Скрипка Страдивари и необычный спектакль: чем еще будут удивлять на 13-м Международном фестивале Юрия Башмета?

Класічная восень у Мінску

Мінск зноў збірае выдатных музыкантаў з розных краін — пачаўся 13-ы па ліку Міжнародны фестываль Юрыя Башмета. Прывітанне ўдзельнікам і гасцям форуму накіраваў Прэзідэнт.

Заўтра фестываль адкрыюць народны артыст СССР і Расіі Юрый БАШМЕТ з камерным ансамблем «Салісты Масквы»

У мінулую нядзелю першым саліраваў сусветна вядомы расійскі піяніст Мікалай Луганскі. У Вялікай зале Белдзяржфілармоніі гучаў Канцэрт для фартэпіяна з аркестрам Брамса. Нашым сімфанічным аркестрам дырыжыраваў маэстра Крыстоф-Маціяс Мюлер з Германіі.

Заўтра — афіцыйнае адкрыццё форуму. На сцэну выйдзе ўладальнік прэміі «Грэмі» камерны ансамбль «Салісты Масквы» пад кіраўніцтвам народнага артыста СССР і Расіі Юрыя Башмета. Салісты гэтага вечара — сам маэстра і яго альт, скрыпач Вадзім Рэпін і піяніст Расціслаў Крымер.

Гледачоў чакае сустрэча з цудоўным голасам скрыпкі Rode, створанай Антоніа Страдзівары ў 1733 годзе. На гэтым унікальным інструменце і адным з самых дарагіх у свеце іграе выдатны музыкант Вадзім Рэпін.

Яшчэ адна падзея — сусветная прэм'ера Канцэрта для альта і фартэпіяна з аркестрам. Твор напісаны беларускім кампазітарам Валерыем Воранавым і прысвечаны Юрыю Башмету і Расціславу Крымеру, менавіта на фестывалі яны выканаюць яго ўпершыню.

Другая выдатная тройца выйдзе 12 кастрычніка на сцэну Палаца Рэспублікі. У афішы — адна з самых экстравагантных праграм фестывалю, музычна-тэатральны спектакль «Чорт, Салдат і Скрыпка» па матывах твораў Стравінскага.

Аўтар ідэі — скрыпач і дырыжор Дзмітрый Сіткавецкі. Ён жа — у ролі Чорта. Апавядальнікам выступае журналіст і тэлевядучы Уладзімір Познер. Салдат — Андрэй Макарэвіч, рок-музыкант, паэт і мастак, відэарад да спектакля — яго ажыўшыя малюнкі.

Геніяльная музыка, высакакласныя выканаўцы, яркі вершаваны тэкст, камп’ютарная анімацыя, відэа і светлавыя эфекты, сучасная харэаграфія — усё гэта спектакль «Чорт, Салдат і Скрыпка». У Мінску яго пакажуць упершыню і толькі адзін раз!

Сцэна са спектакля «Чорт, Салдат і Скрыпка».

  Ганаровым госцем фестывалю сёлета стане знакаміты латвійскі кампазітар Петэрыс Васкс, адзін з найбольш уплывовых і паважаных сучасных аўтараў у Еўропе. На сцэне Белдзяржфілармоніі 15 кастрычніка прагучыць праграма яго твораў «Сучасная класіка. Вечар прэм'ер».

Класічная музыка і мастацкая гімнастыка аб'яднаюцца ў канцэрце 17 кастрычніка. Міжнародны камерны аркестр East-West Chamber Orchestra выступіць з топ-віяланчэлістам Аляксандрам Князевым і шматразовым прызёрам чэмпіянатаў свету і Еўропы па мастацкай гімнастыцы, лідарам беларускай каманды Кацярынай Галкінай. Для вядомай спартсменкі спецыяльна пастаўлены нумар. Які і якая музыка для яго абраная, трымаецца ў сакрэце.

Таксама ў гэтай праграме прагучаць творы Мечыслава (Майсея) Вайнберга — аднаго з самых выконваемых ва ўсім свеце кампазітараў, які, як мала хто ведае, мае непасрэднае дачыненне да Беларусі. Менавіта сюды ён збег з роднай Польшчы пасля пачатку Другой сусветнай вайны, тут пражыў і правучыўся некалькі гадоў у кансерваторыі да эвакуацыі, у той час як уся яго сям'я загінула ў канцлагеры. Музыка Вайнберга вельмі рэдка гучала ў нас. Асабліва сімвалічна, што дзве яго камерныя сімфоніі выканае аркестр East-West Chamber Orchestra, калектыў, які сабраў лепшых музыкантаў розных краін, аб'яднаных ідэяй міру ва ўсім свеце.

Спецыяльны праект фестывалю, які стаў ужо традыцыйным, — унікальная праграма для маці і дзяцей з самага нараджэння. 18 кастрычніка ў канцэртнай зале «Верхні горад» у выкананні лепшых салістаў — удзельнікаў фестывалю прагучаць у першую чаргу творы Моцарта. Прычына відавочная: даказаны плённы ўплыў яго музыкі на развіццё малых і немаўлят. Пра камфорт мам і дзяцей арганізатары бэбі-канцэрта паклапаціліся асабліва: падабраны даступныя для ўспрымання музычныя творы, прадугледжаны гутарковыя паўзы і  развіваючыя зоны актыўнасці для малых да трох гадоў. Неабходныя ўмовы будуць створаны нават для таго, каб мамачкам можна было пакарміць і спавіць немаўлят.

У гэтай жа зале ўвечары — гала-канцэрт салістаў фестывалю. У праграме «Артысты XXI стагоддзя» выступяць лаўрэаты міжнародных конкурсаў з Расіі, Японіі, Латвіі, Германіі, Беларусі.

Заключны акорд фестывалю прагучыць 20 кастрычніка. На сцэне — зноў Міжнародны камерны аркестр East-West Chamber Orchestra, піяніст і дырыжор Расціслаў Крымер і на гэты раз — сусветна вядомы скрыпач Сяргей Крылоў. У іх выкананні пад заслону форуму — адзін з самых складаных і віртуозных музычных твораў, канцэрт Мендэльсона для скрыпкі і фартэпіяна з аркестрам.


Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter