В одном из сельхозпредприятий Кировского района засеяли яровыми зерновыми последние гектары

Кіраўшчына вядзе сяўбу высокімі тэмпамі

У СГФ «Чыгірынка» РУП «Беларуснафта-Магілёўаблнафтапрадукт», што ў Кіраўскім раёне, падчас нашага прыезду (11 красавіка) засявалі яравымі збожжавымі апошнія гектары.

Старанна працуе на сяўбе яравых Анатоль КУЗЬМІН.

— Яравы збожжавы клін у нас не вельмі вялікі — 150 гектараў, — расказаў аб ходзе работ галоўны аграном Юрый Смятана— Пяць дзён спатрэбілася, каб закрыць план.

Але яшчэ шмат розных культур трэба пасеяць. Напрыклад, кукурузы на зерне — 220 гектараў, упершыню паспрабуем вырасціць рэдзьку алейную.

Работы ў сельгасфіліяле вядуцца ў комплексе. Вільгаць у глебе з дапамогай культыватараў закрываюць Аляксандр Апсіт і Сяргей Фірагін. З пасяўным агрэгатам старанна працуе Анатоль Кузьмін.

Глеба, перш чым пакласці ў яе насенне, запраўляецца мінеральнымі тукамі. Для гэтых мэт ёсць дзве хуткасныя самаходныя машыны «Раса». Кіраваць імі даручана Віктару Данцову і Ігару Капусціну. Своечасова забяспечваюць падвоз і загрузку тукаў Сяргей Іванчыкаў і Вячаслаў Рудэнка.

Ігар КАПУСЦІН запраўляе глебу мінеральнымі тукамі.

Яравым яшчэ ўзыходзіць у перспектыве, а на палях зазелянелі азімыя. Па словах галоўнага тэхнолага палёў, перазімавалі яны добра, а каб надаць усходам сіл і энергіі, іх трэба ўгнаіць, што і робяць чыгірынцы. Дзве падкормкі праведзены на ўсіх палях, а гэта 1039 гектараў. Дарэчы, і калійных, і фосфарных, і азотных тукаў у гаспадарцы пад поўную патрэбу, як і насеннага матэрыялу.

Паралельна ўносіцца арганіка. Механізатары Сяргей Брэндзікаў і Сяргей Смалоўскі раскідалі на палях 23 120 тон угнаенняў. Пагрузку забяспечвае на «Амкадоры» Аляксандр Смалоўскі.

Два трактары заняты на ворыве. Адным кіруе Мікалай Бабіцкі, другім — магутным «Беларус-3022» — пазменна Васіль Азаркоў і Юрый Драгін. Абодва магіляўчане, адкамандзіраваныя галаўным прадпрыемствам у «Чыгірынку» для вядзення палявых работ.

Як паведамілі ў райсельгасхарчы Кіраўскага райвыканкама, яравымі збожжавымі і зернебабовымі ў раёне засеяна 2328 гектараў, што складае 58 працэнтаў ад плана пры сярэднеабласным паказчыку 18 працэнтаў. Завершана на Кіраўшчыне першая падкормка азімых збожжавых і рапсу, зараз ва ўсіх гаспадарках вядзецца другая падкормка.

Аляксандр ХАХЛОЎ — спецыяльна для «СГ»

Фота аўтара
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter