«Круглый стол» о взаимодействии читателей, писателей и издателей

Класы i класiкi

Каго і што чытаюць у бібліятэках

Не трэба выдавецтву ставіць крыж на аўтары

Чаму востры, сучасны твор ляжыць у рукапісе

Ці разумеюць каштоўнасць кнігі ў райвыканкамах

Чытачам «Сельской газеты» патрэбна літстаронка?

За якую вёску ў пісьменнікаў баліць душа

Што прапануе «Мастацкая літаратура» до 500-годдзя беларускага кнігадрукавання

ПРАЙШЛО паўтысячы гадоў з таго моманту, як упершыню надрукавана беларускае слова. Сёння мы не ўяўляем  жыццё без кнігі. З цягам часу змяняюцца не толькі тэхналогіі кнігадрукавання, але і погляды на літаратуру, патрэбы чытачоў. Бадай, адно застаецца нязменным: чытач, аўтар і выдавец усё так жа патрэбны адзін аднаму, застаючыся складнікамі аднаго кніжнага ўраўнення.

“Сельская газета” запрасіла на размову прадстаўнікоў усіх бакоў гэтага трохкутніка, каб абмеркаваць стан беларускага кнігадрукавання, сучаснай літаратуры,  патрэбы і прыхільнасці чытачоў. У гутарцы ўзялі ўдзел вядучы рэдактар ведавецтва “Мастацкая літаратура” Дзмітрый ПЯТРОВІЧ, старшыня Мінскага абласнога аддзялення ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі» Святлана БЫКАВА, пісьменнік Алесь КАМАРОЎСКІ, дзіцячы пісьменнік Сяргей КЛІМКОВІЧ і загадчыца Гатаўскай сельскай бібліятэкі-клуба Іна УРБАН.

Дзмітрый ПЯТРОВІЧ
Святлана БЫКАВА
Алесь КАМАРОЎСКІ
Сяргей КЛІМКОВІЧ
Іна УРБАН 
“СГ”: — Першае пытанне хочацца адрасаваць прадстаўніку чытачоў. Ці чытаюць сёння і што чытаюць?

І. УРБАН: — Па сваім вопыце, а працую ўжо 20 гадоў, скажу: няма такой кнігі, якую б не чыталі. На любую кнігу знойдзецца аматар. Адзінае выключэнне: сёння менш пытаюцца пра літаратуру пазнавальнага характару, бо ўсё можна знайсці ў інтэрнэце. Але гэта тычыцца толькі дарослых. Дзеці цікавяцца пазнавальнай літаратурай з задавальненнем, пры гэтым на любую тэму.

Чытаюць і беларускамоўных аўтараў. Не ведаю, з чым гэта звязана, але большасць прыхільнікаў беларускай літаратуры — мужчыны сталага ўзросту.

Што тычыцца класікі, дык да яе звяртаюцца ва ўсе часы. Калі зрабіць аналіз па ўзросце наведвальнікаў нашай бібліятэкі, дык ў 15—17 гадоў класікай цікавяцца таму, што праходзяць у школе. Калі чалавеку бліжэй да сарака і больш, ён сам вяртаецца да такой літаратуры. Пераасэнсоўвае яе з пункту гледжання свайго ўзросту, жыццёвага вопыту. Вядома ж, у больш сталым узросце інакш глядзіш на літаратурныя творы.

С. БЫКАВА: — Сапраўды, маёй дачцэ 26 гадоў. Прыехала да мяне, пайшла ў бібліятэку, узяла “Мёртвыя душы” Гогаля — кажа, што знайшла ў кнізе многа новага, таго, на што ў школе ўвагі не звярнула.

“СГ”: — Можна зрабіць выснову, што бібліятэкі не перажытак мінулага?

І. УРБАН: — Вядома ж, бібліятэкі розныя бываюць. Калі яны бедныя — як духоўнасцю бібліятэкара, так і фондамі, —  туды мала хто пойдзе. Калі чалавек адзін раз прыйшоў і не знайшоў патрэбнай кнігі,  ён наўрад ці пойдзе яшчэ.

Шмат залежыць ад асобы бібліятэкара. Няма такога часу, каб мы былі без чытачоў. Не даём ім сумаваць. Усяго ў пасёлку прыкладна 8,5 тысячы чалавек. А штогод перарэгіструем 1800 абанементаў. Гэта сапраўдныя чытачы, не мёртвыя душы.

Калі казаць пра бібліятэчны фонд, ён у нас складае 20 тысяч найменняў. Сярод іх 18 тысяч — літаратура, шмат дзіцячай. Калі прыходзіць чытач і ў мяне няма такой кнігі, я адразу ж раблю заяўку, і па магчымасці нас камплектуюць. Сочым за навінкамі, часам чытачы прыносяць кнігі з дому.

Кожны месяц абавязкова запрашаем каго-небудзь з пісьменнікаў, выдаўцоў ці проста цікавых людзей на сустрэчы з чытачамі. Імкнуся падладжвацца пад школьную праграму: прайшлі Міколу Чарняўскага — запрасіла яго на сустрэчу.

Аптымізацыя бібліятэк? Не думаю, што гэта добрая ідэя. Спачатку скарацілі гадзіны літаратуры ў школе, калі зараз і бібліятэкі скароцяць, пра якую культуру чытання весці размову? Узяць хаця б наш пасёлак — ён у нас вялікі, шмат моладзі, але акрамя бібліятэкі ніякіх больш устаноў культуры няма. Куды дзецям ісці пасля школы?

А. КАМАРОЎСКІ: — Трэба выходзіць на Міністэрства культуры, каб падтрымлівалі бібліятэкі, каб на іх выдзялялася больш грошай для закупкі кніг. Бо людзі нашы чытаюць, і чытаюць многа. Паўгода я абавязкова праводжу ў роднай вёсцы Мікалаеўшчына Стаўбцоўскага раёна. Радзіма Якуба Коласа! І бачу: чытаюць не толькі вучні творы па школьнай праграме, але і дарослыя. Мае абодва суседы, напрыклад. Бяруць кнігі, чытаюць — душа патрабуе. У яго тэлевізара няма, але ён чытае.

“СГ”: — А як знаходзіць свайго аўтара, сваю кнігу выдавецтва?

Дз. ПЯТРОВІЧ: — У сваёй працы імкнёмся ў першую чаргу папулярызаваць беларускую класіку. Таксама выходзяць зборы твораў Уладзіміра Караткевіча, Івана Навуменкі...

Шмат цікавых прапаноў і ад сучаснікаў. Падтрымліваем моладзь. Гэта вельмі важна. У 2015 годзе ў нас выйшаў зборнік “Мой  дзень пачынаецца”, у якім сабраны творы 45 маладых аўтараў. Дарэчы, некаторыя з гэтых творцаў ужо сталі членамі Саюза пісьменнікаў Беларусі. Акрамя таго, сёлета на  Міжнароднай  кніжнай  выставе прэзентавалі альманах “Першацвет”, створаны па выніках конкурсу, праведзенага сумесна Міністэрствам інфармацыі, Выдавецкім домам “Звязда” і выдавецтвам “Мастацкая літаратура”. Гэты  конкурс  працягваецца, таму  і  надалей мы плануем кожны год выпускаць падобныя кнігі, дзе будзе сабрана лепшая проза і паэзія  маладых.

Але каб кніга выйшла ў выдавецтве “Мастацкая літаратура”, па-першае, трэба мець пэўны ўзровень.  У нас вельмі высокія  патрабаванні  да якасці твораў. А  па-другое,  пажадана, каб  вершы,  апавяданні,  аповесці,  якія  прыносіць  аўтар, раней былі надрукаваны на  старонках  часопісаў  ці  газет. 

“СГ”: — Якую кнігу вы ніколі не надрукуеце?

Дз. ПЯТРОВІЧ: — Перш за ўсё  тое,  што  нельга  назваць  сапраўднай  паэзіяй  і  прозай. Паўтараю:  патрабаванні ў  нас  вельмі жорсткія. А графаманаў, на жаль, хапае. 

“СГ”: — Аўтару, асабліва маладому, цяжка бывае знайсці свой шлях у літаратуры, свайго выдаўца...

С. БЫКАВА: — Як паэт, добра ведаю ўсе цяжкасці, з якімі сёння прыходзіцца сутыкацца аўтарам. Каб вырасці да той самай “Мастацкай літаратуры”, праходзіць пэўны час. Але выдавец часта ставіць на аўтары крыж. Між іншым, адзін і той жа пісьменнік ці паэт у 20 і ў 40 гадоў мае розны ўзровень твораў. За гэтыя гады ён многаму навучыўся, атрымаў пэўны прафесіяналізм, жыццёвы і творчы вопыт. А выдавецтвы часцей, на жаль, аднойчы пазнаёміўшыся з яго творамі, робяць пра іх выснову назаўсёды. Але ж чалавек увесь гэты час развіваўся! Ведаю шмат прыкладаў, калі растуць і паэты, і пісьменнікі. Зараз мы робім адбор на абласную прэмію, і я знаёмлюся з творамі, якія пісаліся аўтарамі ў розныя перыяды іх творчасці. І бачу, што рост відавочны.

У Мінскім абласным аддзяленні 86 аўтараў, а праблема амаль ва ўсіх адна — надрукавацца. Тым больш у такім паважаным выдавецтве, як “Мастацкая літаратура”. Нават і ўзгадаць не магу, калі нехта з нас выдаў там кнігу. Годных аўтараў у нас нямала, але, на жаль, выдаюць іх недастаткова, на мой погляд.

Хачу адзначыць, што сёння, у час абмежаванасці фінансавых магчымасцей дзяржаўных выдавецтваў, больш значную ролю для большай колькасці сучасных таленавітых паэтаў і пісьменнікаў іграюць камерцыйныя выдавецтвы, дзе сабекошт выдання атрымліваецца таннейшым, чым у дзяржаўным выдавецтве. Таму там аўтары маюць магчымасць выдацца за свае ўласныя сродкі. Менавіта камерцыйныя выдавецтвы сёння даюць магчымасць значнай частцы пішучых членаў Саюза пісьменнікаў Беларусі надрукаваць новыя кнігі, з якімі яны потым могуць прыйсці на сустрэчу да свайго чытача, у тым ліку і да маленькага, якому сёння так неабходна жывое слова.  

А. КАМАРОЎСКІ: — Праблему ведаю з розных бакоў. Сам паэт, працаваў і ў бібліятэцы, і выдавецтвам кіраваў. Так што маю поўную карціну.

Калісьці ў выдавецтве “Юнацтва” друкавалі 120 кніг у год. У “Мастацкай літаратуры” яшчэ больш. Зараз выдаецца значна менш. І таму трэба вельмі сур’ёзна падыходзіць да выбару кожнай кнігі. І абавязкова павінна быць зваротная сувязь паміж школамі, гімназіямі, бібліятэкамі і выдавецтвамі. Каб масавы чытач мог заказваць выдавецтву тое, што яго цікавіць.

Маю і яшчэ адну прапанову: трэба вяртацца да лепшых кніг, якія ўжо былі выдадзены. Тых, якія не толькі добрыя па якасці, але і маюць высокі камерцыйны патэнцыял. Перавыдаваць іх. Напрыклад, была кніга “Вячэрняя казка” — гэта 365 розных казак, на кожны дзень. Беларускіх, рускіх, іншых народаў свету. Самыя лепшыя і цікавыя. Чаму не перавыдаць? Ці кніга Васіля Віткі “Азбука Васі Вясёлкіна”, тыраж якой у 5 тысяч экзэмпляраў разлятаўся літаральна за месяц.

Лічу, што абавязкова трэба перавыдаць кнігу Міколы Маляўкі “Сядзіба, або Хата з матчынай душой”, якая выходзіла 15 гадоў таму і была адзначана Спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта ў галіне мастацкай літаратуры. Яна добра падыдзе для вясковых школьных музеяў, для тых, хто захапляецца этнаграфіяй, вывучае жыццё і побыт нашага народа ў розныя часы. Яе дагэтуль пытаюцца і жадаюць набыць, але тыраж даўно раскуплены. Да 135-годдзя Якуба Коласа варта было б перавыдаць таксама кнігу Міколы Маляўкі “Коласаў абярэг” — біяграфію вялікага Песняра, прапушчаную праз сэрца таленавітага паэта.

“СГ”: — Дык што параіце маладым, якія толькі пачынаюць свой шлях у літаратуры?

А. КАМАРОЎСКІ: — Вывучаць жыццё. Бо калі кніга вострасацыяльная, актуальная, дык і будзе запатрабавана як чытачом, так і выдавецтвам. Напрыклад, “Прынцэса тусоўкі” Яўгена Хвалея перажывае ўжо шостае перавыданне. А ўсё таму, што праблема наркаманіі хвалюе сёння многіх.

Аўтары і самі павінны варушыцца. Шукаць спонсараў. Была аднойчы ў маім вопыце гісторыя, калі мы друкавалі кнігу, грошы на якую аўтару сабраў святар у царкве. Добрая кніга, пра ваеннае дзяцінства. І амаль увесь тыраж пайшоў у той раён, з якога аўтар родам. І гэта кніга хутка разышлася. А яшчэ аўтарам, асабліва з рэгіёнаў, раю выходзіць на райвыканкамы.

С. БЫКАВА: — Не кожны райвыканкам пойдзе насустрач аўтару. Трэба, каб там разумелі, што такое літаратура, паэзія... Разумелі іх важнасць і адначасова прыярытэтнасць выхавання ўнутранай культуры чалавека, яго духоўнай часткі над іншымі сферамі жыцця. 

А. КАМАРОЎСКІ: — Але спрабаваць трэба. Да таго ж у многіх раённых цэнтрах ёсць свае друкарні. Яны маюць магчымасці выдаць кнігу мясцовага аўтара. І гэтым трэба карыстацца.

Лічу, што і газеты павінны падтрымліваць літаратараў. У “Сельской газете”, напрыклад, ёсць цудоўная рубрыка “Беларускі ручнік”, нават кнігу вы выдалі з вершамі з гэтай рубрыкі, але выходзіць яна ўсяго раз на тыдзень. Гэтага мала. Чаму б не арганізаваць літаратурную старонку? Хочацца бачыць больш паэтычных і празаічных твораў на старонках газеты. Думаю, гэта было б выдатна.

“СГ”: — Часам нашых аўтараў лаюць за тое, што яны кормяцца на асфальце. Што не едуць у глыбінку. Што сярод іх героеў мала простых, звычайных людзей. Ці можаце вы з гэтым пагадзіцца?

С. БЫКАВА: — Сярод удзельнікаў мінскай абласной суполкі шмат людзей сталага ўзросту. І, напэўна, яны з вёскай звязаны непарыўна. Многія з іх жывуць там, многія нарадзіліся. Таму і ў вершаваных радках, і ў прозе шмат сюжэтаў, звязаных з вёскай.

Я сама нарадзілася і жыву ў Заслаўі, але маё дзяцінства прайшло на Магілёўшчыне, у круглянскай  вёсцы Гай, дзе я праводзіла кожнае лета ў бабулі. І заўсёды сябе адчувала вясковай дзяўчынкай. На жаль, сёння мая вёска памірае. Засталося двароў дзесяць. І толькі два, дзе ёсць дзеці. Гэта вельмі балюча, і, вядома ж, гэтыя перажыванні адлюстроўваюцца ў творчасці.

Дз. ПЯТРОВІЧ: — Упэўнены, у кожнага з нас ёсць мілы сэрцу куточак роднай  Беларусі. І творы,  прысвечаныя  яму. Для мяне гэта мой родны  горад  Заслаўе, а  таксама  вёска Галаўнінцы Ляхавіцкага раёна  Брэсцкай  вобласці,  дзе  нарадзілася  мая  мама. 

Памятаю,  як  некалькі  гадоў  таму Саюз пісьменнікаў Беларусі  арганізаваў  паездкі па розных абласцях рэспублікі, па многіх цікавых мясцінах. Для пісьменнікаў гэта была  вандроўка, якая дазволіла атрымаць  новыя   ўражанні, шмат цікавай  інфармацыі  пра  жыццё  нашых  сучаснікаў  як  у  абласных  цэнтрах,  так  і  ў  сельскай  мясцовасці. І, вядома ж, па выніках гэтых паездак нарадзілася шмат паэтычных  і  празаічных  твораў. 

С. КЛІМКОВІЧ: — Частку маёй творчасці займаюць вясковыя мініяцюры. Вясковыя таму, што ўсё дзяцінства правёў у вёсцы Сялітрынка Барысаўскага раёна. Гэта кароткія мініяцюркі на палову старонкі, дзе ў канцэнтраваным выглядзе перададзены пачуцці, успаміны пра дзяцінства. І кожны, хто жыў ці жыве ў вёсцы, пазнае ў іх сябе, сваіх родных і суседзяў.

“СГ”: — На якія яшчэ тэмы, акрамя малой радзімы, мае сэнс звярнуць увагу літаратарам?

А. КАМАРОЎСКІ: — Чытача заўсёды цікавяць праблемы грамадства. Вострае, сучаснае — пісьменнік заўсёды павінен быць на самым піку. Што тычыцца тэм, то чамусьці мала ў нас пішуць пра спорт. Хаця, здавалася б, ён настолькі папулярызуецца ў краіне. І пра кулінарыю, якой зараз захапляюцца ўсе навокал, таксама не бачыў мастацкай літаратуры. Сам, дарэчы, напісаў адпаведны твор, аднак пакуль ён ляжыць у выдавецтве.

С. КЛІМКОВІЧ: — Сам я прыйшоў з дарослай літаратуры ў дзіцячую таму, што бачу нястачу такіх твораў. Калі дакладней, для самых маленькіх літаратуры досыць, для дарослых таксама. Але для падлеткаў, сярэдняга і старэйшага школьнага ўзросту, на жаль, мала.

Захацелася нешта супрацьпаставіць перакладной замежнай літаратуры для падлеткаў. Бо такое можаш прачытаць у ёй! Часам гэтыя творы не адпавядаюць не толькі нашым традыцыям, каштоўнасцям, але наогул пытанням маралі і гуманізму. Не хачу называць кнігу, але яна даволі вядомая, і па ёй нават зняты фільм, дык у аснове яе закладзена і багаборніцтва, і антысацыяльныя ўчынкі. Чаму можа навучыць такая кніга, як зможа выхаваць?

Між іншым, у нас ёсць цудоўны падмурак — савецкая літаратура, у якой маюцца і дабрыня, і ўзаемавыручка, і сяброўства, узаемадапамога, і пазнавальны складальнік. Свае творы для дзяцей і падлеткаў я пішу менавіта з такімі ўстаноўкамі.

“СГ”: — Сёлета мы адзначаем сапраўды знакавую дату: 500 год беларускага кнігадрукавання. Ведаю, і выдавецтвы, і літаратары маюць што прапанаваць чытачам да юбілею...

С. КЛІМКОВІЧ: — У мяне да 500-годдзя кнігадрукавання выдадзена кніжка для дзяцей «Сокровища первопечатника». У ёй юныя героі, нашыя сучаснікі, асабіста сустракаюцца са Скарынам, пагружаюцца ў тую эпоху. Яны трапляюць у Падую, у Пражскую і Віленскую друкарні. Плюс прыгоды, біяграфічныя звесткі пра Скарыну — спадзяюся, чытачам прыйдзецца даспадобы.

Дз. ПЯТРОВІЧ: — Да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання ў выдавецтве “Мастацкая літаратура”  ўжо выйшлі дзве кнігі з некалькіх запланаваных: Алеся Разанава “Францыск  Скарына. Маем найбольшае самі” – гэта перастварэнне прадмоў Францыска Скарыны, а  таксама  “Францыск Скарына. Са слаўнага горада Полацка” (укладанне  Алеся  Сушы), дзе сабраны  найбольш  каштоўныя  матэрыялы  пра першадрукара, назапашаныя за апошнія сто гадоў – як з дакументальных крыніц, так і з мастацкай літаратуры. 

Але не трэба забывацца і на іншыя значныя даты. Летась да 125-годдзя Максіма Багдановіча мы выдалі кнігу “Я не самотны”. Да юбілею Янкі Купалы ўжо выйшла кніга “Янка Купала. Для тых, якіх люблю”. Рыхтуецца падобнае выданне і да юбілею Якуба Коласа. 

“СГ”: — Дзякуй за цікавую размову. Творчых поспехаў, плёну, новых цікавых кніжак усім нам: аўтарам, выдаўцам і чытачам.

bolshakova@sb.by

Фота Сяргея ЛАЗЮКА

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter