«Хто шчаслівы, той іншым зла не зычыць», — пераканана галоўны эканаміст столінскага СВК «Фядорскі» Алена Гаўрыльчык

Класiчная музыка лiчбаў i любiмы гармонiк

«Хто шчаслівы, той іншым зла не зычыць», — пераканана галоўны эканаміст столінскага СВК «Фядорскі» Алена Гаўрыльчык 


У СЯМЕЙНЫМ  альбоме галоўнага эканаміста столінскага СВК “Фядорскі” Алены ГАЎРЫЛЬЧЫК захоўваюцца фотаздымкі выступлення школьнага аркестра народных інструментаў на тэлевізійным музычным конкурсе “Чырвоныя гваздзікі”, дзе сярод юных музыкантаў і яна знята з домрай. Самадзейны дзіцячы калектыў з палескай вёскі Фядоры атрымаў і званне лаўрэата рэспубліканскага агляду мастацкай самадзейнасці. Дачка хлебаробаў магла звязаць свой лёс з музыкай, але яе вабілі дакладныя навукі. Па мэтавым накіраванні калгаса паступіла на эканамічны факультэт Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі і на працягу пяці гадоў вучобы ўдзельнічала ў студэнцкім аркестры народных інструментаў. 

З дыпломам эканаміста-арганізатара сельскагаспадарчай вытворчасці вярнулася ў родную вёску Фядоры, выйшла замуж і чвэрць стагоддзя ўзначальвае эканамічную службу вядомай у рэспубліцы гаспадаркі.

У  ВЯЛІКАЙ палескай сям’і Еськаў самую меншую Аленку песцілі ўсе, ад дзядулі Саўкі да старэйшых братоў і сясцёр. Прывучалі і да вясковага побыту. Дзяўчынка спрытна працавала з сярпом і матыкай, граблямі і іншымі сялянскімі прыладамі. Лёгка давалася ёй і школьная навука. Пасля заняткаў паспявала і на рэпетыцыі дзіцячага аркестра народных інструментаў, арганізаванага настаўнікам музыкі і спеваў Мікалаем Гунько. Непаслухмяныя пальчыкі дзяўчынкі чапляліся за струны, але перамагло жаданне навучыцца іграць на домры. Цярплівы педагог Мікалай Міхайлавіч не шкадаваў часу для заняткаў. Праз паўгода ўсе аркестранты авалодалі інструментамі і пачалі развучваць музычныя эцюды, з якімі рыхтаваліся выступіць перад аднавяскоўцамі.    

У вызначаны дзень у калгасны клуб сабраліся жыхары вёскі Фядоры. Паднялася заслона на сцэне, і па ўзмаху рукі дырыжора Мікалая Гунько загучалі першыя акорды дзіцячага аркестра. Алёнцы, калі перабірала струны домры, падалося, што зала чуе стук яе сэрца.

Вечарамі, калі бацька Аленкі вяртаўся з калгаснай жывёлагадоўчай фермы, дзе працаваў заатэхнікам, ён спыняўся на ганку і слухаў чароўныя гукі домры, што даносіліся з хаты. За пяць гадоў удзелу ў школьным аркестры дзяўчынка, як і іншыя ўдзельнікі аркестра, дасканала засвоіла ігру на музычным інструменце. Дзіцячы калектыў пакарыў журы раённага, а затым і абласнога агляду мастацкай самадзейнасці.

Не рассталася Алена з домрай і ў гады вучобы на эканамічным факультэце Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі, дзе з першага курса ўдзельнічала ў студэнцкім аркестры народных інструментаў. З-за рэпетыцый і частых выездаў з канцэртамі даводзілася прапускаць заняткі, але экзамены па асноўных дысцыплінах здавала толькі на выдатна. Яе ставілі ў прыклад іншым. 

Тэарэтычныя веды будучы эканаміст замацоўвала на вытворчай практыцы ў магілёўскім саўгасе “Махава”. Працаваць вярнулася ў родную вёску, дзе атрымала пасаду бухгалтара-эканаміста на буйным жывёлагадоўчым адкормачным комплексе. Галоўны эканаміст фядорскай гаспадаркі Сава Скулавец даручыў ёй распрацаваць перспектыўны план-прагноз развіцця калектыву. Малады спецыяліст заўзята ўзялася за працу, выкарыстоўваючы засвоеныя ў час вучобы навуковыя метады экстрапаляцыі і інтэрпаляцыі, якія базіруюцца на перспектыўным планаванні па раней устаноўленых тэндэнцыях. Алену Максімаўну ўхвалілі за дасканалае веданне тэорыі, а працаваць прапанавалі так, як заведзена ў калектыве. 

Гаспадарку ўзначаліў вопытны кіраўнік Рыгор Дзямко. Стала пашырацца вытворчая база. Меліяратары наступалі на навакольныя прыпяцкія балоты і перадавалі хлебаробам абноўленыя масівы. Заўважна сталі расці аб’ёмы вытворчасці сельгаспрадукцыі. Алене Максімаўне даверылі ўзначаліць эканамічную службу. Аўдавелы бацька парадаваўся за дачку. Сямёра старэйшых братоў і сясцёр разляцеліся па свеце з роднай хаты, і гаспадарскія клопаты леглі на плечы малодшай сястры. Паспявала да працы падаіць карову, прыгатаваць бацьку сняданак. 

У сяброўскай кампаніі Алена пазнаёмілася з гарэзлівым музыкам Сяргеям Гаўрыльчыкам, які завітаў у Фядоры з аддаленай вёскі Гарадная. Падружыліся, і на працягу года юнак матацыклам прылятаў за трыццаць кіламетраў на спатканні. Прапанаваў замуж, і сонечным восеньскім днём маладая пара вянчалася ў Радчыцкай царкве, а вяселле ўсім калгасам гулялі ў Фядорскім клубе. Праўленне гаспадаркі прадаставіла маладажонам новы катэдж.

— АМАЛЬ дваццаць гадоў жывём у ім, — распавядае Алена Гаўрыльчык. — Хатнюю гаспадарку завялі. Жыўнасць трымаем, агарод засяваем, перад домам з вясны да восені вока радуюць кветкі. І на бацькоўскім падворку парадак падтрымліваем. Прыязджаюць браты і сёстры з сем’ямі. І муж мой са шматдзетнай сям’і. Ён дзявяты, а ўсіх дзяцей у іх – дванаццаць. Столькі пляменнікаў, што блытаемся, як каго зваць. Не ўяўляю жыцця без іх. Яны нам як родныя, бо сваіх мы не маем. Муж намерваўся ўзяць прыёмных дзяцей, але я не рызыкнула —  вялікая адказнасць. Мая праца займае шмат часу, і палічыла, што не змагу ім удзяліць належнай увагі. З радасцю сустракаем пляменнікаў. Нядаўна наведваліся Наталля, Алена, Валянцін. Дзве пляменніцы, Ганначка і Янка, сталі ўрачамі і пастаянна клапоцяцца пра наша здароўе.

— Прыемна мець вялікую радню, але, пэўна, клопатна часта прымаць гасцей?

— Кожны госць – свята ў доме. Мінулаю вясною на мой юбілей сабралася ўся наша вялікая радня. Нават з немаўляткам са сталіцы прыехалі пляменнікі, Уладзімір і Сяргей. Гулялі весела. Усім хапіла месца ў нашым прасторным катэджы, які атрымалі ад гаспадаркі і прыватызавалі. Плануем на будучы год падключыць прыродны газ. У аграгарадку газаправод пракладзены, і пачалася разводка па вуліцах. Падключаюцца школа, дзіцячы садзік, фельчарска-акушэрскі пункт, Палац культуры, бібліятэка, камбінат бытавога абслугоўвання, кафэ, магазіны і жылыя дамы. 

Усёй грамадой будуем новы храм Іконы Божай Маці «Неапалімая Купіна». Працаўнікі гаспадаркі штомесячна адлічваюць сродкі на яго ўзвядзенне. З агульнага прыбытку кааператыва накіроўваем частку грошай на гэту будоўлю. Раней ніколі ў Фядорах не было царквы. Заказалі пазалочаныя купалы. Нашы продкі і марыць не маглі пра такі росквіт калісьці глухой палескай вёскі. Памятаю расповеды дзеда Саўкі, як жылося яму на пачатку мінулага стагоддзя. Камарэчу і непраходныя балоты яшчэ і я захапіла.

— Што з дзедавых успамінаў пра мінулае больш запомнілася?

— Расказваў пра сваю маладосць, якая выпала на неспакойны час. Жаніўся да першай імперыялістычнай вайны. Нарадзілася дачка Ева, і дзеда прызвалі ў войска. Праз пятнаццаць гадоў службы вярнуўся дамоў, і яшчэ тры сыны папоўнілі сям’ю. Малодшы Аляксей, якому амаль 90 гадоў, жыве ў Сочы і мінулым летам прыязджаў у госці. Калі пасля вайны пакідаў вёску, то навокал яе акружала векавая дрыгва. Як помнікі мінуламу часу захаваліся некалькі белых мазаных хатак сярод сучасных прыгожых муроў. У невялікай хатцы месцілася і наша мнагадзетная сям’я. Мае бацькі сябравалі яшчэ да вайны. У гады нямецка-фашысцкай акупацыі маму гітлераўцы вывезлі ў рабства, а праз год і бацьку. Маці гнула спіну на зямлі ў баўэра, а бацька — на ваенных заводах у Аўстрыі і Германіі. Яны там да вызвалення працавалі. Пасля перамогі вярнуліся дамоў і пажаніліся. Бацька закончыў Пінскі саўгас-тэхнікум, і яго прызначылі заатэхнікам у гаспадарцы. Быў ён некалькі гадоў і кіраўніком калгаса.

— Вы адчувалі сябе дзецьмі старшыні?

— Як і ўсе на вёсцы, трымалі сваю гаспадарку, дзе трэба было шмат працаваць. Жылі бедна. Усё лета не вылазілі з балота. Па пояс у вадзе цягалі копы сена. Вельмі баялася вужоў, якімі кішэла дрыгва. Бацька па калгасу ездзіў на “козліку”, а нас з сабою не вазіў. Выхоўваў у строгасці. Старэйшая сястра Ганна працавала бухгалтарам у нашым калгасе, а пасля замужжа пераехала ў Пінск. Брат Анатоль закончыў іхтыялагічны факультэт Калінінградскага інстытута рыбнай гаспадаркі і жыве з сям’ёю ў Латвіі. Лёня пасля Кранштацкага мараходнага вучылішча атабарыўся на Далёкім Усходзе. Меліяратарам стаў Мікалай. Люба працавала паляводам у нашым калгасе. Уладзімір і Сяргей — трактарысты. 

Наша вёска Фядоры першай у раёне атрымала статус аграгарадка. Шырокія хлебныя нівы раскінуліся на былым балоце Стыкава, дзе і я яшчэ сена па купінах зграбала. На непраходным Лапацкім балоце па тры метры вымахвае кукуруза. Стабільна па сорак цэнтнераў з гектара намалочваем збожжавых. У гаспадарцы больш як 18 тысяч буйной рагатай жывёлы, з якіх дойнага статка дзве з паловай тысячы галоў. Усіх забяспечваем сваімі кармамі.

— Які асноўны клопат галоўнага эканаміста гаспадаркі?

— Весці эканамічную палітыку, кантраляваць разлікі. Мяне хвалюе неразбярыха ў цэнах, уплыў інфляцыі на вытворчы працэс. Не паспееш зрабіць падлікі, а ў цэнніках ужо новыя лічбы. Цяжка выпрацоўваць перспектывы развіцця. У савецкія часы стабільна ўсё разлічвалі на дзесяцігоддзі і былі ўпэўнены, што эканамічных змяненняў не будзе. Мы распрацавалі перспектыву гаспадаркі да 2025 года, але яна абсалютна нерэальная з-за цэн, якія непрадказуема растуць.

— Вашу гаспадарку можна назваць сучаснай фабрыкай ялавічыны. Колькі тон мяса штогод пастаўляеце дзяржаве?

— Перасягнулі гадавы рубеж вытворчасці ялавічыны ў пяць тысяч тон. Сёлета прадалі ўжо 5300 тон мяса і 13 тысяч тон малака. Сярэдні гадавы ўдой на карову амаль 6 тысяч кілаграмаў. У былыя гады рэнтабельнасць вытворчасці мяса дасягала 50 працэнтаў, а зараз з-за стрыманасці цэн на прадукцыю жывёлагадоўлі ледзьве ўтрымліваемся на плаву. Не таму, што не ўмеем гаспадарыць, а таму, што вымушаны так прадаваць сваю прадукцыю, а ўсё неабходнае для вытворчасці пастаянна даражэе. Выручаюць кармы ўласнай вытворчасці. Сваімі сіламі распачалі рэканструкцыю жывёлагадоўчага комплексу па ўтрыманні кормнікаў. Практычна адмовіліся ад выкарыстання электраэнергіі, якая павышае сабекошт прадукцыі. Працэс утрымання жывёлы распрацавалі так, каб мінімальна задзейнічаць электрычнасць. Замянілі кормараздатачныя ленты на кармавыя сталы, да якіх жывёла падыходзіць і корміцца. Не трэба ўключаць транспарцёр,  які прыводзіўся ў дзеянне электрарухавіком. Трактар з кармамі заязджае ў памяшканне і выгружае на кармавы стол фураж для жывёлы.

— Пэўна, не толькі вытворчасцю прадукцыі жывёлагадоўлі займаецца гаспадарка?

— На абноўленых масівах вырошчваем кармавыя культуры і збожжавыя. Штогадова прадаём дзяржаве паўтары тысячы тон зерня. У перспектыве плануем пашырыць аб’ёмы вытворчасці, але гэта немагчыма без інвестыцыйных пазыкаў банкаў. Сёлета распрацавалі план рэструктурызацыі крэдытаў, на аснове якога нам вызначылі адтэрміноўку іх. Такія бізнес-планы звычайна выконваюць за высокую плату спецыялізаваныя ўстановы, а мы самі справіліся.

— Алена Максімаўна, ці змянілася роля эканаміста за гады вашай працоўнай дзейнасці? 

— Раней мы не ведалі куды патраціць сродкі. Атрымлівалі высокія прыбыткі, а цяпер шукаем, на чым яшчэ можна зэканоміць, каб працаваць не стратна.

— Адчуваеце свой уплыў на эканамічнае развіццё гаспадаркі?

— Сёння роля эканаміста важная і адказная пры распрацоўцы інвестыцыйных планаў. Дзякуючы дасканала складзеным бізнес-планам атрымалі нізкапрацэнтныя пазыкі банкаў і эфектыўна  выкарыстоўваем іх на будаўніцтве трох жывёлагадоўчых ферм. 

Поспех калектыву ў многім залежыць ад правільна наладжанай эканамічнай дзейнасці. Эканамісту трэба адчуваць лічбы і сябраваць з імі. У нашай гаспадарцы згуртаваны калектыў спецыялістаў. Спрэчныя пытанні вырашаем калегіяльна. Наш кіраўнік Рыгор Аляксеевіч Дзямко да спецыялістаў ставіцца ўважліва і прыслухоўваецца да парад.

Сёлетняе засушлівае лета не дазволіла атрымаць запланаваную колькасць збожжа, і для забеспячэння фуражом пагалоў’я вымушаны закупляць зерне. Рыгор Аляксеевіч даручыў эканамічнай службе прааналізаваць сітуацыю і выказаць прапановы. Мы падлічылі і прапанавалі не зніжаць выдачу канцэнтратаў жывёле і атрымаць запланаваную прадукцыю. Улічваем самыя розныя фактары і прымаем рашэнне.

— Які час года для эканамічнай службы самы напружаны?

— Агранамічная і інжынерная службы зімою маюць магчымасць перадыхнуць. Для эканамістаў гэта самы адказны перыяд. Аналізуем вынікі адыходзячага года і распрацоўваем перспектывы. Актыўна ўключылася ў працоўную дзейнасць студэнтка-завочніца Палескага дзяржаўнага ўніверсітэта Аксана Кох. Да нас звяртаюцца калегі з іншых гаспадарак вобласці за парадамі ў нарміраванні і налічэнні заробкаў, цікавяцца нашымі метадамі эканамічнай работы. Падтрымліваю сувязь са сваімі аднакурснікамі. Студэнцкая сяброўка Ірына Шафранская ўзначаліла эканамічны факультэт Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі, і мае практычныя парады карысны ёй у падрыхтоўцы будучых спецыялістаў, а я атрымліваю ад яе самую свежую тэарэтычную інфармацыю.

 — Днямі Нобелеўскую прэмію ўручылі эканамісту Энгусу Дзітону, які вывучаў праблемы спажывання, беднасці і дабрабыту. Яго навуковыя распрацоўкі дапамагаюць урадам краін свету карэкціраваць эканамічную палітыку, выкарыстоўваючы такія механізмы, як назіранне за хатнімі гаспадаркамі і змяненне падаткаў. А ці актуальна гэта для нас?

— Усё новае варта вывучэння і пры неабходнасці адаптацыі. Мяне парадаваў поспех замежнага калегі. Такое прызнанне сведчыць пра значнасць прафесіі эканаміста, і гэта цешыць.

— Чвэрць стагоддзя займаецеся лічбамі, працэнтамі, разлікамі, а з домрай расталіся?

— Гэта аркестравы інструмент, і сам на ім іграць не будзеш. Але жывая музыка ў нашым доме не перавялася. Мне домру замяніў гармонік. Муж Сяргей цудоўна іграе на ім, і калі наплывае сум, ён заводзіць мелодыю, і гучыць любімая песня пра чаромху, што пад акном калыхаецца. 

— Алена Максімаўна, вам у шчасце верыцца?

— Мяне яно не мінула. Шчаслівая ад таго, што ўсё ладзіцца на працы і ў сям’і згода, не хварэюць родныя. Хто сам шчаслівы, той іншым зла не зычыць.

Толькі тады, калі здараецца нешта непрыемнае, пачынаеш разумець цану шчасцю. Лічу, што ніколі не трэба чакаць асаблівага выпадку. Жыццё абрываецца ў адно імгненне, і трэба жыць сённяшнім днём.

Уладзiмiр СУБАТ

Столінскі раён

Фота аўтара
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter