Кліматычны ўдар

Сёння апошні дзень лета. Блізіцца да завяршэння цёплы перыяд года, які з-за вялікай спякоты прынёс нашай краіне эканамічныя выдаткі. На выхадзе масавай уборачнай кампаніі Беларусь недалічылася сёлета каля двух мільёнаў тон збожжа (у параўнанні з мінулым годам). Пэўныя страты па валавых аб’ёмах сельскагаспадарчай вытворчасці могуць узнікнуць і па іншых найважнейшых культурах, нягледзячы на тое, што дзяржава штогод укладвае ў развіццё нацыянальнай эканомікі немалыя бюджэтныя сродкі (у 2018-м адлічэнні склалі 2,474 мільярда рублёў). Трэцяя частка з іх накіравана ў айчынную сельскую гаспадарку — стратэгічную галіну, якая стабільна забяспечвае харчовую бяспеку дзяржавы, падтрымліваючы значны экспартны патэнцыял народнай гаспадаркі. 


Немалыя выдаткі ад прыродных катаклізмаў чакаюцца па выніках  года і ў суседняй Расіі, дзе прагназуецца змяншэнне агульнага “хлебнага каравая” прыкладна на 18—20 працэнтаў (летась у РФ было сабрана больш за 133 мільёны тон зерня). Падобная сітуацыя і ў іншых. Напрыклад, Фінляндыя можа згубіць да 50 працэнтаў уласнага ўраджаю. Ад засухі  сур’ёзна пацярпелі Ірландыя, Германія і Францыя.

Насамрэч, сёння мы з вамі з’яўляемся сведкамі даволі ўстойлівага — у бок пагаршэння — змянення клімату. Так званага глабальнага пацяплення, якое не праходзіць бясследна для чалавецтва і навакольнага асяроддзя. Прычым агульныя прагнозы ў сувязі з гэтым на бліжэйшую перспектыву выглядаюць даволі несуцяшальна. Паводле даследаванняў еўрапейскіх спецыялістаў, што ажыццявілі матэматычны разлік кароткатэрміновага прадказання клімату, пяць наступных гадоў на Зямлі чакаюцца вельмі спякотныя: да 2022 года сярэднія тэмпературы будуць пераўзыходзіць існуючыя цяпер кліматычныя паказчыкі. Аб чым красамоўна гавораць лічбы: сярэдняя тэмпература ў гэтым годзе ўздымецца на 0,02 градуса па Цэльсію, у  2018—2019 гадах больш за 0,03, у 2018—2022 гадах больш чым на 0,01 градуса. На першы погляд, нязначная велічыня, але падобныя  кліматычныя паказчыкі сапраўды можна параўнаць з глабальным пацяпленнем, якое назіраецца на працягу апошняга стагоддзя.

Праблема клімату — асабліва важная міждзяржаўная задача, паколькі рэзкія змяненні надвор’я могуць, найперш, адмоўна паўплываць на сельскую гаспадарку. А гэта ў сваю чаргу прывядзе да сур’ёзных эканамічных і сацыяльных наступстваў у любым грамадстве. Для прыкладу вучонымі была ўзята Брытанія 2003 года, калі моцныя хвалі цяпла прывялі да прыкметных чалавечых страт у гэтай краіне, не гаворачы аб ураджаі пшаніцы, якой было згублена 12 працэнтаў. 

Сітуацыя бягучага года пацвярджае згаданую тэндэнцыю: чалавечыя ахвяры ад невыноснай спякоты зноў і зноў фіксуюцца ў шэрагу дзяржаў свету. Так было сёлета ў Японіі, Канадзе, ЗША, Мексіцы, у Еўропе. Недабор па ўраджаі-2018 чакаецца даволі істотны ў многіх рэгіёнах.

У падтрымку занепакоенасці еўрапейскіх калег, навукоўцы з Універсітэта Монаша ў Мельбурне прэзентавалі даследаванне, згодна з якім да 2080 года колькасць смяротных зыходаў ад спякоты ў трапічных і субтрапічных частках планеты ўзрасце ў пяць разоў. Для аналізу гэтай небяспечнай тэндэнцыі навукоўцы распрацавалі мадэль, якая ахоплівае 20 краін у перыяд 2031—2080 гадоў. Былі скарыстаныя звесткі аб надвор’і і смяротнасці з 412 раёнаў гэтых краін, сабраныя з 1984 па 2015 год. Аднак, калі чалавек нічога не зробіць для барацьбы са змяненнем клімату і да яго належным чынам не адаптуецца — смяротнасць ад анамальнай спякоты ў Бразіліі, Калумбіі і на Філіпінах узрасце больш чым на 770 працэнтаў (адносна сярэдніх узроўняў 1971—2020 гадоў). У Злучаных Штатах адпаведны паказчык уздымецца з 400 да 525 працэнтаў, у Еўропе, Кітаі і Японіі ён перавысіць 400 працэнтаў. 

Нагадаю: у Парыжскім пагадненні па клімату, з якога выйшлі ЗША, вызначана суцэльная міжнародная задача — не дазволіць павышэння сярэдняй глабальнай тэмпературы на планеце больш чым на 1,5—2 градусы па Цэльсію. Нават калі большасць дзяржаў свету выканае ўсе неабходныя захады па зніжэнні выкідаў парніковых газаў на сваіх тэрыторыях, існуе верагоднасць таго, што такія прыродныя механізмы, як акіяны і лясы, якія масава паглынаюць вуглякіслы газ, не стануць  працаваць і будуць садзейнічаць далейшаму моцнаму пацяпленню.

Вось такія навіны. Сустрэнемся...

Ігар Савосценка, галоўны рэдактар

sav@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter