Пасланне нашчадкам з 1854 года знойдзена ў Расонскім раёне

Клясціцкая таямніца

Бітва 1812 года на тэрыторыі сучаснага Расонскага раёна не трапіла ў падручнікі. Аднак многія гісторыкі надаюць ёй вялікае значэнне. Тут, пад Клясціцамі, у канцы ліпеня 1812 года 25-тысячны корпус генерала Вітгенштэйна нанёс паражэнне 40-тысячнаму напалеонаўскаму войску. Гэта была першая перамога над французамі ў той вайне.

Браты Бухавецкія ля памятнага каменю, на месцы якога мараць аднавіць разбураны мемарыял.
Фота аўтара

У 1835 годзе імператар Мікалай I распарадзіўся ўстанавіць 16 тыпавых чыгунных манументаў у месцах найважнейшых бітваў вайны 1812 года. Помнікі былі падзелены на тры класы. Манумент першага класа прызначаўся для Барадзінскага поля. Помнікі другога класа ставіліся ў Таруціне, Малаяраслаўцы, Красным, Студзёнцы, Клясціцах, Смаленску, Полацку, Чашніках, Кулакове і Коўне. Трэці клас дастаўся Салтыкоўцы, Віцебску, Кобрыну, Гарадзечні і Вязьме. Але ў пачатку 1848 года высветлілася, што на ўсе помнікі не хапае сродкаў. Праграму ўстаноўкі прыйшлося спыніць. Апошнімі з устаноўленых сталі манументы ў Полацку і Клясціцах.


Вось такім быў “помнік другога класа” ў Клясціцах.
На жаль, ужо ў ХХ стагоддзі — вясною 1939 года — клясціцкі помнік быў знесены. Манумент у разабраным выглядзе знаходзіўся ў вёсцы яшчэ два тыдні, затым яго вывезлі, а фундамент засыпалі зямлёй. У выніку дакладнае месца было згублена: пасля жыхары Клясціцаў распавядалі і паказвалі розныя месцы знаходжання падмурка.

Восенню 2013 года мы распачалі экспедыцыю ў гэтыя мясціны. Задачай падарожжа ў Клясціцы, узгодненага са старшынёй сельскага Савета Мікалаем Хамянком, было краязнаўчае даследаванне з мэтай выявіць месца старога фундамента помніка. Вядома было адно: ён стаяў ля Санкт-Пецярбургскай дарогі на тым месцы, дзе было спынена прасоўванне французскіх войскаў арміі Напалеона на Паўночную сталіцу. Ведалі мы таксама, што помнік-капліца 2-га класа быў выраблены па праекце вядомага архітэктара Антоніа Адаміні і акружаны агароджай з жалезных ланцугоў. Манумент уяўляў сабой востраканцовую васьмігранную піраміду, увянчаную лускаватым чыгунным купалам з пазалочаным шасціканцовым крыжам. А сярэднюю частку помніка акружалі восем парных калон, упрыгожаных бронзавымі пазалочанымі арламі. На мануменце спераду меўся надпіс: “Бітва пры Клясціцах 19 ліпеня 1812 года. Паражэнне Удзіно графам Вітгенштэйнам”. З процілеглага боку было напісана: “Узята ў палон непрыяцеля 912 чалавек. У жніўні 1857 года манумент быў асвячоны Полацкім Архіепіскапам Васілём Лужынскім і перададзены Аляксандраўскаму камітэту”.

Адшукаць фундамент у Клясціцах нам дапамагла адна з фатаграфій, калісьці зробленая прыставам І стана Дрысенскага павета. На ёй адлюстраваны помнік-капліца, а за некалькі дзясяткаў метраў — храм Святых апосталаў Пятра і Паўла. З дапамогай фатаграфіі і старой карты правялі стараннае даследаванне мясцовасці. Спачатку была знойдзена старая дарога на Санкт-Пецярбург, потым — падмурак храма, у якім па царкоўных канонах усе алтарныя часткі паказвалі на ўсход. Пасля чаго знайсці былы фундамент манумента ўжо было нескладана. Як толькі на магчымым месцы ўвагналі ў зямлю жалезны штыр, ён адразу ж трапіў на камень. Расчысціўшы ад баластавага пласта пляцоўку плошчай каля васьмі квадратных метраў, мы выявілі паўсюдна пад дзірваном вялікія валуны, залітыя вапнавым растворам. Аказалася, у 1941 годзе тут, на фундаменце помніка, стаяла нямецкая кулямётная кропка. А пасля вайны — агарод, гаспадары якога пры ўзворванні не раз ламалі плугі аб схаваныя ў зямлі “сюрпрызы”.

Менавіта на гэтае месца ў пачатку кастрычніка 2013 года па ініцыятыве Мікалая Хамянка быў дастаўлены велізарны гранітны камень. На ім за сродкі чатырох краязнаўцаў — Андрэя і Аляксея Бухавецкіх, Мікіты Ізідзерава і Сяргея Глушкова — была размешчана таблічка, якая абвяшчае: “З надзеяй на аднаўленне гэтым каменем абазначана месца разбуранага ў 1939 годзе помніка-капліцы, збудаванага ў 1857 годзе па ўказу імператара Мікалая І у гонар перамог каля Якубава і Клясціц 18 і 19 ліпеня 1812 года. Тут 1-ы Пях. корпус расійскіх войскаў П.Х. Вітгенштэйна, нанёсшы паражэнне французскаму корпусу маршала Удзіно, канчаткова спыніў наступленне французскіх войскаў на Санкт-Пецярбург”.

Падзея гэтая стала сапраўдным святам не толькі для аматараў гісторыі, але і для многіх жыхароў вёскі. Калі таблічку ўсталявалі, да новага месца памяці сталі падцягвацца зацікаўленыя жыхары Клясціцаў, а вучні мясцовай школы, пераапранутыя ў рэканструяваныя касцюмы рускіх салдат, маршыравалі пад барабанны дробат са сцягам тых гадоў. Пра гэты гістарычны факт паведамілі нашай і расійскай грамадскасці. А пытанне пра аднаўленне помніка было ўзнята на ўзровень Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі.

Далей — болей. Восенню 2015 года на месцы манумента мы знайшлі пласціну, якая ўтрымлівала зварот да нашчадкаў, замураваную ў падмурак разбуранага помніка. Закладная ніша з чырвонай цэглы, што адкрылася нам, спярша паказала 30-сантыметровы шасціканцовы тонкі крыж, выразаны з бляхі і пакрыты тонкім слоем срэбра. А пад ім — гранітную пліту, што накрывала медную пласціну з пасланнем з мінулага.

Яна 161 год праляжала ў падмурку помніка. На ёй акуратным каліграфічным почыркам нанесены тэкст у чатырнаццаць радкоў:

“1854 года мая 21-го дня, въ 29-ый годъ благополучного царствованія Его Императорскаго Величества Государя Императора Николая Павловича Самодержца Всероссийского, заложенъ Памятникъ сей по Высочайшему Его Величества повелению въ воспоминаніе отечественной войны и победы надъ французскими войсками, одержанной 19-го июля 1812 года при Клястицахъ. Заложеніе Памятника сего происходило въ присутствіи Генералъ Губернатора Витебскаго, Могилевскаго и Смоленскаго Генералъ Адъютанта Игнатьева, Преосвященнейшаго Архіепископа Полоцкаго и Витебскаго Василія, Исправляющаго должность Витебскаго Гражданскаго Губернатора Тимчеева, Директора Полоцкаго Кадетскаго Корпуса Генералъ Маіора Лермантова, Витебскаго Губернскаго Предводителя Дворянства Юрьевича, Председателя Витебской Казенной Палаты, Статскаго Советника Матюнина, Полоцкаго Архимандрита Фотія и Дризенскаго Уезднаго Предводителя Дворянства Снарскаго, при Инженере Подпоручике Доморацкомъ”.

Але не толькі пласціна гэтая абумовіла ўнікальнасць клясціцкага манумента. Гэты помнік — адзіны з падобных, у падмурку якога меліся цэлыя чатыры закладныя прадметы! Пры будаўніцтве манумента ў яго былі закладзены два ядры, ніжэй — шасціканцовы крыж. Пласціна паслужыла чацвёртым прывітаннем з мінулага. Усе гэтыя артэфакты цяпер размешчаны ў Клясціцкім школьным музеі, цудоўна дапоўніўшы экспазіцыю, прысвечаную падзеям Айчыннай вайны 1812 года.
Падчас бітвы 19 ліпеня 1812 года французы падпалілі мост праз раку Нішча. Грэнадзёры 2-га батальёна Грэнадзёрскага Паўлаўскага палка праявілі гераізм, кінуўшыся на падпалены мост. Яны першымі ўварваліся ў вёску Клясціцы, вызваліўшы яе ад французаў, якія адыходзілі. Пры гэтым корпус Вітгенштэйна атрымаў перамогу над моцным праціўнікам, сарваўшы яго спробу прарвацца на Пецярбург. Міхаіл Кутузаў адзначаў, што гэта была першая сур’ёзная перамога рускай арміі над напалеонаўскім войскам.
Жалезныя прывітанні з XIX стагоддзя

Падчас расчысткі падмуркаў былі знойдзены некалькі балтоў XIX стагоддзя, якія прызначаліся для мацавання чыгунных пліт, а таксама ключ для іх зашрубоўвання і частка чыгуннай пліты. Выяўлена і невялікая дэкаратыўная чыгунная дэталь пялёстка капітэлі адной з калон манумента.

Андрэй і Аляксей Бухавецкія, краязнаўцы

Полацк
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter