Клопаты кааператараў

Хлебаробы Вiцебшчыны ў засекi дзяржавы сабралi без малога адзiн мiльён 200 тысяч тон хлеба. А дапамагалi iм кааператары...

Хлебаробы Вiцебшчыны ў засекi дзяржавы сабралi без малога адзiн мiльён 200 тысяч тон хлеба. Здавалася б, а пры чым тут кааператары? На самай справе яны паўсюдна ўдзельнiчалi ва ўборцы ўраджаю. На сумленне кармiлi-паiлi камбайнераў, трактарыстаў, вадзiцеляў, iншых работнiкаў, забяспечвалi iх неабходнымi таварамi штодзённага попыту.

Яшчэ больш здзiвiлi i парадавалi iнiцыятывай i кемлiвасцю ў Докшыцкiм раёне. Тут сам новы старшыня раённага спажывецкага таварыства Юрый Ючковiч пры мностве вялiкiх i малых клопатаў пастаянна трымае на кантролi дапамогу вяскоўцам ва ўборцы ўраджаю. Старэнькi збожжаўборачны камбайн “Нiва” кiраўнiцтва райспажыўтаварыства за сiмвалiчную плату набыло ў мясцовым райаграсервiсе. Спiсаны агрэгат, хутчэй за ўсё, мог трапiць на металалом, але ўмельцы райспажыўтаварыства, як кажуць, перабралi яго па вiнцiках.

— I навошта вам лiшнi галаўны боль?—пытаюся ў старшынi райспажыўтаварыства.—Нейкi нетыповы i дзiўны занятак для кааператараў. Няхай бы ўборкай займалiся сельгаспрадпрыемствы…

— Не зусiм так,— пярэчыць Юрый Iосiфавiч.—У iх магутная тэхнiка, вялiкiя плошчы. А наш камбайн “Нiва” больш прыдатны i манеўровы для прыватных агародаў. Хочаце верце — хочаце не, а яшчэ ў жнiўнi сабралi 350 заявак ад жыхароў райцэнтра i навакольных вёсак на абмалот зерневых. Плошчы ўчасткаў розныя – ад 8 да 40 сотак, часам паўгектара. На вялiкай тэхнiцы не разгонiшся, а для кааператыўнай “Нiвы” самы раз. Ды i плата сiмвалiчная:  2650 рублёў за сотку.

Нават чарга стварылася на такую паслугу. Каб людзi не сварылiся, не крыўдзiлiся, у райспажыўтаварыстве склалi паводле заявак графiк маршруту. Звычайна камбайнер Пётр Жаваранак абмалочвае агароды ў адной вёсцы, затым пераязджае ў наступную. У добрае надвор’е толькi паспявай круцiцца з загона на загон. Затое ўсё па справядлiвасцi i без магарычоў.

Ёсць у гэтай, бясспрэчна, мудрай паслузе своеасаблiвы аванс на дзень заўтрашнi. Па-першае, людзi адкажуць за ўвагу да сябе таксама ўдзячнасцю, па-другое, своечасова сабранае зерне стане сыравiнай для гадоўлi парсюкоў, буйной рагатай жывёлы, птушкi. Частка прадукцыi затым вернецца праз сiстэму нарыхтовак у кааперацыю.

— Мы мяркуем таксама дапамагчы вяскоўцам i жыхарам райцэнтра бульбу выкапаць,— дадае старшыня райспажыўтаварыства.—Па такой жа схеме, як i з абмалотам зерневых. У нас ёсць бульбакапалка.

Зноў мадэль узаемавыгаднага супрацоўнiцтва. Людзi бачаць у сiстэме спажыўкааперацыi не выпадковага спадарожнiка, а пастаяннага i надзейнага партнёра, ахвотна здаюць нарыхтоўшчыкам лiшкi з саду, агарода, жывёльнага падворка. Як бы мiж iншым Юрый Iосiфавiч з задаволенасцю адзначыў, што сёлета вельмi багатыя на яблыкi докшыцкiя сады. Таму план iх нарыхтоўкi ў колькасцi 1350 тон датэрмiнова выкананы. Разлiк з насельнiцтвам ажыццяўляецца без валакiты i непаразумення.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter