У мінулым годзе ў сталічных начных клубах выяўлена 84 злачынствы, звязаныя з незаконным абаротам наркотыкаў

Клуб дрэнных манер

У мінулым годзе ў сталічных начных клубах выяўлена 84 злачынствы, звязаныя з незаконным абаротам наркотыкаў.
Тое, што ў нашай краіне сказалі цвёрдае «не» распаўсюджванню спайсаў і іншай брыдоты, вельмі добра. Міліцыя і медыкі зазначаюць: стала менш маладых людзей, якія ў стане «абкуранасці» робяць невядома што. Больш за тое, у бальніцах пачалі забываць, што значыць «чорная пятніца», бо менавіта ў гэты дзень апошнім часам даводзілася выцягваць з таго свету аматараў паспытаць «кайфу». І вось зроблены наступны крок, вельмі лагічны. Прыклад паказаў Miнск.



Тое, што ў начных клубах нярэдка прапануюць расслабіцца пры дапамозе наркатычных рэчываў, вядома. І вось ім паспрабавалі перакрыць кісларод. У мінулым годзе, як адзначаюць супрацоўнікі органаў унутраных спраў, у сталічных начных клубах выяўлена 84 злачынствы, звязаныя з незаконным абаротам наркотыкаў. Пра тое, што зелле там надзейна прапісалася, сведчыць хоць бы гэты факт. Нядаўна быў перакрыты канал пастаўкі псіхатропных рэчываў з Расіі, які арганізоўваў дзіджэй адной такой установы. Нічога сабе сумяшчальніцтва! Цяпер няхай пакайфуе ад усведамлення, што давядзецца пэўны час назіраць неба ў клетачку.

Зразумела, большасць кіраўнікоў забаўляльных устаноў актыўна супрацоўнічаюць з органамі ўнутраных спраў па пытанні недапушчэння распаўсюджвання наркотыкаў. Але не ўсе — і да іх прыцягнута пільная ўвага. Асабліва жорсткімі сталі меры пасля ўступлення ў сілу так званага антынаркатычнага дэкрэта Прэзідэнта. Так, за непрыняцце мер па недапушчэнні распаўсюджвання або ўжывання наркотыкаў у месцах забаў кіраўнікам клубаў пагражае штраф у памеры ад 20 да 50 базавых велічынь (сёння, нагадаем, адна базавая складае 180 тысяч рублёў). Такі ж штраф прадугледжаны і за непаведамленне міліцыі аб падобных фактах. Цярпець, што моладзь страчвае здароўе, што наносяцца калецтвы іншым, што здараюцца забойствы і падобныя цяжкія злачынствы, нельга. Забаўляльны бізнес прыбытковы і без такіх дадатковых паслуг. І ўсталяванне нармальнай атмасферы ў начных клубах, няма сумніву, пойдзе на карысць наведвальнікам і ўладальнікам.

На маю думку, гэтыя заканадаўчыя меры трэба падмацаваць шырокай растлумачальнай работай. Бо не сакрэт, што многія сярод вучняў і студэнтаў лічаць наркотыкі, асабліва слабыя, не такой ужо і страшнай з’явай. Маўляў, у жыцці трэба паспрабаваць усё. Але любы спецыяліст скажа, што ўжыванне слабых наркотыкаў (марыхуана, гашыш), а таксама розных сумесяў для курэння, стварае рызыку залежнасці ад цяжкіх наркотыкаў. А вырвацца з яе цяжка.

Аксана ЖУКАВА, Маладзечна
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter