Гасцей збірае фестываль фальклорнага мастацтва “Берагіня”

Кліча Рудабельскае Купалле

У гарадскім пасёлку Акцябрскі, што на Гомельшчыне, пачаўся Рэспубліканскі фестываль фальклорнага мастацтва «Берагіня». На святочныя імпрэзы чакаюць лепшыя дзіцячыя і маладзёжныя аўтэнтычныя гурты з розных рэгіёнаў краіны, а таксама самабытных выканаўцаў з Польшчы, Украіны, Расіі, Літвы, Сербіі, Чэхіі. Усяго — больш за 900 самадзейных артыстаў. Пра адметны фестываль, які за час свайго існавання ператварыўся ў яркую і важную падзею культурнага жыцця, мы гутарым з яго ініцыятарам, навуковым і мастацкім кіраўніком, вядомым збіральнікам, даследчыкам і папулярызатарам нацыянальнага танца, этнахарэографам Мікалаем Козенкам.



— Мікалай Аляксеевіч, фестываль праходзіць пад патранатам ЮНЕСКА, і гэта шмат пра што гаворыць...

— Перш за ўсё пра самабытнасць «Берагіні». Гэта — адзіны з сотні фестываляў у нашай краіне, які скіраваны менавіта на аўтэнтычную культуру, вакол якога аб’яднаныя дзеці, моладзь, носьбіты традыцый, які мэтанакіравана, сістэмна, шматузроўнева займаецца выяўленнем, аднаўленнем, трансляцыяй, папулярызацыяй і распаўсюджваннем традыцыйнай мастацкай культуры ва ўсіх яе адметных праявах. 

— Ведаю, што наша традыцыйная культура даўно прыцягвае замежных даследчыкаў.

— Так, бо яны маюць унікальную магчымасць вывучаць праз яе аўтэнтычную славянскую культуру. Менавіта наша тэрыторыя, як ні адна іншая ва ўсходнеславянскім рэгіёне, захавала ў жывым выглядзе гэты найстаражытнейшы пласт. У нас яшчэ можна ўбачыць сапраўдныя абрады народнага календара і сямейна-радавога цыкла, у нас ёсць месцы на Палессі, Падняпроўі ды ў іншых рэгіёнах, дзе аўтэнтычны фальклор з’яўляецца натуральнай часткай побыту.

Хаця прыходзіцца канстатаваць, што разбурэнне гэтага працэсу ўсё ж назіраецца, адыходзяць носьбіты традыцый. Таму вельмі важна перадаць назапашанае моладзі: з голасу ў голас, з рукі ў руку, з нагі ў нагу. Дарэчы, такія вусныя формы навучання вельмі прадуктыўныя, што пацвярджае і наш фестываль.

— Сёлета ён дзявяты па ліку, але сам рух па захаванні рэгіянальнай традыцыйнай культуры, выкарыстанні народнай спадчыны ў выхаванні моладзі пачаўся з 1990-х гадоў. 

— Увесь гэты час мы не проста вучым спяваць ці танцаваць, а імкнёмся фарміраваць самадастатковую творчую асобу, якая годна пачувае сябе ў прасторы традыцыйнага мастацтва, усяляк пашырае і ўмацоўвае беларускую спадчыну. Калектывы ўдзельнічаюць у харэаграфічнай, музычнай інструментальнай, песеннай праграмах, у дэкаратыўна-прыкладной творчасці. Кожны ўдзельнік фестывалю — асоба, эксклюзіў ва ўсім: у паводзінах, у мастацкім самавыяўленні, у касцюме. Яны, дарэчы, у нас сапраўдныя, створаныя з улікам той ці іншай мясцовай традыцыі.



— Нехта скажа: навошта цягнуць у XXI стагоддзе гэтыя скокі, спевы, касцюмы «дзеравенскія»?

— Такое стаўленне да сапраўды народных, аўтэнтычных музыкі, танцаў, спеваў, да роднай мовы — гэта, на жаль, сведчанне невуцтва, няведання і бяспамяцтва. Але ёсць і супрацьлеглая думка: «Берагіню» лічаць адным з адметнейшых і найцікавейшых фестываляў, які паказвае багацце і разнастайнасць беларускай народнай спадчыны. Між іншым, з 2002 года «Берагіня» ўключана ў план мерапрыемстваў па рэалізацыі канцэпцыі нацыянальнай бяспекі краіны.

— А ці жывы сёння сапраўдны беларускі народны танец па-за фестывалем?

— Я займаюся не толькі фестывальным рухам, але выкладаю і практычна навучаю народным танцам. Напрыклад, дапамагаю школе традыцыйнага танца пры маладзёжнай суполцы «Гуда» ў Мінску. На заняткі туды прыходзяць і навукоўцы-тэхнары, і праграмісты, і ўрачы, і студэнты. Некаторыя нават з раёнаў прыязджаюць дзеля гадзіны ўрока. Не першы год танцавальныя вечарыны ў розных кутках Мінска арганізоўвае выкладчык філасофіі адной з ВНУ Аляксей Крукоўскі. Напрыклад, у Верхнім горадзе па нядзелях збіраюцца. І, трэба сказаць, з Мінска гэтая плынь ужо разышлася па іншых гарадах — танцуюць сёння ў Магілёве і Гомелі, Бабруйску, Ракаве, Крупках.

— А колькі існуе беларускіх народных танцаў?

— Я — даследчык, а не магу дакладна сказаць. Возьмем польку. Напрыклад, толькі яе тыпы: трасуха, дробная, з падгопам, скакуха, соўгалка, упрытупачку, цераз ножку, а па характары выканання — крутуха, верацяно… Сотні разнастайных формаў і варыянтаў. Можна некалькі разоў ездзіць у адну і тую ж вёску і знаходзіць новыя танцы. У мяне было так у Чачэрскім раёне, дзе ў вёсцы Бабічы аказалася аж тры варыянты аднаго і таго ж танца «Базар».

У фундаментальным навуковым выданні 2013 года «Традыцыйная мастацкая культура беларусаў», якое атрымала спецыяльную прэмію Прэзідэнта і адным з аўтараў якога я з’яўляюся, у томе, прысвечаным Гомельшчыне, падрабязна апісаны ўсяго толькі 133 танцы, уласцівыя гэтаму рэгіёну.

— А ці многа сапраўднага народнага ў нашых прафесійных танцавальных ансамблях?

— На жаль, не. Яны больш арыентуюцца на ўвасабленне нейкіх аўтарскіх мастацкіх ідэй-прыдумак, далёкіх ад сапраўднай народнай харэаграфіі. Уласна для мяне па эстэтыцы, па тэхніцы выканання, па рэпертуары вышэй за прафесіяналаў быў заслужаны аматарскі калектыў харэаграфічны ансамбль «Рунь» пад кіраўніцтвам Віктара Папова з Магілёва, але, на жаль, гады два таму ён перастаў існаваць. А калі гаварыць пра самадзейнасць наогул, то беларускага танца ў ёй практычна няма. У лепшым выпадку пад адну і тую ж «фанеру», бо не стала ансамбляў суправаджэння з жывой музыкай, па ўсёй краіне скачуць а-ля беларускія танцы. 

— Чым здзівіць сёлета «Берагіня»?

— Разнастайнасцю мастацкіх праграм, у тым ліку новых. Упершыню будуць выконваць беларускія традыцыйныя сольныя імправізацыйныя танцы, прэзентаваць традыцыйнае вяселле, народныя строі, чытаць народную прозу. Звыш 250 чалавек будуць удзельнічаць у конкурсе танцавальных пар — унікальная з’ява. Упершыню адбудзецца конкурс інструментальных капэл. І, канешне, у каторы раз здзівіць Рудабельскае Купалле. Мяркуем, што паўдзельнічаць у гэтым відовішчным абрадавым свяце збяруцца 25 чэрвеня ў Акцябрскім звыш 3 тысяч чалавек.

svirko@sb.by
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter