Класны ўзрост

Аб сутнасці, змесце і кошце пераходу школы на 12-годку і профільнае навучанне ў старшых класах расказвае намеснік міністра адукацыі Казімір Фарыно— Па праграмах і падручніках 12-гадовай школы ва ўмовах 5-дзённага вучэбнага тыдня сёння вучацца больш за 850 тысяч вучняў пачатковых і 5—10-х класаў, гэта 75 працэнтаў школьнікаў, — сказаў Казімір Фарыно. — Для 12-гадовай школы выдадзена больш за 1500 найменняў нацыянальнай вучэбнай літаратуры.На думку айчынных і замежных спецыялістаў, 12-гадовы тэрмін навучання — самая жыццяздольная і перспектыўная навацыя ў адукацыі, у паспяховай рэалізацыі якой зацікаўлены не толькі ўсе ўдзельнікі адукацыйнага працэсу, але і ўстановы прафесійнай адукацыі, работадаўцы, дзяржава.

— Дыферэнцыраванае навучанне таксама “жыцця-здольнае”?
— Адмаўленне ад дыферэнцыраванага падыходу, аднастайнасць навучання прывядуць да непажаданых сацыяльных вынікаў. У прыватнасці, парушыцца сістэмнасць у рабоце з адоранымі дзецьмі, узнікне масавае рэпетытарства з яго вялікім ценевым эканамічным эфектам. Рэпетытарства можа прывесці да сацыяльнага расслаення вучняў у залежнасці ад заможнасці іх бацькоў. Менавіта дыферэнцыраванае навучанне дае роўныя магчымасці вучням сельскіх і гарадскіх школ пры паступленні ў вышэйшыя і сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы.
Узнікне праблема своечасовага выяўлення і падтрымкі падлеткаў, якія праявілі схільнасць да вывучэння таго ці іншага вучэбнага прадмета. Сістэма работы са здольнымі і таленавітымі дзецьмі фактычна разбурыцца.
На цяперашні час у рэспубліканскім камп’ютэрным банку даных адораных вучняў і моладзі на ўліку 6429 чалавек, з іх 1750 — навучэнцы гімназій і ліцэяў, 1304 — вучні агульнаадукацыйных школ.
Заканчэнне вучобы на старшай ступені школы з 12-гадовым тэрмінам навучання ў 18 гадоў дазволіць зняць сацыяльную напружанасць, што існуе ў сувязі з абмежаванымі магчымасцямі працаўладкавання непаўналетніх выпускнікоў, якія не маюць прафесійных навыкаў.
— Калі пачалося дыферэнцыраванае навучанне ў нашай краіне? 
— Адны вучоныя лічаць, што першая спроба адносіцца да эпохі Пятра I, калі былі створаны розныя тыпы школ — пушкарскія, інжынерныя, матэматычных і навігацыйных навук. Другія кажуць, што па-сапраўднаму ўкараненне профільнага навучання пачалося ў сярэдзіне XIX стагоддзя, калі гімназічны курс стаў дзяліцца на агульнае і спецыяльнае навучанне і былі зацверджаны два тыпы сярэдняй школы: класічная і рэальная.
Паслядоўныя крокі ў арганізацыі дыферэнцыраванага навучання рабіліся і ў савецкі перыяд. Яны ўвасобіліся ва ўвядзенні факультатыўных заняткаў у 7—10-х класах сярэдняй школы, стварэнні спецыялізаваных школ: моўных, фізіка-матэматычных, музычных, мастацкіх, спартыўных. На мяжы 80—90-х гадоў XX стагоддзя паявіліся новыя тыпы агульнаадукацыйных устаноў — ліцэі, гімназіі.
У Беларусі гімназіі і ліцэі пачалі стварацца з 1990 года. Іх далейшае развіццё прадугледжана дзяржаўнай праграмай “Маладыя таленты Беларусі” на 2006—2010 гады, Праграмай развіцця агульнай сярэдняй адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь на 2007—2016 гады.
— Дыферэнцыраванае навучанне — аснова арганізацыі профільнага навучання...
— Дыферэнцыраваным навучаннем ахоплена 78 працэнтаў вучняў старшых класаў. Таму профільнае навучанне не з’яўляецца для вучняў, бацькоў і педагагічных работнікаў нечаканым новаўвядзеннем.
У многіх краінах Еўропы ўсе вучні асноўнай агульнаадукацыйнай школы атрымліваюць аднолькавую падрыхтоўку. Потым кожнаму школьніку прапануюцца два варыянты працягу адукацыі: акадэмічны, які адкрывае шлях да вышэйшай адукацыі, і профільны, дзе вучацца па спрошчаным плане.
У 2005 годзе Міністэрства адукацыі і навукі Расіі зацвердзіла базісны план профільнай школы. У яго дадатку пералік з 11 магчымых спецыялізацый: некалькі гуманітарных, прыродазнаўчанавуковых, матэматычная і тэхнічная. На думку расійскіх спецыялістаў, профільнае навучанне добрае тым, што дазваляе выпускніку засяродзіцца на ўроках, якія яго цікавяць, і тым самым паменшыць нагрузку ў старшых класах.
У Беларусі профільнае навучанне як цэласная сістэма, якая ўключае дапрофільную падрыхтоўку ў базавай школе і профільнае навучанне ў 11—12-х класах, дазваляе разам з атрыманнем вучнямі якаснай агульнай сярэдняй адукацыі падрыхтаваць іх да ўсвядомленага выбару будучай прафесіі, працягу адукацыі ў выбранай галіне, паспяховай працоўнай дзейнасці.
Вучням, якія закончылі навучанне на ўзроўні агульнай базавай адукацыі, прапануецца выбраць некалькі варыянтаў працягу навучання. Так, на трэцяй ступені агульнай сярэдняй адукацыі ў агульнаадукацыйных установах яны могуць выбраць профільнае навучанне, вывучэнне аднаго прадмета на павышаным або паглыбленым узроўні, вывучэнне ўсіх прадметаў на базавым узроўні альбо навучанне ў прафесійна-тэхнічных і сярэдніх спецыяльных навучальных установах.
Сістэма профільнага навучання ўключае чатыры напрамкі прафесійнага самавызначэння школьнікаў: прыродазнаўчанавуковае, гуманітарнае, сацыякультурнае, тэхніка-тэхналагічнае. У рамках гэтых напрамкаў вызначаюцца профілі навучання.
У профільным навучанні ёсць вучэбныя прадметы, якія вывучаюцца на базавым узроўні, і профільныя прадметы (не менш як два), вывучэнне якіх ажыццяўляецца на павышаным і (або) паглыбленым узроўнях, а таксама курсы па выбары, накіраваныя на развіццё пазнавальных інтарэсаў вучняў, паглыбленне ведаў па вучэбных прадметах.
— Што паказала эксперыментальная апрабацыя профільнага навучання?
— Падчас эксперыменту на базе 18 школ пацверджана магчымасць арганізацыі адукацыйнага працэсу ў 11—12-х профільных класах у рэжыме пяцідзённага вучэбнага тыдня. Эксперыментальныя вучэбныя дапаможнікі ў асноўным адобраны педагагічнай і вучнёўскай грамадскасцю.
У агульнаадукацыйных установах, размешчаных у сельскай мясцовасці, найбольш прымальным варыянтам з’яўляецца адкрыццё агульнаадукацыйных класаў, у якіх вучні дзеляцца як мінімум на тры групы для вывучэння адпаведных профільных прадметаў на павышаным і паглыбленым узроўнях.
Выяўлена, што вучні як гарадскіх, так і сельскіх школ аддаюць перавагу класам фізіка-матэматычнага, філалагічнага, тэхналагічнага профіляў і адпаведным курсам па выбары, якія пашыраюць і паглыбляюць веды па профільных прадметах і дазваляюць лепш падрыхтавацца да ўступных іспытаў у вышэйшыя навучальныя ўстановы.
Эксперымент выявіў праблемы ў арганізацыі профільнага навучання ў школах з адным класам у паралелі. Профільнае навучанне ў такіх класах ажыццяўлялася шляхам стварэння профільных груп. Вывучэнне профільных прадметаў праводзілася ў асноўным на павышаным узроўні за кошт выкарыстання гадзін школьнага кампанента. У некаторых рэгіёнах для арганізацыі профільнага навучання выдзяляліся дадатковыя вучэбныя гадзіны, якія фінансаваліся з мясцовага бюджэту.
Выяўлены таксама праблемы ў арганізацыі тэхналагічнага профілю ў школах з недастатковай вучэбна-матэрыяльнай базай.
— Ці праводзіліся сацыялагічныя даследаванні стаўлення педагогаў, бацькоў і вучняў да ўкаранення профільнага навучання?
— Падчас сацыялагічных даследаванняў, праведзеных у 2004—2007 гадах, былі апытаны 3683 вучні, 3657 бацькоў, 1467 педагогаў, 195 кіраўнікоў устаноў адукацыі.
Пераважная большасць рэспандэнтаў станоўча ставіцца да ўвядзення профільнага навучання на старшай ступені. Пры гэтым адзначаюцца некаторыя “геаграфічныя” адрозненні ў размеркаванні адказаў на гэтае пытанне: станоўча адносяцца да профільнага навучання 94,8 працэнта адзінаццацікласнікаў гарадскіх школ і 82,7 працэнта сельскіх вучняў.
Значная частка апытаных упэўнена, што ўвядзенне профільнага навучання дазваляе забяспечыць падрыхтоўку да ўсвядомленага прафесійнага выбару: 88 працэнтаў кіраўнікоў школ, 80 працэнтаў педагогаў, 70 працэнтаў вучняў выпускных класаў і іх бацькоў.
Больш за 70 працэнтаў усіх катэгорый рэспандэнтаў станоўча адказалі на пытанне аб мэтазгоднасці прадастаўлення вучням агульнаадукацыйных класаў ва ўмовах профільнага навучання магчымасці атрымаць прафесію рабочага (служачага).
— Колькі каштуе пераход на 12-гадовае навучанне і навучанне па профілях?
— Расходы бюджэту на фінансаванне 12-х класаў агульнаадукацыйных устаноў згодна з сацыяльнымі стандартамі складаюць 107 мільярдаў рублёў у год, або 4 працэнты ад аб’ёму сродкаў (2588,9 мільярда рублёў), што выдзяляюцца на агульную сярэднюю адукацыю, або 2 працэнты ад кансалідаванага бюджэту на адукацыю (5465,9 мільярда рублёў).
У галіне працягваецца работа па аптымізацыі сеткі ўстаноў адукацыі. У 2007 годзе закрыта 125 агульнаадукацыйных устаноў. Эканомія ад гэтага склала 7,9 мільярда рублёў.
На ўмацаванне матэрыяльнай базы агульнаадукацыйных устаноў Праграмай развіцця агульнай сярэдняй адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь на 2007—2016 гады прадугледжана выдзяленне 1 166 226,2 мільёна рублёў, у тым ліку за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту — 201 613,2 мільёна рублёў, за кошт сродкаў мясцовых бюджэтаў — 964 613 мільёнаў рублёў.
Прыцягненне дадатковых бюджэтных асігнаванняў для ўвядзення профільнага навучання з 2008/09 навучальнага года не спатрэбіцца. Фінансаванне будзе ажыццяўляцца ў межах сродкаў, выдзеленых на ўтрыманне галіны.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter