Кіраўнік - ці гаспадар, ці пустамеля

Сёння не пазайздросціш кіраўнікам сельгаспрадпрыемстваў
Сёння не пазайздросціш кіраўнікам сельгаспрадпрыемстваў. Хоць, адразу агаваруся, чаму толькі сёння? Перападала ім у розныя часы: у тым ліку і ў савецкую эпоху, за той жа мінус малака на фермах, за тое, што не ўклаліся ў вызначаныя тэрміны з пасяўной і гэтак далей. Аднойчы пасля такога “разбору палётаў” давялося пачуць ад аднаго кіраўніка:

— А што я магу зрабіць? Як сеяць, калі гаручага няма, а банкі абадралі да сподняга.

І нібыта чалавек выказаўся справядліва: сапраўды ж праблемы ў гэтым плане ўзнікаюць у асобных гаспадарках.

Але ў сувязі з гэтым прыгадалася даволі нестандартная сітуацыя, з якой нядаўна сутыкнуўся ў ААТ “Слабодка-Агра” Браслаўскага раёна. Прыгажосць вакол — азёры, лясы, пагоркі, — але гэтае хараство толькі для адпачынку ці пэндзля мастака і ніякім чынам не для земляроба.

Чакаў, што і даволі малады дырэктар акцыянернага таварыства Аляксандр Дзегцяроў пачне скардзіцца і выстаўляць нейкія праўдападобныя аргументы. Але той нечакана заявіў, што, нягледзячы на маленькую контурнасць палёў, частыя дажджы, усё не так і дрэнна. Гаспадарка развіваецца і амаль што не мае даўгоў.

На пытанне, як гэта ўдаецца, хітравата ўсміхнуўся і прапанаваў праехаць на поле. Спыніліся ля травяных палеткаў люцэрны, якая сплялася ў суцэльны зялёны дыван. Гэта і была валюта яго калектыву. Тры гады таму ў гаспадарцы сур’ёзна заняліся бабовымі. І ў першую чаргу — люцэрнай. Яна дае і кармы для жывёлы, і насенне, частку якога прадаюць і маюць нядрэнны даход. Гэта іх чысты прыбытак, летась з іх два месяцы выплачвалі зарплату, а сёлета падрыхтавалі тэхніку да пасяўной. 

Плантацыі люцэрны, дзякуючы ў многім галоўнаму аграному са стажам Пятру Карандзею, давялі ў гаспадарцы да 1200 гектараў. Яна здорава падстрахоўвае да таго ж акцыянернае таварыства з кармамі пры любым надвор’і: і ў засуху, і ў макрату, даючы да чатырох укосаў. Нездарма летась слабодкаўцы нават прадалі 3 тысячы тон кармоў і яшчэ столькі ж засталося ў пераходны сезон. 

Паралельна гаспадарка сур’ёзна занялася чырвонай і белай канюшынай, частка якой таксама пойдзе на насенне. Магчыма, яшчэ не на продаж, але ва ўсякім разе сама купляць не будзе. Але і гэта яшчэ не ўсё. Як вядома, бабовыя травы выдатны папярэднік пад збожжавыя, што скарачае выдаткі на азотныя ўдабрэнні.

Ужо сёння “Слабодка-Агра” з ранейшага сераднячка трапіла ў тройку перадавых гаспадарак па ўраджаі збожжавых, а па азімых ішла амаль на ўзроўні з вядомым у раёне і вобласці ААТ “Маяк-Браслаўскі”. Выраслі надоі малака. Аляксандр Дзегцяроў прыкідвае цяпер, як павялічыць на тысячу галоў дойны статак, для чаго неабходна пабудаваць комплекс. І тут яму патрэбна падтрымка дзяржавы. А калі чалавек і яго калектыў стараюцца, чаму б сапраўды не памагчы?

Грошы сёння можна мець, і не малыя, з традыцыйнай нашай культуры — ільну. Яскравы прыклад — вынікі эканамічнай дзейнасці старэйшага ў рэспубліцы Мосарскага льнозавода. Прадпрыемству амаль 70 гадоў. Ніякай пагалоўнай мадэрнізацыі тут не было. У кацельнай кацёл ад... паравоза, які падтрымліваюць у рабочым стане. Аднак штогод калектыў прадпрыемства — у перадавіках вобласці і рэспублікі. Сёлета за 8 месяцаў атрыманы чысты прыбытак 97 тысяч рублёў. На славутым мадэрнізаваным па апошнім слове тэхнікі Дубровенскім ільнозаводзе і то менш — 58 тысяч. А некаторыя, як Арэхаўскі, Коханаўскі (пералік можна працягваць) і наогул у мінусе.

Дык у чым жа справа, у чым сакрэт Мосарскага прадпрыемства? Адказ адзін — у кіраўніку. Вось ужо два дзесяцігоддзі яго дырэктарам не проста з’яўляецца, а творча і напружана працуе Віктар Кейзік. Ён выдатна вывучыў галіну не толькі па кніжках, але і на практыцы даказвае сваю слушнасць вядомым дактарам навук і прафесарам, калі і як сеяць даўгунец, як дагледзець яго, як спрытней убраць. І сёлета, нават у надзвычайных умовах, здолеў у поўным сэнсе слова выхапіць ураджай з усіх 800 гектараў у тыя рэдкія сонечныя дні. Так, механізатары амаль суткамі не спалі, але ведалі, што не толькі самі атрымаюць дастойную зарплату, але забяспечаць на цэлы год і членаў сваіх сямей. Між іншым на прадпрыемстве занята больш, чым дзе ў раёне, сямейных дынастый.

Старшыня рэспубліканскага прафсаюза работнікаў АПК Мікалай Лабушаў нядаўна прызнаўся, што ў свой час аб’ехаў звыш 40 ільнозаводаў рэспублікі, у тым ліку мадэрнізаваных, але такога ідэальнага парадку, як на Мосарскім, не ўбачыў нідзе. І, трэба меркаваць, нездарма той жа Лабушаў, калі ўзначальваў рэспубліканскі аграсэрвіс, прывозіў у Мосар павучыцца гаспадарлівасці дырэктараў ільнозаводаў з усёй рэспублікі.

Заслугоўвае ўвагі сама ідэя. Старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарснёў, праводзячы на мінулым тыдні нараду па маштабнай рэарганізацыі прадпрыемстваў АПК вобласці, таксама заўважыў, што, відаць, кіраўнікоў філіялаў створаных холдынгаў давядзецца павучыць, як гаспадарыць у новых умовах. А чаму б і не? І не толькі холдынгаў!..

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter