Эксперты ООН подготовили доклад об ограничении глобального потепления

Клімат-кантроль

Эксперты ААН выказалі вялікую заклапочанасць станам навакольнага асяроддзя і рэзкім змяненнем клімату на планеце, паведамляе Deutsche Welle. У аналітычным дакладзе, прадстаўленым днямі ў паўднёвакарэйскім Інчхоне, яны заклікалі міжнародную супольнасць прыняць беспрэцэдэнтныя і ўсёабдымныя захады адносна глабальнага пацяплення, якое агульнымі намаганнямі чалавецтва павінна ўтрымаць у межах 1,5 градуса па Цэльсію.

фото pixabay.com

Падлічана: для таго, каб правесці змяненні толькі ў энергетычным сектары, неабходна супольна выдаткаваць 2,1 мільярда еўра. Да 2030 года ў параўнанні з 2010-м трэба скараціць на 24 працэнты ўзровень выкідаў вуглякіслага газу, а да 2050-га зрабіць гэты паказчык нулявым. Даказана: папярэдзіць тэмпературную катастрофу можна шляхам кардынальных змен структуры сусветнай эканомікі.

Парыжскае пагадненне (дакумент павінен замяніць у 2020 годзе Кіётскі пратакол) было прынята 12 снежня 2015 года. Тады 197 удзельнікаў XXI канферэнцыі Рамачнай канвенцыі аб змяненні клімату дамовіліся не дазволіць павышэння сярэдняй тэмпературы на Зямлі да 2100 года больш чым на 2 градусы па Цэльсію ў параўнанні з даіндустрыяльнай эпохай. У адваротным выпадку гэта прывядзе да разбуральных наступстваў для экалогіі. 

Напрыклад, згодна звестак Сусветнай арганізацыі аховы здароўя (СААЗ) штогод з-за экалагічных праблем у свеце памірае сем мільёнаў жыхароў планеты. У справаздачы СААЗ згадваецца: сёння дзевяць з дзесяці чалавек жывуць у рэгіёнах з павышаным узроўнем рэчываў, якія выклікаюць забруджванне паветра. Найбольш небяспечныя — усходняе ўзбярэжжа Міжземнага мора і Паўднёва-Усходняя Азія. На гэтыя зоны Зямлі прыпадае больш за 90 працэнтаў смяротных зыходаў, звязаных з адпаведным пагаршэннем стану атмасферы. Менавіта згаданыя СААЗ фактары ўплываюць на рост сардэчна-сасудзістых і анкалагічных захворванняў, рэспіраторных інфекцый, нясуць рызыку развіцця дыябету. Найбольш праблемнымі тут з’яўляюцца гарады з нізкім узроўнем жыцця.

Вяртаючыся да “кліматычнай тэмы”, эксперты папярэджваюць: ужо цяпер існуе агульнапланетны рост тэмпературы прыкладна на адзін градус, што адмоўна ўплывае на навакольнае асяроддзе, на павышэнне ўзроўню мора і раставанне леднікоў. На думку навукоўцаў, у перспектыве з-за глабальнага пацяплення шэрагу буйных гарадоў пагражае рэальнае затапленне.

Па інфармацыі ТАСС, вучоныя з Нацыянальнага акіянаграфічнага цэнтра Вялікабрытаніі (NOC) вынеслі вердыкт: далейшае павышэнне ўзроўню Сусветнага акіяна прынясе сусветнай супольнасці страты ў памеры 13 трыльёнаў долараў. Між іншым невыкананне Парыжскага пагаднення адносна гэтага створыць праблемы звыш 600 мільёнам чалавек, якія жывуць у прыбярэжных зонах (не вышэй за 10 метраў над узроўнем мора). Пры росце тэмпературы на 1,5 градуса па Цэльсію да 2100 года Сусветны акіян падымецца на 52 см, на 2 градусы — на 86 см, а ў найгоршай сітуацыі яго ўзровень вырасце да 1,8 метра. Да таго ж, закісленне акіянаў (з-за выкідаў вуглякіслага газу) можа пабіць рэкорд за апошнія 14 мільёнаў гадоў, што пагражае знішчэннем сучасных марскіх экасістэм.

Дарэчы, паводле інфармацыі генсакратара ААН Антоніу Гутэрыша, летась выдаткі ад стыхійных бедстваў і катастроф склалі 320 мільярдаў долараў. Кіраўнік уплывовай міжнароднай арганізацыі адзначае, што ў 2019 годзе плануецца саміт па клімату па мабілізацыі міжнародных рэсурсаў у гэтым найважнейшым напрамку дзейнасці чалавецтва.

Вось такія навіны. Сустрэнемся...

sav@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter