Кірыл Руды: “Калі бакі дамовіліся і трымаюць слова, то гэта ўмова поспеху ў любой справе”

Супрацоўніцтва з Кітаем дае магчымасць Беларусі рэальна ацаніць свае патэнцыйныя экспартныя магчымасці
Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь у Кітайскай Народнай Рэспубліцы Кірыл Руды: “Калі бакі дамовіліся і трымаюць слова, то гэта ўмова поспеху ў любой справе”


Фота БелТА

— Супрацоўніцтва з Кітаем дае магчымасць Беларусі рэальна ацаніць свае патэнцыйныя экспартныя магчымасці. Для каго з беларускіх вытворцаў ніша на кітайскім рынку ўсё яшчэ адкрыта?

— За гады гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва Беларусі з Кітаем склаўся даволі дакладны пералік беларускай прадукцыі, якая праходзіць на кітайскі рынак і вытрымлівае канкурэнцыю:  

•    калійныя ўгнаенні;

•    капралактам, поліаміды, жгут сінтэтычных нітак, г.зн. прадукцыя канцэрна “Белнафтахім”;

•    кар’ерная тэхніка, трактары, камбайны, інтэгральныя схемы.

У розныя гады гэтыя пазіцыі складалі ад 80 працэнтаў да 95 працэнтаў беларускага экспарту. Пры гэтым асноўную долю заўсёды займалі калійныя ўгнаенні. Прадукцыя іншых галін і асобных буйных прадпрыемстваў Беларусі пакуль не вытрымлівае канкурэнцыі на кітайскім рынку альбо па цане, з улікам высокага сабекошту і транспартных расходаў, альбо па якасці і постпрадажным абслугоўванні. У сувязі з гэтым у структуры беларускага экспарту ў Кітай практычна адсутнічае прадукцыя лёгкай прамысловасці, будаўнічай галіны, фармакалагічнай прамысловасці і інш.

Кітай працягвае паляпшаць тэхнічныя і якасныя характарыстыкі сваёй прадукцыі ў многіх галінах, удзяляючы асноўную ўвагу інавацыям, выцясняючы з мясцовага, ды часта і замежных рынкаў сваіх канкурэнтаў, у тым ліку і нашу прадукцыю. Прыклад — БелАЗ, які яшчэ пяць гадоў назад адчуваў сябе даволі камфортна на рынку Кітая, а сёння страціў свае канкурэнтныя перавагі і не паставіў у 2014-2016 гадах у КНР ніводнага самазвала. Праблемы ў Кітаі з’явіліся і ў МТЗ.

— Што тут запатрабавана, нягледзячы на тое, што кітайцы самі імкнуцца многае экспартаваць і прапаноўваць партнёрам?

— У Кітаі запатрабавана ўсё, гэта вялікі рынак, але не ўсякі тавар тут купяць. Канкурэнцыя па многіх таварных пазіцыях вельмі высокая, прычым як сярод імпартных тавараў, так і мясцовай вытворчасці. На адзін таварны артыкул можа прыпадаць да тысячы толькі мясцовых вытворцаў.

Рэальная перспектыва на кітайскім рынку ў беларускай сельгаспрадукцыі і харчовай прамысловасці: ялавічыны, птушкі, свініны, малака, асабліва дзіцячага харчавання, ільновалакна, крухмалу, кандытарскіх вырабаў, алкагольных і безалкагольных напояў. Але многае залежыць ад кан’юнктуры рынку. Трэба выбраць правільны момант уваходу і замацавання на рынку.

Нязначны тэхналагічны задзел пакуль застаўся ў прадукцыі ААТ “МТЗ”, ААТ “БелАЗ” і ААТ “Гомсельмаш”. Таму варта фарсіраваць працэс стварэння новых зборачных вытворчасцяў у правінцыях Кітая, але што яшчэ больш важна — дабівацца стварэння альянсаў са стратэгічнымі кітайскімі партнёрамі сусветнага ўзроўню, выходзіць на распрацоўку і вытворчасць сумесных прадуктаў, арганізацыю аб’яднанай ці скаардынаванай збытавай сеткі на рынках трэціх краін. Пэўная работа ў гэтым напрамку вядзецца, намеціўся прагрэс у перагаворах буйных беларускіх прадпрыемстваў з такімі кітайскімі “цяжкавагавікамі”, як карпарацыі Sinomach, Sangjiang, Zoomlion.

Захоўваюцца шанцы ў беларускай нафтахімічнай прадукцыі, але пры гэтым канцэрну “Белнафтахім” неабходна сканцэнтравацца на прапанове тавараў з большай глыбінёй перапрацоўкі, з большай дабаўленай вартасцю.

Вялікі патэнцыял ёсць у гандлі паслугамі, напрыклад, адукацыйнымі і турыстычнымі. Кітайцы могуць атрымаць якасную і адносна танную вышэйшую адукацыю ў Беларусі, выву­чыць рускую мову. Дзякуючы зняццю візавых абмежаванняў для турыстаў, адкрыццю прамых авіярэйсаў, адмене віз з САР Ганконг можна ўзмацніць экспарт турыстычных паслуг.

— Высокая канкурэнцыя на кітайскім рынку — гэта вельмі сур’ёзная праблема для тых, хто хоча сябе паспрабаваць у якасці пастаўшчыка пэўнага тавара ў Паднябесную?

— Канкурэнцыя ў Кітаі, напэўна, самая высокая ў свеце. Тут прысутнічаюць практычна ўсе буйнейшыя транснацыянальныя карпарацыі, вельмі шмат і моцных мясцовых гульцоў.

Але Кітай — гэта вялізны рынак: па тэрыторыі прыкладна ў 46 разоў большы за Беларусь, а яго насельніцтва роўнае насельніцтву абедзвюх Амерык, Заходняй Еўропы, Аўстраліі і Новай Зеландыі разам узятых. Таму шанцы знайсці сваю нішу ёсць. Найбольш папулярнымі ў замежных кампаній з’яў­ляюцца ўсходнія рэгіёны. У цэнтры і асабліва на захадзе Кітая імпартныя тавары ведаюць менш. Акрамя таго, імпарт даволі трывала пранік у гарады так званага першага ўзроўню, г.зн. самыя буйныя, а вось у “глыбінцы”, у гарадах па кітайскіх мерках не вельмі буйных, з насельніцтвам 1-2 мільёны чалавек, прабіцца, думаю, прасцей. У сувязі з гэтым партнёра варта шукаць, што называецца, “на раёне”.


"Поспех тавара на кітайскім рынку перш за ўсё вызначаецца яго якасцю і цаной, прывабнымі спажывецкімі ўласцівасцямі, дызайнам, пасляпрадажным абслугоўваннем ды іншымі рыначнымі характарыстыкамі



— Ці могуць беларускія экспарцёры мець нейкія перавагі перад экспарцёрамі з іншых краін у пастаўках на кітайскі рынак сваёй прадукцыі, улічваючы вельмі цеснае супрацоўніцтва дзвюх дзяржаў? Або галоўныя, традыцыйныя аргументы ў такіх выпадках — гэта “якасць” і “цана”?

— Як Вы разумееце, Беларусь — не адзіная краіна, з якой у Кітая “вельмі цесныя” адносіны. Кітай — вялікая краіна, якая сёння адказвае ўжо не толькі на нацыянальныя, але і глабальныя выклікі. Доказ гэтаму ханчжоускі саміт G20. Беларусь займае сваё асаблівае месца ў дыпламатыі Кітая, але яно не адзінае. Гэта першае.

Другое — маштабы двухбаковага гандлю. Беларускі экспарт у агульным імпарце Кітая ў 2015 годзе склаў сотыя долі працэнта. Таму складана разлічваць толькі на палітычныя перавагі, бо Кітай — член СГА і мае глыбокія эканамічныя ўзаемасувязі з іншымі краінамі.

І трэцяе, самае важнае. Кітай — гэта фактычна краіна з рыначнай эканомікай, дзе дзейнічаюць законы рынку. Таму поспех тавара на кітайскім рынку перш за ўсё вызначаецца яго якасцю і цаной, прывабнымі спажывецкімі ўласцівасцямі, дызайнам, пасляпрадажным абслугоўваннем ды іншымі рыначнымі характарыстыкамі.


— Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ставіць задачу дасягнуць у развіцці супрацоўніцтва Беларусі і Кітая новага якаснага рыўка. Пра гэта ён, дарэчы, гаварыў, назначаючы Вас новым Паслом Беларусі ў КНР. Як Вы плануеце выконваць гэтую задачу? Што ў Вашых планах як Пасла на гэты конт?

— Пасол — гэта памочнік Прэзідэнта ў краіне знаходжання. Таму ўстаноўкі кіраўніка дзяржавы з’яўляюцца галоўнымі арыенцірамі ў рабоце.

У якасці траекторыі новага рыўка ў двухбаковых адносінах я вылучыў бы тры напрамкі.

Першы — палітычнае супрацоўніцтва. Тут нашы адносіны ўжо развіваюцца даволі глыбока і імкліва. Беларусь за 25 гадоў дыпламатычных адносінаў з Кітаем прайшла шлях, на які у многіх краін патрэбна было шмат стагоддзяў. Таму тут важна захаваць гэты ўзровень даверных, безумоўных адносінаў, а таксама забяспечыць, каб яны працягвалі развівацца, як гаворыцца, пры любым надвор’і ў свеце і нягледзячы ні на якія знешнія фактары.

Другі — гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва. Тут важна нараўне з традыцыйнымі экспартнымі пазіцыямі — калійных угнаенняў, прадукцыі нафтахіміі, сельскагаспадарчай ды іншай тэхнікі — адкрываць доступ на кітайскі рынак ды іншай прадукцыі, дзе ёсць у Беларусі канкурэнтныя перавагі, напрыклад, ялавічыне, птушцы, свініне. Для прасоўвання экспарту ў Кітаі, як правіла, патрэбны мясцовы партнёр, а значыць, трэба выходзіць на стварэнне разумных альянсаў з кітайскімі партнёрамі сусветнага ўзроўню, распрацоўваючы новыя нішы для беларускіх тавараў.

Трэці — інвестыцыйнае супрацоўніцтва. У галіне інвестыцыйнага супрацоўніцтва, думаю, галоўная задача — забяспечыць пераход ад крэдытнага фінансавання праектаў да ўзаемных прамых інвестыцый. У гэтай сферы ёсць надзеі на развіццё Кітайска-беларускага індустрыяльнага парка “Вялікі камень”, прыцягненне ў яго сур’ёзных рэзідэнтаў, ператварэнне гэтага праекта ў сапраўдную “жамчужыну эканамічнага пояса Шаўковага шляху”, як яго назваў Старшыня КНР Сі Цзыньпін. У цэлым важным з’яўляецца спалучэнне двухбаковых эканамічных механізмаў. Калі Кітай актывізуе выхад кітайскіх прадпрыемстваў на знешнія рынкі, а Беларусь зацікаўлена ў прыцягненні інвестараў, то так можа атрымацца  ўзаемная інвестыцыйная сінергія.

— Прэзідэнт запатрабаваў, каб беларускі бок быў гатовы на магчымасці, якія адкрываюцца ў развіцці супрацоўніцтва. Роля Пасольства тут таксама вельмі значная. Якую дапамогу яно можа аказаць тым, хто хацеў бы выйсці на кітайскі рынак і працаваць тут даўгачасна?

— Для Пасольства важна, каб двухбаковыя адносіны развіваліся стабільна, эвалюцыйна, па ўзыходнай траекторыі без экстрэмумаў і цыклаў. Таму ролю Пасольства я ахарактарызаваў бы як контрцыклічную. Калі ў нейкім напрамку двухбаковага супрацоўніцтва з’яўляецца магчымасць, а бакі яе не бачаць і ўпускаюць, то задача Пасольства накіраваць, падштурхнуць, падтрымаць. І наадварот, калі ў пэўных сферах наступае перагрэў, завышаныя спадзяванні, то роля Пасольства своечасова папярэдзіць, астудзіць бакі, каб пазбегнуь расчаравання.

Для тых жа, хто сапраўды хацеў бы выйсці на кітайскі рынак і працаваць тут даўгачасна, як правіла, дапамога Пасольства не патрэбна. Гэта сур’ёзныя кампаніі з моцнай маркетынгавай службай, якія карыстаюцца паслугамі міжнародных юрыдычных, фінансавых кампаній. Пасольства заўсёды іх падтрымае на палітычным узроўні, будзе лічыць флагманам двухбаковых адносінаў. Але на практыцы, на жаль, у Пасольства часам звяртаюцца кампаніі, у якіх не атрымліваецца самастойна вырашаць пытанні з камерцыйнымі партнёрамі, і Пасольства вымушана выконваць неўласцівую ролю, калі дзяржаўны інстытут умешваецца ў бізнес-адносіны.

— Якія інструменты, па-Вашаму, трэба ўжо сёння задзейнічаць, каб зрабіць прарыў у двухбаковых адносінах?

— Па-першае, міжрэгіянальнае супрацоўніцтва. У гандлёва-эканамічнай галіне бачыцца мэтазгодным выкарыстоўваць патэнцыял рэгіянальных сувязяў. На сённяшні дзень кожная з абласцей Беларусі і горад Мінск устанавілі партнёрскія альбо пабрацімскія адносіны з некалькімі правінцыямі і гарадамі Кітая. Многія кітайскія кампаніі з правінцый толькі далучаюцца да знешнеэканамічнай дзейнасці і актыўна імкнуцца выйсці за мяжу. І гэта зусім не дробны бізнес. Правінцыя Кітая па эканамічным маштабе можа быць супастаўная з еўрапейскай краінай, а кампанія правінцыйнага ўзроўню можа мець абарот у некалькі мільярдаў долараў.

Па-другое, традыцыйныя экспартныя інструменты. Нашым экспарцёрам параіў бы сачыць за паведамленнямі СМІ, запытваць інфармацыю ў БелГПП і яе абласных аддзяленнях аб правядзенні чарговага круглага стала ці бізнес-семінара з удзелам кітайскіх гасцей з рэгіёнаў, імкнуцца прыняць у мерапрыемствах удзел з мэтай пошуку партнёраў. Як уяўляецца, шанцы ўсталявання дзелавых адносінаў у гэтым выпадку даволі вялікія. Ну і, вядома, не трэба забываць пра выставы, асабліва спецыялізаваныя, на якіх можна і тавар свой тварам паказаць, і ацаніць канкурэнтаў, і знайсці партнёраў. Пасольства заўсёды гатова падказаць, у якой выставе лепш удзельнічаць ці якую наведаць, аказаць іншае садзейнічанне. У дапамогу беларускім экспарцёрам у Кітаі магло б стаць стварэнне Беларускага гандлёвага дома для кансалтынгавай, прававой ды іншай падтрымкі.

Па-трэцяе, узаемнае інвестыцыйнае супрацоўніцтва. Трэба тут прымяняць як традыцыйныя, так і новыя інструменты. Стварэнне не проста сумесных прадпрыемстваў і ўваходжанне ў акцыянерны капітал, але і фарміраванне інвестыцыйных, венчурных фондаў, выхад на Ганконгскую біржу. Прынцыповым з’яўляецца разуменне таго, што крэдытныя інструменты інвестыцый часта застаюцца крэдытнымі і патрабуюць вяртання сродкаў, таму неабходны пераход да прамога інвеставання.


 "Высокі ўзровень беларуска-кітайскіх адносінаў паміж дзвюма краінамі, які мае ўсебаковы стратэгічны характар, а таксама геаграфічнае становішча ды іншыя канкурэнтныя перавагі нашай краіны аб’ектыўна спрыяюць двухбаковаму ўзаемадзеянню ў рэалізацыі праекта эканамічнага пояса Шаўковага шляху



— Якім Вам бачыцца ўзаемадзеянне дзвюх краін у рамках эканамічнага пояса Шаўковага шляху?

— Рэспубліка Беларусь у ліку першых краін заявіла аб падтрымцы кітайскай ініцыятывы сумеснага будаўніцтва эканамічнага пояса Шаўковага шляху (ЭПШШ), што было абумоўлена шэрагам фактараў. Высокі ўзровень беларуска-кітайскіх адносінаў паміж дзвюма краінамі, які мае ўсебаковы стратэгічны характар, а таксама геаграфічнае становішча ды іншыя канкурэнтныя перавагі нашай краіны аб’ектыўна спрыяюць двухбаковаму ўзаемадзеянню ў рэалізацыі праекта ЭПШШ.

Лічу, што развіццё ў супрацоўніцтве з кітайскімі партнёрамі нашай транспартна-лагістычнай сферы будзе ў ліку прыярытэтаў, гэтаму садзейнічае транзітны характар нашай дзяржавы. З удзелам кітайскай China Merchants Group ужо сёння на тэрыторыі Кітайска-беларускага індустрыяльнага парка “Вялікі камень” ідзе актыўнае стварэнне “сухога порта” і комплекснага лагістычнага цэнтра. Прапрацоўка будаўніцтва шэрага аналагічных аб’ектаў у Брэсцкай, Магілёўскай і Віцебскай абласцях ажыццяўляецца з кампаніямі з кітайскіх правінцый Хэйлунцзян, Шандунь, Гуйчжоу, Цінхай, Хубэй, Цзянсу, Хэнань.

Не менш важным напрамкам удзелу ў ЭПШШ з’яўляецца мадэрнізацыя транспартнай інфраструктуры (чыгуначнай, аўтамабільнай), а таксама пашырэнне ўдзелу Беларусі ў авіяперавозках паміж Кітаем і Еўропай.

Перспектыўным напрамкам супрацоўніцтва мы разглядаем мадэрнізацыю і развіццё інфармацыйна-камунікацыйнай інфраструктуры для яе інтэгравання ў канцэпцыю ЭПШШ.

— Вы маглі б сказаць, якія спадзяванні ў кітайскіх інвестараў наконт развіцця Кітайска-беларускага індустрыяльнага парка? Наколькі гэта значны праект для кітайскага боку?

— Як кітайскія, так і міжнародныя інвестары праяўляюць вялікую цікавасць да гэтага праекта. Ёсць першыя рэзідэнты: кампаніі Huawei, ZTE, Zoomlion. Пры гэтым важна разумець, шэраг асаблівасцяў парка.

Па-першае, нават з улікам увагі лідараў дзвюх краін і мацнейшай палітычнай падтрымкі гэта ўсё ж камерцыйны праект. Таму нам імпануе, што пры прыняцці рашэнняў па ўдзеле ў праектах падыход у інвестараў асабліва прагматычны: у першую чаргу аналізуюцца новыя магчымасці для бізнесу з ацэнкай перспектывы атрымання прыбытку. Гэта закладвае аснову для доўгатэрміновага функцыянавання парка.

Па-другое, гэта індустрыяльны парк, які арыентаваны на развіццё сучасных вытворчасцяў і высокіх тэхналогій, бо менавіта для іх прадугледжаны прэферэнцыйны рэжым. Кітайскія інвестары ўжо будуюць у Парку буйны рэгіянальны цэнтр, які забяспечыць рэзідэнтаў лагістычнымі паслугамі, а таксама будзе абслугоўваць таварныя патокі з краін Цэнтральнай Азіі ў Еўропу і назад на ўсім Шаўковым шляху. Але ўсё ж мяркуецца, што індустрыяльны парк стане не толькі лагістычным, а сапраўды індустрыяльным і высокатэхналагічным. З улікам апошніх дамоўленасцяў плануецца стварэнне ў парку цэнтра па камерцыялізацыі навуковых распрацовак.

Па-трэцяе, гэта не толькі кітайскі, а міжнародны індустрыяльны парк. Там няма абмежаванняў для інвестараў з іншых краін. Цікавасць да яго праяўляюць вядомыя еўрапейскія кампаніі. Таму, дарэчы, правільная назва парку індустрыяльны парк “Вялікі камень”, там няма слоў “Кітайска-беларускі”, хоць яго ствараюць менавіта кітайскія і беларускія кампаніі.

— Раней Вы выказвалі меркаванне, што беларускім кампаніям трэба больш актыўна супрацоўнічаць з кітайскімі партнёрамі, убудоўваюыся ў іх вытворчыя ланцужкі. Што вы мелі на ўвазе? Па-ранейшаму гэтае меркаванне з’яўляецца актуальным?

— З мінулага года ў Кітаі пачалася новая эканамічная палітыка — так званая структурная рэформа прапановы.

Яе элементам з’яўляецца стварэнне буйных трансгранічных кітайскіх карпарацый з шырокай сеткай вытворчых ланцужкоў. Кітайскія кампаніі аб’ядноўваюцца, узбуйняюцца, купляюць замежных партнёраў. Напрыклад, у 2016 годзе адбылося зліццё China Merchants Group і Sinotrans & CSC (сукупны кошт актываў 157 мільярдаў долараў); аб’яднанне канкурэнтаў у цэментавай галіне China National Building Materials Group Corporation і Sinoma (агульны кошт актываў 88 мільярдаў долараў). Кітайская кампанія Midea набыла нямецкага вытворцу робатаў Kukа. Усяго за I паўгоддзе 2016 года кітайскія кампаніі ўклалі 102,7 мільярда долараў у 5465 прадпрыемстваў 156 краін свету, што на 62 працэнты больш, чым за аналагічны перыяд мінулага года.

Пра што гавораць гэтыя лічбы? Кітай сёння гатовы і шукае інвестыцыйных партнёраў. Сёння ў нас ёсць шанц убудавацца ў кітайскія трансгранічныя ланцужкі і дадаваць у канчатковы прадукт вырабленую ў нас вартасць. У нашым рэгіёне гэта могуць рабіць беларускія прадпрыемствы, а могуць еўрапейскія ці расійскія. Інвестыцыйныя здзелкі адбудуцца ў любым выпадку, з намі ці без нас, а кітайскія кампаніі стануць або партнёрамі, або канкурэнтамі. Пытанне, калі мы не ўбудуемся ў гэтыя вытворчыя ланцужкі сёння, то ці вытрымаем мы канкурэнцыю ў сваім рэгіёне заўтра.

— А якія прыярытэты варта, па-Вашаму, улічваць, разглядаючы рэгіянальнае супрацоўніцтва ў рамках стратэгічнага ўзаема­дзеяння Кітая і Беларусі. Напэўна, рэгіёны маглі б праявіць сябе больш актыўна? Але што трэба, каб ініцыятыва з двух бакоў стала больш прыкметнай?

— У апошні час істотна актывізавалася супрацоўніцтва паміж правінцыямі КНР і беларускімі абласцямі, а таксама на ўзроўні горад — горад. Усё часцей кітайскія дзелавыя дэлегацыі з рэгіёнаў наведваюць Мінск і абласныя гарады, а дэлегацыі беларускіх рэгіёнаў выязджаюць у Кітай. Падпісваецца вялікая колькасць пагадненняў, мемарандумаў ды іншых двухбаковых дакументаў. Тут, як уяўляецца, важна ў пагоні за колькасцю не страціць якасць.

Дружалюбныя, пабрацімскія адносіны — гэта цудоўна, але лепш, калі яны ствараюць “акантоўку” для ўжо рэалізуемых сумесных інвестыцыйных праектаў, для канкрэтных пунктаў супрацоўніцтва. Таму лепш, на мой погляд, пачынаць з канкрэтыкі, як гаворыцца, “спачатку перагаворы і справы, а потым застолле і дружба”.

Важнейшым элементам у рэгіянальным супрацоўніцтве лічу паслядоўнасць у выкананні ўзятых на сябе абавязацельстваў. Калі бакі дамовіліся і “трымаюць слова”, то гэта залог поспеху ў любой справе.

Гутарыў Віктар Міхайлаў
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter