Клады з гарышчаў

ЛЮДЗІ адыходзяць у свет іншы, а пасля іх застаюцца рэчы, якімі яны карысталіся ў побыце. Некаторыя жыхары вёсак і сёння захоўваюць на гарышчах рэчы, якія засталіся ад бацькоў, дзядоў і прадзедаў. Яны ўжо ў доме не патрэбны, а вось развітацца з імі не спяшаюцца. Гэта і ёсць кладоўка для тых, каго яны цікавяць. З адным з такіх дзівакоў, энтузіястам сваёй справы, мне давялося сустрэцца. І гэта знаёмства з Іосіфам КВАЧОМ з вёскі Жукоўшчына адклала непазбыўны след.

Унікальную калекцыю старых сялянскіх рэчаў сабраў у доме-музеі былы настаўнік Іосіф Квач.

ЛЮДЗІ адыходзяць у свет іншы, а пасля іх застаюцца рэчы, якімі яны карысталіся ў побыце. Некаторыя жыхары вёсак і сёння захоўваюць на гарышчах рэчы, якія засталіся ад бацькоў, дзядоў і прадзедаў. Яны ўжо ў доме не патрэбны, а вось развітацца з імі не спяшаюцца. Гэта і ёсць кладоўка для тых, каго яны цікавяць. З адным з такіх дзівакоў, энтузіястам сваёй справы, мне давялося сустрэцца. І гэта знаёмства з Іосіфам КВАЧОМ з вёскі Жукоўшчына адклала непазбыўны след.

Сам ён родам з вёскі Квачы Глыбоцкага раёна. Але даўно тут прыжыўся і лепшага месца сабе не шукае.

Іосіф Леанідавіч закончыў у свой час Беларускі інстытут механізацыі сельскай гаспадаркі. Па размеркаванні трапіў у калгас імя Гагарына (цяпер ААТ «Агратэхсэрвіс»). Давялося толькі пару дзён папрацаваць на пасадзе галоўнага інжынера, як кіраўніцтва раёна распарадзілася іначай — пільней патрэбен быў спецыяліст у калгас «Шлях Леніна» (цяпер ААТ «Васюкі»).

Праз колькі год працы ў гаспадарцы галоўным інжынерам перайшоў у школу настаўнікам фізкультуры. Работа ў школе вельмі падабалася, але адукацыя не падыходзіла. Паступіў і паспяхова завочна закончыў фізкультурны факультэт Віцебскага педагагічнага ўніверсітэта імя П. М. Машэрава.

Аднойчы папрасіла старэнькая жанчына з суседняй вёскі вучняў старэйшых класаў Слабадской сярэдняй школы разам з настаўнікам фізкультуры дапамагчы разабраць трухлявую пабудову. Як паглядзелі на гарышча, а там столькі цікавых рэчаў!

Загарэліся вочы ў настаўніка фізкультуры. З дазволу гаспадыні сабраў усё Іосіф Леанідавіч і прынёс дадому.

Глядзець на рэчы, якія для жонкі не ўяўлялі ніякай каштоўнасці, было не вельмі прыемна. Тады муж знайшоў выйсце. Непадалёку стаіць невялікая хатка, дзе ён, будучы хлопцам, кватараваў у добрай бабулі. Яна адышла ў свет іншы і адпісала яму гэтую будыніну.

«Там у мяне будзе свой музей», — вырашыў гаспадар і паведаміў аб гэтым сям’і: «Усё гэта як напамін аб нашай даўніне, нашых каранях, гэта будуць сведкі непарыўнасці пакаленняў».

Шмат рэчаў сталі прыносіць самі жыхары навакольных вёсак.

У «доме-музеі» тры пакоі, і ўсё размеркавана па сваіх месцах. Праўда, цесна там, калі прывесці вялікую колькасць людзей на экскурсію, то трэба заходзіць па чарзе.

Вось пакой, дзе займаліся ручной працай мужчыны. Далей жаночы пакой, тут усе прылады працы па апрацоўцы лёну, далей — як гадавалі дзетак — дзіцячыя прыстасаванні, у наступным пакоі стаяць кросны.

— Каб на іх можна было ткаць, майстра наняў, і той два дні іх да ладу даводзіў, — прызнаецца Іосіф Квач, — пакуль не запрацавалі.

Тут жа прылады па тэхніцы ткацтва на бердзячку, дошчачках. Калекцыя прасаў — цэльналітых чыгунных (награвалі на печы), вугальных, качалкі для прасавання бялізны. Ёсць такія рэчы, што і не здагадаешся, для чаго яны былі прызначаны, пакуль збіральнік не растлумачыць.

Словам, усё, што там захоўваецца, пераказаць словамі немагчыма. Трэба самім пабачыць.

Кацярына СОСНА

Шаркаўшчынскі раён

НА ЗДЫМКАХ: экспанаты хатняга музея дэманструе Іосіф КВАЧ; сялянскія рэчы.

Фота аўтара

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter