Як па-рознаму складваецца сезон у нашых вытворцаў журавін

Кіслая міна чырвонай ягады

Збор журавін у разгары. Для палешукоў восеньская ягада — выдатная магчымасць падзарабіць. Вяскоўцы са Столінскага, Ганцавіцкага раёнаў увесь вольны час праводзяць у балотах, збіраюць журавіны. Ягаду здаюць нарыхтоўшчыкам па 2,5 — 3 рублі за кілаграм.

Калі прыходзіць пара збіраць ягаду, чэкі заліваюць вадой. У поле выходзіць тэхніка. Трактары спецыяльнымі матавіламі зрываюць журавіны з кустоў, і яны ўсплываюць

Арганізацыі Белкаапсаюза ўжо закупілі амаль паўтысячы тон журавін і брусніц. Гэта ў 3,5 раза больш, чым летась. Зрэшты, сёлетні ўраджай радуе не ўсіх.

Не  замарозіць, дык  паб’е

Самая вялікая ў Еўропе журавінавая плантацыя знаходзіцца за 30 кіламетраў  ад Пінска, недалёка ад вёскі Селішча. Яе плошча — 85 гектараў. Тэхналогію і пасадачны матэрыял прадпрыемства «Палескія журавіны» атрымала ў сярэдзіне 1980-х ад амерыканцаў. Ягада на Піншчыне прыжылася. Штогод тут збіраюць 300—350 тон журавін. У самыя ўраджайныя гады — больш за 600 тон. Але сёлета аб новых рэкордах гаворка не ідзе: год выдаўся цяжкім. Дырэктар ААТ «Палескія журавіны» Васіль Лягускі рабіць прагнозы асцерагаецца:

— З замаразкамі мы навучыліся спраўляцца, а вось супраць граду прыёмаў у нашым арсенале пакуль няма. Гэтым летам двойчы — 17 і 26 жніўня — прайшоў моцны град. Ягада да гэтага часу ўжо сфарміравалася, пасадкі сур’ёзна пашкоджаны. Таму рабіць нейкія прагнозы складана.

Асноўную частку ўраджаю прадпрыемства пастаўляе на экспарт — у краіны ЕС. Там беларускія журавіны карыстаюцца неблагім попытам. Ад дзікай ягады яны адрозніваюцца буйнымі памерамі (2— 2,5 см) і адсутнасцю паху ціны. Збіраюць «чырвонае золата» двума спосабамі — «сухім» і «мокрым». Некаторыя заказчыкі патрабуюць, каб журавіны былі сабраныя ўручную. Таму для збору ягады прадпрыемства наймае сезонных рабочых, якім плаціць каля 20 рублёў у дзень. Гэта і ёсць «сухі» спосаб. «Мокры» — куды больш відовішчны і незвычайны.

Журавінавае поле разбітае на вялікія ўчасткі. Іх называюць чэкамі. Калі прыходзіць пара збіраць ягаду, чэкі заліваюць вадой. Пасля ў поле выходзіць тэхніка. Трактары спецыяльнымі матавіламі зрываюць ягаду з кустоў. Лёгкія журавіны ўсплываюць. Некалькі мужыкоў, нібы невадам, сцягваюць яе да транспарцёра, які загружае свежыя журавіны ў прычэп. Наступныя этапы — ачыстка, сартаванне, фасоўка, замарозка. Далей — адпраўка заказчыкам. Нашы журавіны чакаюць у Польшчы, Германіі, Вялікабрытаніі, Латвіі, Расіі.

Цяжка, а  што  рабіць?

Жыхарам вёскі Боркі Ганцавіцкага раёна адпачываць таксама няма калі. Восеньскую ягаду тут збіраюць спакон веку. Вяскоўцы з верасня і да першых замаразкаў увесь свой вольны час праводзяць у балоце. Пенсіянерка Марыя Мікалаеўна — адна з іх:

— Ва ўраджайны год можна добра зарабіць, а зараз ягады вельмі шмат. Калі пастарацца, за дзень можна набраць і 20, і 30 кілаграмаў, і нават больш. Цяпер закупачная цана пачынаецца ад 2,5 рубля за кілаграм. У нас у вёсцы працуюць некалькі нарыхтоўшчыкаў. Некаторыя купляюць ягаду для райспажыўтаварыства, некаторыя — для прыватнікаў.

Марыя Мікалаеўна распавядае, што збор журавін — цяжкая праца. Каб пераканацца ў гэтым, дастаткова проста пахадзіць па балоце з раніцы і да вечара — упадзеш без сіл. А за плячыма ягаднікаў яшчэ і велізарныя мяхі:

— Цяжка, вядома. Ногі гразнуць у балоце, плечы ныюць ад грузу, адпачыць няма дзе. Лягчэй працаваць усёй сям’ёй. Тады за сезон можна сабраць некалькі тон журавін. Многія ягаду хаваюць на зіму ў балоце, пад вадой. Мароз робіць яе смачнейшай. Да таго ж вясной журавіны можна збыць даражэй.

Дарэчы, па стане на ўчарашні дзень Ганцавіцкае райспажыўтаварыства нарыхтавала больш за 7 тон дзікарослых журавін.

За  журавінамі — на  палігон
У лепшыя гады працаўнікі «Палескіх журавін» збіраюць да 600 тон ягад. Сёлетні ўраджай моцна пацярпеў з-за летняга граду
Фота Валерыя КАРАЛЯ

У 200 кіламетрах ад вёскі Боркі, на Століншчыне, раскінуліся Альманскія балоты. Іх плошча — 94 тысячы гектараў. Гэта прыкладна як тры Мінска. У 60-я гады тут з’явілася трэніровачная пляцоўка Савецкай Арміі — Мерлінскі па-лігон. Жыхароў навакольных вёсак перасялілі на тэрыторыю Украіны. Аднак хадзіць у лес за дзікаросамі яны не перасталі. Да таго ж трапіць на палігон з украінскага боку прасцей, чым з беларускага. Парушэнне дзяржаўнай мяжы зборшчыкаў не спыняла. Што зробіш, калі знайсці працу ў роднай вёсцы нерэальна?

У балотах вяскоўцы жылі тыднямі, а ў канцы сезона сабраны ўраджай перавозілі ва Украіну. Не раз і не два справа даходзіла да сур’ёзных канфліктаў з памежнікамі. Яны да гэтага часу ўспамінаюць, як вяскоўцы штурмавалі пагранічны пост, спрабуючы вызваліць затрыманых землякоў. Бывала, ладзілі засады, завальвалі памежнікам дарогу спілаванымі дрэвамі. Шэсць гадоў таму было прынята рашэнне: прапускаць жыхароў памежжа для збору ягад на тэрыторыю Беларусі. Але цяпер украінскіх зборшчыкаў на Мерліне няшмат. Вось што распавялі жыхары вёскі Альманы:

— Збор ягад па законе — гэта абмежаванні. На суткі, напрыклад, у лесе заставацца нельга. Да вечара трэба вярнуцца дадому. А многія прафесійныя «журавіннікі» прывыклі жыць у лесе тыднямі. Да таго ж раней ва Украіне за кілаграм журавін плацілі тры долары. Сёння такіх коштаў і блізка няма. Многія жыхары памежных вёсак пераключыліся на іншы, больш прыбытковы бізнес — нелегальную здабычу бурштыну.

У Пінскім пагранічным атрадзе гэтую інфармацыю пацвердзілі — зборшчыкаў дзікаросаў з Украіны стала значна менш. Магчыма, гэта неяк звязана яшчэ і з тым, што наведванне заказніка «Альманскія балоты» для замежнікаў стала платным і каштуе 23 рублі на год.

p.losich@gmail.com
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter