і аптымізаваць бюджэтныя расходы... Станоўчая дынаміка паказчыкаў следчай работы чарговы раз даказвае, што рашэнне аб самастойным папярэднім следстве было своечасовым і слушным.

Але калі дазволіць сабе эмоцыі, то я назваў бы стварэнне Следчага камітэта самым грандыёзным дзяржаўным праектам пяцігоддзя. Адначасова і ўнікальным: нічога падобнага і ў такія кароткія тэрміны ў іншых краінах не рабілася.

— Нагадайце, калі ласка, чым матывавалася яго стварэнне?

— Раней папярэдняе расследаванне ажыццяўлялася следчымі пракуратуры, органаў унутраных спраў, дзяржаўнай бяспекі, фінансавых расследаванняў... Усе яны ўваходзілі ў структуру адпаведных ведамстваў. Але ва ўсе часы аб’ектыўна адчувалі сябе асаблівым, самастойным суб’ектам адносінаў. Калісьці і я лічыў сябе ў першую чаргу следчым, а ўжо потым работнікам пракуратуры. Так думалі многія калегі.

Аднак раз’яднанасць не ішла на карысць агульнай справе: у ведамствах былі розныя падыходы да практычнага прымянення крымінальнага заканадаўства. Ідэя рэформаў у сістэме папярэдняга расследавання не новая. Спробы стварыць у Беларусі адзіны следчы орган прадпрымаліся двойчы, у канцы 80-х і 90-х гадоў. Давесці іх да канца не ўдалося, спрацавалі ведамасныя інтарэсы. Вынік — з прычыны розных абставінаў праекты “адзінага папярэдняга следства” так і не былі рэалізаваныя.

Якасць расследавання, мякка кажучы, пакідала жадаць лепшага — на гэта звяртаў увагу Прэзідэнт. Дайшло да таго, што дзве трэці апраўдальных прысудаў выносіліся судамі з-за таго, што следчыя нядобрасумленна выконвалі свае абавязкі. Здаралася і адкрытая фальсіфікацыя матэрыялаў... Невінаватыя, бывала, адпраўляліся за краты, а злачынцы пазбягалі крымінальнай адказнасці. А гэта перш за ўсё скалечаныя лёсы людзей! Пра якую справядлівасць закона тады можа ісці размова?

У 2011 годзе выказваліся розныя меркаванні, у тым ліку і асцярогі, пачынаючы ад раздутых штатаў, слабай кіруемасці на месцах, паніжэння якасці следства ў пераходны перыяд і многае іншае. Але Прэзідэнт праявіў палітычную волю і рашучасць: незалежнаму следству быць! Ужо сам факт прыняцця гэтага рашэння даў станоўчы эфект...

Былі пастаўлены канкрэтныя задачы: Следчы камітэт павінен з 1 студзеня 2012 года пачаць функцыяваць у поўным аб’ёме. Рэфармаванне следчага апарата — гэта не мэта, а сродак павышэння якасці яго работы, падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. У кароткія тэрміны, фактычна за тры месяцы была праведзена каласальная работа ад стварэння нарматыўна-прававой базы і падбору супрацоўнікаў новага ведамства да вырашэння матэрыяльна-бытавых пытанняў.

На рашэнні пастаўленых задач былі сканцэнтраваныя вялікія дзяр­жаўныя рэсурсы: інтэлектуальныя, палітычныя, фінансавыя, арганізацыйныя.

Дастаткова сказаць, што напярэдадні стварэння і ў першы год існавання камітэта было распрацавана і прынята больш за 300 нарматыўных актаў, якія рэгулююць усе аспекты нашай работы, уключаючы і Закон “Аб Следчым камітэце Рэспублікі Беларусь”. Уявіце, з якой інтэнсіўнасцю ўсё рабілася... У выніку без якіх-небудзь тэставых рэжымаў Следчы камітэт пачаў працаваць у поўную сілу з 1 студзеня 2012 года. Прычым адразу ж своеасаблівай праверкай на наш прафесіяналізм стала раскрытае забойства Юліі Ляшук, здзейсненае ў ноч напярэдадні.

Асцярогі адносна паніжэння якасці работы следства ў пераходны перыяд былі развянчаныя.

— Але існуюць розныя мадэлі арганізацыі следчай справы: чаму выбрана менавіта такая?


— Досвед іншых краін вывучаўся. Але шмат у чым Беларусь была першай. Не ўдаючыся ў дэталі, скажу, што ў Казахстане спрабавалі стварыць новую мадэль арганізацыі расследавання злачынстваў. Але пілотны праект прыпынены ў 2013 годзе. У Арменіі робяцца крокі да стварэння адзінага незалежнага следства: у 2014 годзе выдадзены адпаведны закон. Але там яшчэ трэба вырашыць нямала праблем, у прыватнасці, адносна ўзаемадзеяння праваахоўных органаў. У большасці краін на постсавецкай прасторы нават не спрабавалі правесці падобную рэформу.

Карысным аказаўся досвед Расіі, дзе з 2007 года дзейнічаў Следчы камітэт пры пракуратуры. Але практыка паказала неабходнасць больш дакладнага размежавання функцый пракурорскага нагляду і папярэдняга следства. Таму быў створаны Следчы камітэт як самастойны, падпарадкаваны Прэзідэнту федэральны орган.

Дарэчы, нашымі калегамі з Расіі ўзбуджаецца і расследуецца каля 10 працэнтаў ад усіх крымінальных спраў. Асноўную следчую нагрузку, як і раней, нясе МУС Расіі. Тут хацелася б адзначыць, што Следчым камітэтам Беларусі расследуецца 99,9 працэнта ад усёй колькасці крымінальных спраў у краіне. Астатнія прыпадаюць на Камітэт дзяржбяспекі.

— Усіх, хто прыязджае ў нашу краіну, здзіўляюць парадак і бяспека. Гэтыя ўражанні можна звесці да адной фразы: “У вас паўсюль можна спакойна гуляць днём і ноччу!”. У гэтым ёсць заслуга Следчага камітэта?


— Заўважу, што прыкладна да 2005 года назіраўся рост узроўню злачыннасці, а з 2006-га мы кожны год фіксуем змяншэнне колькасці зла­чынстваў. Хоць самае значнае па­дзенне адбылося менавіта ў 2012 годзе — на 22,7 працэнта!

Гэта толькі даказвае, што для абароны грамадзян, іх правоў і законных інтарэсаў прымаюцца сістэмныя, вывераныя ў часе і мэтанакіраваныя меры. Яны даюць плён. Паніжэнне ўзроўню злачыннасці або скарачэнне колькасці забойстваў нельга аднесці да заслуг нейкага аднаго органа. У цэлым жа паніжэнне злачыннасці — вынік комплекснай работы ўсёй праваахоўнай сістэмы на працягу многіх гадоў, прычым работы зладжанай, выбудаванай на высокім узроўні ўзаемадзеяння. Разумеючы знутры, як выбудоўваецца гэтае ўзаемадзеянне, магу сказаць, што роля Следчага камітэта значная. Гэта сур’ёзны крок у развіцці дзяржавы і грамадства, які выклікаў у тым ліку ўмацаванне законнасці і правапарадку. Паўтару: гэта ўнікальны і паспяховы праект.

— Вы гаварылі раней аб выніковасці, ёсць нешта паказальнае?

— Гаварыць аб паказальнасці не зусім правільна, ёсць станоўчая дынаміка, і яна вельмі пераканаўчая. Прынятыя Следчым камітэтам арганізацыйна-практычныя меры аказалі станоўчы ўплыў і на якасць папярэдняга расследавання, што ў сваю чаргу паўплывала на павышэнне раскрывальнасці злачынстваў (цяпер гэта амаль 70 працэнтаў, што на 10 працэнтаў больш у параўнанні з аналагічным перыядам 2011 года), а таксама на паніжэнне ў цэлым узроўню злачыннасці ў краіне. Да прыкладу, калі браць раскрывальнасць па забойствах, то мы набліжаемся да стапрацэнтнай раскрывальнасці — у цяперашні час дадзены паказчык складае 97,5 працэнта і з’яўляецца адным з лепшых паказчыкаў у краінах Еўропы. Такая ж сітуацыя і па цяжкіх цялесных, якія ў тым ліку выклікалі смерць, і па згвалтаваннях.

Калі праводзіць аналогію з паказчыкам раскрывальнасці ў краінах Заходняй Еўропы, то ў нас у краіне ён вышэйшы ў сярэднім на 15 працэнтаў.

Забеспячэнне прынцыпу няўхільнасці пакарання разам з павышэннем якасці расследавання дазволіла скараціць колькасць злачынцаў, якія знахо­дзяцца ў вышуку, асобаў, якія прапалі без весткі. Што датычыцца неапазнаных трупаў, то намаганнямі следчых і іх астатак на дадзены момант удалося паменшыць больш як на 12 працэнтаў у параўнанні з 2011 годам.

Калі гаварыць пра злачынцаў, якія знаходзяцца ў вышуку, то іх коль­касць скарацілася амаль на чвэрць у параўнанні з 2011 годам. На маю думку, своечасова злоўлены злачынец — гэта ўжо каласальны прафілактычны фактар. Адзначу, што следчаму даручана ажыццяўляць прафілактыку ў рамках крымінальна-працэсуальнага закона, высвятляць прычыны і ўмовы здзяйснення злачынстваў, уносіць прадстаўленні аб іх ухіленні. Бо практыка паказвае, што фактычна работа следчага накіравана на тое, каб прафілактаваць злачынствы.

Мяркуйце самі: выклікалі, дапусцім, суседа па доме на допыт у якасці падазраванага, ужо вось яна падстава задумацца ў тых, хто яго акаляе, што злачынствы заўсёды раскрываюцца, вось ён у наяўнасці вынік супрацьпраўнай дзейнасці — зловяць і пакараюць па строгасці закона. А калі прыехалі вобыск праводзіць... а праз некаторы час асудзілі чалавека, то, на маю думку, гэта ўжо прафілактычны стрэс для ўсёй вуліцы. Прынамсі, многія задумаюцца аб тым, што за здзяйсненнем злачынства заўсёды будзе пакаранне.

Гаворачы пра дынаміку павышэння якасці расследавання, нельга не сказаць і пра рэальную кампенсацыю шкоды падчас следстваў. Яна вырасла практычна на 10 працэнтаў. Сама лічба можа быць і не зусім паказальная, але асобна для кожнага пацярпелага і дзяржавы ў цэлым важная. Бо, звяртаючыся да нас па дапамогу, пацярпелы ў тым ліку жадае атрымаць кампенсацыю ад злачынных дзеянняў, у якіх ён стаў ахвярай. А гарантам вяртання, па сутнасці, з’яўляецца і арыштаваная маёмасць злачынцаў, а гэта прыкладна 125 працэнтаў ад агульнай сумы прычыненай шкоды.

Час — важны фактар у расследаванні крымінальных спраў, разумеючы гэта, мы імкнёмся да скарачэння тэрмінаў расследавання, захоўваючы пры гэтым якасць. Узнікае пытанне: чаму гэта важна? Паглядзім на гэтую сітуацыю вачамі пацярпелага і падследнага. Для першага — гэта перш з ўсё звязана з тым, што, чым хутчэй расследавана крымінальная справа, тым хутчэй будзе ўстаноўлена вінаватасць канкрэтных асобаў і адпаведна будуць прынятыя меры да пакрыцця прычыненай яму шкоды. І, самае галоўнае, хутчэй будуць адноўленыя яго законныя правы. Для другога — чаканне рашэння па крымінальнай справе больш эмацыйна складаны перыяд як для самога абвінавачанага, так і для яго блізкіх. Не сакрэт, што ў такі перыяд у людзей могуць узнікаць праблемы як на рабоце, так і ў побыце. Грамадскасць не праміне скарыстацца магчымасцю лішні раз пагаварыць з абвінаваўчым ухілам у адрас чалавека, які знаходзіцца пад следствам. Рашэнне па справе ўсё-такі ўносіць пэўную яснасць у яго далейшы лёс.

Што датычыцца павышэння аператыўнасці ў расследаванні, то за першае паўгоддзе 2015-га колькасць крымінальных спраў, расследаваных у тэрмін да аднаго месяца, у два разы перавышае паказчыкі ўсяго 2011 года. Ужо цяпер у такі тэрмін мы заканчваем каля 40 працэнтаў ад агульнай колькасці крымінальных спраў.

Немалаважна адзначыць, што ўзмацненне патрабаванняў да якасці следства і ўзважаны падыход да ацэнкі доказаў далі магчымасць скараціць колькасць крымінальных спраў, якія пракуроры вярталі для дадатковага папярэдняга следства. У 2011 годзе іх было 917, у 2014-216 — памяншэнне фактычна ў чатыры разы. Наша прыярытэтная задача — звесці да мінімуму такія факты. Калі ж браць апраўдальныя прысуды, то толькі ў 2011 годзе судамі такіх рашэнняў было вынесена ў дачыненні 333 чалавек, а за ўвесь час існавання Следчага камітэта ў дачыненні 98 чалавек. Скарачэнне ў разы...

Роля Следчага камітэта ў абароне правоў грамадзян і іх законных інтарэсаў адлюстроўваецца і ў колькасці вернутых органам дазнання матэрыялаў даследчых праверак, якія перадаваліся нам для ўзбуджэння крымінальных спраў. Тут мы прытрымліваемся прынцыпу: ні адзін грамадзянін не можа быць прыцягнуты да крымінальнай адказнасці пры адсутнасці дастатковых доказаў! Следчымі ў розны перыяд часу ў сувязі з адсутнасцю дастатковых дадзеных, якія паказваюць на прыкметы злачынства, вярталася да чвэрці такіх матэрыялаў, а ў некаторыя структуры амаль палова. А калі гаварыць у цэлым, з пачатку работы Следчым камітэтам у органы дазнання было вернута больш за 35 тысяч матэрыялаў!!!

Вядома, не толькі следчым органам заканадаўства дазваляе ўзбуджаць крымінальныя справы, але для расследавання яны ўсё роўна паступаюць да нас. Дык вось, дарэчы, у 2012 годзе больш як па 50 працэнтах такіх спраў мы спынілі крымінальнае праследаванне грамадзян па рэабілітуючых падставах, гэта значыць у сувязі з адсутнасцю складу злачынства. Фармальнае ўзбуджэнне крымінальнай справы — далёка не дасягненне і тым больш не паказчык якасці работы таго ці іншага падраздзялення праваахоўнай сістэмы краіны.

— У пачатку інтэрв’ю вы падкрэслілі, што работа следчага па ўстанаўленні прычын і ўмоў, што садзейнічалі здзяйсненню злачынстваў, і прыняцце мер па іх ухіленні — гэта ў тым ліку прафілактыка злачынстваў. Калі можна, падрабязней…

— Усё правільна, следчаму законам прама даручана высвятляць прычыны і ўмовы здзяйснення злачынстваў і ўносіць прадстаўленні аб іх ухіленні. У першым паўгоддзі прадстаўленні аб ухіленні парушэнняў закона, прычын і ўмоў, што садзейнічалі здзяйсненню злачынстваў, унесены намі ў розныя органы і арганізацыі па кожнай трэцяй справе. Пры гэтым больш за 3.500 прадстаўленняў следчыя давялі асабіста, да прыкладу, на агульных сходах калектываў, нарадах у арганізацыях, паседжаннях выканкамаў. У цэлым за час свайго існавання Следчы камітэт накіраваў больш за 122 тысячы прадстаўленняў. Па выніках іх разгляду па патрабаванні следства прынятыя меры рэагавання ў дачыненні 9.384 службовых асобаў, больш як 500 вызваленыя ад пасад. Па выяўленых пры расследаванні крымінальных спраў негатыўных фактах, што набываюць маштабы негатыўных тэндэнцый, практыкуем і накіраванне абагульненай інфармацыі па такіх праблемных пытаннях у органы ўлады. Да прыкладу, у чэрвені — ліпені накіраваныя два інфармацыйныя лісты ва Урад нашай краіны — аб неадкладным прыняцці мер па забеспячэнні бяспечнай эксплуатацыі дзіцячага гульнявога абсталявання і па забеспячэнні бяспекі дзяцей на аб’ектах забаўляльнай інфраструктуры. Аналізуючы крымінальныя справы аб махлярствах, толькі ў студзені 2015 года накіраваныя абагульненыя лісты ў Нацыянальны банк, Міністэрства па падатках і зборах, Генеральную пракуратуру...

— Я ведаю, што ведамства актыўна ўдзельнічае і ў нарматворчай дзейнасці.

— Мы ўжо згадвалі, што, расследуючы крымінальныя справы, следчыя нярэдка выяўляюць прабелы ў заканадаўстве. Адзін з такіх прыкладаў: пры расследаванні справы аб сурагатным мацярынстве мы ўстанавілі неэфектыўнасць кантролю за працэсам ажыццяўлення сурагатнага мацярынства. Падрыхтаваны шэраг прапаноў, якія накіраваны ў адрас нашага Урада.

З’яўляючыся адным з самых маладых праваахоўных ведамстваў, Следчы камітэт зрабіў даволі істотныя крокі і ў заканатворчай дзейнасці. Нашы заканадаўчыя ініцыятывы знаходзяць сваё адлюстраванне ў прымаемых нарматыўных прававых актах. Некаторыя прапановы ўвайшлі ў нядаўна падпісаны Кіраўніком дзяржавы Закон “Аб барацьбе з карупцыяй”. У Дэкрэце Прэзідэнта № 6 “Аб неадкладных мерах па процідзеянні незаконнаму абароту наркотыкаў” прапісаны меры па ўзмацненні адказнасці за збыт і ўжыванне наркотыкаў, гэта ў тым ліку паніжэнне ўзросту наступлення крымінальнай адказнасці за незаконныя дзеянні, звязаныя са збытам наркотыкаў, з 16 да 14 гадоў. Смела можна назваць новаўвядзеннем у нацыянальным крымінальна-працэсуальным заканадаўстве інстытут дасудовага пагаднення са следствам. Гэта своеасаблівая дамоўленасць паміж следчым і злачынцам: пры згодзе супрацоўнічаць і прадастаўляць органам крымінальнага праследавання значную інфармацыю яму гарантуецца паніжэнне максімальна магчымага тэрміну пакарання.

— Ці можна супаставіць агульную колькасць следчых да стварэння камітэта і цяпер?

— Іх стала менш на чвэрць. Пры фарміраванні штату была праведзена прынцыповая атэстацыя следчых на адпаведнасць займаемай пасадзе. У аснову адбору лёг у першую чаргу ўзровень прафесіяналізму. Ужо праз год на аснове дэталёвага аналізу стану спраў у падраздзяленнях Следчага камітэта і з улікам узроўню службовай нагрузкі на супрацоўнікаў былі праведзеныя арганізацыйна-штатныя мерапрыемствы ў 37 раённых, гарадскіх аддзелах. Некаторыя з якіх былі рэарганізаваныя ў міжраённыя і аб’яднаныя гарадскія аддзелы (Віцебск, Гомель, Баранавічы, Брэст, Пінск, Орша, Бабруйск, Гродна, Магілёў, Полацк). Гэта дазволіла ім дыслакавацца на адных плошчах і адпаведна эканоміць на абслугоўванні будынкаў, перагледзець колькасць абслуговага персаналу, выкарыстоўваемай аўтатэхнікі... Скарочана 16 раённых аддзелаў. Гэта дало магчымасць аптымізаваць нашу структуру, захаваўшы пры гэтым кваліфікаваны кадравы патэнцыял, а таксама вызваліць 70 адзінак штатнай колькасці ў цэнтральным апараце Следчага камітэта, упраўленнях Следчага камітэта па абласцях і г. Мінску, раённых, гарадскіх, раённых у гарадах аддзелах Следчага камітэта.

У бліжэйшы час плануецца скараціць прыкладна 120 штатных адзінак пераважна кіруючага складу і тылавых служб. Такое рэфармаванне прыводзіць не толькі да скарачэння пасад, але і да памяншэння расходаў на фінансаванне бягучай дзейнасці.

Тым самым павышаючы якасць, а таксама сам падыход да расследавання крымінальных спраў, мы змаглі не толькі аптымізаваць штат супрацоўнікаў, але таксама і зэканоміць немалую колькасць бюджэтных сродкаў, якія, у сваю чаргу, былі накіраваныя на іншыя сацыяльныя праграмы ў краіне.

— У любой рабоце адыгрывае ролю чалавечы фактар і застаецца рызыка прафесійнай памылкі. Як вы пераканаеце падследнага або пацярпелага, што ў іх справе такая памылка не будзе дапушчана? У якой меры наогул работа следчага індывідуальная? Або калектыўная? Ёсць каму яго паправіць?


— Вас, ды і, напэўна, многіх чытачоў, цікавіць пытанне, якое даты­чыцца карупцыйных праяў у нашых радах?! Мая пазіцыя па дадзеным пытанні была і будзе прынцыповай — жорсткае і поўнае выкараненне. Летась асабіста мною былі ўзбуджаны крымінальныя справы ў дачыненні падначаленых, якія дзеля мімалётнай нажывы паставілі на шалі такія словы, як “закон”, “справядлівасць”, “Айчына”. Некаторыя з іх ужо асуджаныя...

Адказваючы на само пытанне, магу сказаць, што дзеючая ў камітэце сістэма працуе на апярэджанне, каб магчымасць памылкі выключыць. Дзейнічаем у залежнасці ад абставінаў. Калі гэта малады следчы, то ў яго ёсць больш сталы настаўнік. Дасведчанаму супрацоўніку даручаюцца найбольш складаныя, шматэпізодныя крымінальныя справы. Пры неабходнасці ствараюцца следчыя групы. Існуе і так званы ўнутраны кантроль (такі кантроль называецца працэсуальным). Супрацоўнікі такіх падраздзяленняў займаюцца арганізацыяй і кантролем ходу расследавання і надзелены паўнамоцтвамі адмяняць няправільна прынятыя па крымінальных справах рашэнні. Незалежнае следства — не значыць бескантрольнае. Пракуратура адыгрывае сваю наглядную ролю. Пазней суд прымае канчатковае рашэнне аб вінаватасці чалавека.

— Раскажыце пра міжнароднае супрацоўніцтва вашага ведамства.

— На міжнароднай арэне нас ужо ведаюць як надзейнага і кампетэнтнага партнёра, здольнага аператыўна і якасна аказаць прававую дапамогу ў сферы процідзеяння злачыннасці. Удалося наладзіць канструктыўнае ўзаемадзеянне не толькі з праваахоўнымі органамі дзяржаў — удзельніц СНД — Следчым камітэтам Расійскай Федэрацыі, Следчым дэпартаментам МУС Расіі, МУС Казахстана, але і нашымі калегамі з іншых дзяржаў. Не так даўно адбылася рабочая сустрэча з прадстаўнікамі Федэральнага ведамства крымінальнай паліцыі ФРГ, ёсць ужо пэўныя дамоўленасці аб узаемнай прававой дапамозе з Пакістанам. Прафесіяналізм нашых супрацоўнікаў за паспяховае процідзеянне транснацыянальнай кіберзлачыннасці прызнаны і сусветнай фінансавай супольнасцю. Кампанія Visa высока ацаніла раскрыццё шэрага злачынстваў у сферы аплатных карт, якія здзяйсняліся ў тым ліку і за межамі нашай краіны.

У 2014 годзе аказана прававая дапамога праваахоўным органам 16 дзяржаў. Самі мы звярталіся з просьбамі ў 61 краіну. Накіроўвалі матэрыялы аб выдачы 186 абвінавачаных, затрыманых за межамі Беларусі.

Нашы супрацоўнікі ў складзе беларускіх дэлегацый удзельнічаюць у розных замежных канферэнцыях, форумах, кансультацыях па шырокім спектры пытанняў праваахоўнай тэматыкі, ці то кіберзлачыннасць, ці то процідзеянне гандлю людзьмі, процідзеянне легалізацыі даходаў, атрыманых злачынным шляхам.

— А дзе рыхтуюць будучых следчых?

— Цяперашнія супрацоўнікі — гэта галоўным чынам тыя ж следчыя, якія служылі ў органах унутраных спраў, дзяржбяспекі, фінансавых расследаванняў, пракуратуры. Яны ведаюць сваю работу, гэта прафесіяналы. Новую змену мы яшчэ цалкам не выгадавалі, над гэтым працуем. У тым ліку рыхтуем будучых следчых на базе Акадэміі МУС. Прымаем на службу выпускнікоў юрыдычных спецыяльнасцяў нашых ВНУ. Дарэчы, у Акадэміі пры Прэзідэнце ў 2013 — 2014 навучальным годзе для нашага ведамства была адкрыта новая спецыяльнасць па перападрыхтоўцы.

Пасляслоўе

Напрыканцы размовы кіраўнік ведамства генерал-маёр юстыцыі Валянцін Шаеў падкрэсліў: “Гаворачы аб выніках нашай дзейнасці, магу адзначыць, што патрабаванне Кіраўніка дзяржавы аб тым, што ў рабоце Следчага камітэта прыярытэтнымі павінны быць захаванне патрабаванняў закона, абарона інтарэсаў грамадзян і дзяржавы, каб ні адзін невінаваты чалавек не быў арыштаваны і асуджаны, а злачынствы хутка, прафесійна раскрываліся і расследаваліся, мы з няўхільнай цвёрдасцю праводзім у жыццё”.


Ад аўтара


Наконт стварэння Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь было шмат размоў, думак, меркаванняў, пунктаў погляду. Вынік адзін — валявое рашэнне Кіраўніка дзяржавы аб стварэнні самастойнага ведамства папярэдняга расследавання і яго рэалізацыя па сваёй сутнасці з’яўляюцца значным якасным прарывам у развіцці прававой сістэмы Рэспублікі Беларусь.

Як вынік, радыкальна павышаны ўзровень папярэдняга расследавання, абароны правоў і свабод грамадзян, інтарэсаў асобы, грамадства і дзяржавы.

Задачы, якія ім давядзецца вырашаць, сфармуляваў Аляксандр Лукашэнка перад уручэннем камітэту сцяга: “Жыццё і здароўе людзей у нас абвешчаныя вышэйшымі каштоўнасцямі. Гэта аснова асноў нацыянальнай бяспекі. І галоўная роля ў выкананні гэтай задачы адводзіцца праваахоўнаму блоку. Для павышэння яго эфектыўнасці было прынята рашэнне аб стварэнні адзінага незалежнага органа папярэдняга расследавання — Следчага камітэта”.

Віктар Панамароў
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter