Владимир Спиваков подарит белорусам праздник инструментальной музыки и театрального искусства

Класіка здзіўляе

Традыцыйна раз у два гады вядомы расійскі дырыжор, скрыпач і педагог Уладзімір Співакоў запрашае беларускую публіку прыблізіцца да класічнага мастацтва. За пяць сезонаў у Міжнародным фестывалі «Уладзімір Співакоў запрашае...» прынялі ўдзел дзясяткі зорак сусветнай оперы і балета: Дзмітрый Хварастоўскі, Ганна Нятрэбка, салісты Марыінскага тэатра, балет Барыса Эйфмана і многія іншыя. Незабыўныя музычныя сустрэчы, а таксама незвычайныя прэм'еры і выступленні маладых талентаў рыхтуе маэстра і падчас VI Міжнароднага фестывалю «Уладзімір Співакоў запрашае...», які пройдзе ў нашай краіне з 3 па 9 сакавіка.

Адкрыецца фестываль на сцэне Вялікага тэатра Беларусі шыкоўным оперным гала-канцэртам, у якім прымуць удзел дзяржаўны камерны аркестр «Віртуозы Масквы» пад кіраўніцтвам Уладзіміра Співакова і салістка Вялікага тэатра Расіі Ганна Аглатава. У сераду, 4 сакавіка, у Белдзяржфілармоніі пройдзе незвычайны спектакль-канцэрт «Яўген Анегін». Пад музыку Пракоф'ева ў выкананні Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра Беларусі твор Пушкіна прачытае вядомы расійскі акцёр Дзмітрый Дзюжаў. Па традыцыі далучацца да свята класічнага мастацтва і рэгіёны — 4 і 5 сакавіка ў Гомелі і Магілёве выступіць аркестр «Віртуозы Масквы». Затым фестываль зноў вернецца ў сталіцу.

Як вядома, дабрачынны фонд Уладзіміра Співакова ўжо больш за 20 гадоў аказвае дапамогу і падтрымку адораным дзецям. Стыпендыяты фонду прымаюць удзел у міжнародных і ўсерасійскіх конкурсах і фестывалях. Выступаюць юныя таленты і ў межах фестывалю «Уладзімір Співакоў запрашае...». У Мінску яны дадуць канцэрт разам з маэстра 6 сакавіка ў зале Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі.

На наступны дзень у Вялікім тэатры Беларусі адбудзецца балетны гала-канцэрт «Ад класікі да мадэрна». Лепшыя артысты Еўропы прадставяць як сусветныя шэдэўры «Спячая прыгажуня», «Дон Кіхот», «Лебядзінае возера», так і арыгінальныя пастаноўкі, створаныя сучаснымі харэографамі. Завершыць фестываль 9 сакавіка на сцэне Белдзяржфілармоніі канцэрт камернага аркестра «Крэмерата Балтыка», у якім прыме ўдзел запрошаны саліст французскі піяніст Люка Дэбарг.


Фота БЕЛТА.

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter