Как приготовить холодник дома, чтобы получилось не хуже, чем в кафе — подробный рецепт

Класіка летняга жанру

Гатуем беларускі халаднік — адну з самых папулярных страў сезона

Вечная спрэчка расіян у сацыяльных сетках у гэты час: халаднік на квасе ці на кефіры? Беларусам пашанцавала — у нас халаднік традыцыйна гатуюць на вадзе са смятанай. Спякотнымі днямі ён становіцца хітом меню большасці сталічных кафэ і рэстаранаў. Рэцэптура паўсюль розная, але аснова адна — вараныя буракі, свежыя гуркі і зеляніна. Набор крыху дзіўнаваты, затое смак свежы і добра паталяе смагу — ідэальна для такога надвор’я, як зараз. 


Прызнаюся, у нашай сям’і на Палессі халаднік ніхто не гатаваў. Адзіны чалавек, які шчыра любіў гэтую страву, мог доўга і смачна пра яе расказваць, быў дзед, які нарадзіўся і вырас на поўначы краіны — у Пастаўскім раёне Віцебшчыны. Вось там халаднік, здаецца, елі летам кожны дзень ды з варанай ці печанай бульбай. «А больш нічога і не было — ні мяса, ні каўбас, таму халаднік і елі», — казаў дзядуля. Цікава, як з цягам часу гэтая няхітрая вясковая ежа перайшла ў разрад моднай пазіцыі рэстараннага меню…
Вам спатрэбіцца:

♦ халодная кіпячоная вада — 2 л

♦ адвараныя буракі — 350 г

♦ гуркі — 250 г

♦ пёры цыбулі, зялёны кроп — 100 г

♦ смятана — 250 г

♦ яйкі — 2 шт.

♦ палова лімона

♦ соль на смак
У каструлю кладзём дробна нарэзаную зеляніну, выціскаем сок лімона, дадаём дробку солі і добра перамешваем. Буракі і гуркі наразаем або надзіраем на тарцы саломкай — іх таксама дадаём у каструлю. Следам — смятану. Адказны момант — паступова ўліваем ваду і перамешваем наш халаднік. Смятана павінна растварыцца, а колер супу стане ружовым. Можна паспытаць на смак, пры неабходнасці дадаць соль. Падаваць на стол ахалоджаным, у якасці ўпрыгажэння пакласці ў талерку кавалачак варанага яйка. У прыкуску добра пойдуць бульба або чорны хлеб.

kurak@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter