У расійскім пракаце 6 красавіка стартаваў фільм "Час першых" з Яўгенам Міронавым і Канстанцінам Хабенскім у галоўных ролях

Кiно — вялiкi космас

У пракат выйшла новая прыгодніцкая карціна «Час першых», у аснову яе сюжэта ляглі ўспаміны славутага касманаўта Аляксея Лявонава. Непасрэдны ўдзельнік місіі «Усход-2» быў галоўным кансультантам на здымачнай пляцоўцы.

Выканаўцы роляў Аляксея Лявонава і Паўла Бяляева год трэніраваліся як сапраўдныя касманаўты

Пра што фільм


У разгар халоднай вайны і гонкі ўзбраенняў бітва за першынство ў космасе паміж СССР і ЗША набывае вырашальнае значэнне ў проціборстве дзвюх звышдзяржаў. Наступны крок у касмічнай праграме Савецкага Саюза — выхад чалавека ў адкрыты космас. За два тыдні да старту ўзрываецца тэставы карабель, але экіпаж у складзе Аляксея Лявонава і Паўла Бяляева вырашана адправіць на арбіту нягледзячы ні на што. Палёт, які стаў вяхой у гісторыі сусветнай касманаўтыкі, аказаўся сапраўдным выпрабаваннем для пілотаў.

Сюжэт фільма заснаваны на рэальных падзеях, якія адбываліся падчас і пасля палёту Лявонава і Бяляева ў 1965 годзе. За два дні ў космасе на борце «Усходу-2» адбылося сем няштатных сітуацый, а прызямленне ўпершыню прыйшлося выконваць у ручным рэжыме з-за адмовы аўтаматыкі і страты сувязі з Зямлёй. Карабель прызямліўся ў неразліковым пункце, удалечыні ад населеных пунктаў. Касманаўты правялі два дні ў заснежанай тайзе, таму што ў тым месцы немагчыма было пасадзіць верталёт.

Хто ёсць хто


На рахунку народнага артыста Расіі Яўгена Міронава больш за 60 роляў у кіно і каля 30 у тэатры, прэміі «Ніка», «Залаты арол» і галоўны прыз «Кінатаўра», тэатральныя «Хрустальная Турандот», «Залатая маска» і мноства іншых узнагарод і намінацый. Пасля прагляду дакументальнага фільма пра першы ў гісторыі выхад чалавека ў адкрыты космас акцёр літаральна захварэў на ідэю перанесці подзвіг савецкіх касманаўтаў на вялікі экран і ў выніку стаў не толькі выканаўцам галоўнай ролі, але і прадзюсарам «Часу першых».

Напарніка Аляксея Лявонава, які ўручную пасадзіў «Усход-2» у заснежанай тайзе, Паўла Бяляева сыграў таксама народны артыст Расіі, выканаўца амаль ста роляў у кіно Канстанцін Хабенскі. Гэта першая сумесная работа двух выдатных акцёраў.

Ролю легендарнага канструктара Сяргея Каралёва выканаў Уладзімір Ільін, трохразовы ўладальнік прэміі «Ніка», пераможца «Кінатаўра» і Маскоўскага міжнароднага кінафестывалю, шматразовы намінант на прэмію «Залаты арол».

Рэжысёрам карціны стаў Дзмітрый Кісялёў. Прадзюсіраваннем разам з Яўгенам Міронавым займаўся Цімур Бекмамбетаў, адзін з галоўных у Расіі спецыялістаў па экшн-фільмах.

Пра здымкі


Адной з першых задач было зрабіць камп’ютарную рэканструкцыю ўсяго палёту з моманту старту да моманту пасадкі — 18 віткоў вакол Зямлі, і асабліва падрабязна — выхад Лявонава ў касмічную прастору. Спецыяльна для фільма распрацавалі сістэму дапоўненай рэальнасці, якая дазваляла сачыць за перамяшчэннямі акцёраў у «адкрытым космасе», і новую для ра-сійскага кіно тэхналогію «лічбавых дублёраў», якіх выкарыстоўвалі ў сцэнах з бязважкасцю.

«Час першых» звёў у кадры двух народных артыстаў — Яўгена МІРОНАВА і Канстанціна ХАБЕНСКАГА

Максімальна падрабязна і праўдападобна быў рэканструяваны і матэрыяльны свет касманаўтаў: у маскоўскіх павільёнах былі створаны два поўнаразмерныя макеты «Усходу-2» (для здымак унутры і звонку карабля), макет апарата для арыентацыі «Позірк», Цэнтр кіравання палётамі, памяшканні, дзе жылі і трэніраваліся касманаўты.

Некаторыя прыборы, якія выкарыстоўваліся на караблі «Усход-2», да гэтага часу засакрэчаны. Здымачная група рэканструявала іх — скапіравала знешні выгляд прылад, якія захоўваюцца цяпер у музеях.

Для таго каб спраўляцца з усёй гэтай тэхнікай і выконваць самыя складаныя маніпуляцыі ў сцэнах у адкрытым космасе, акцёры Канстанцін Хабенскі і Яўген Міронаў на працягу года праходзілі трэніровачны курс для сапраўдных касманаўтаў.

Здымкі прызямлення «Усходу-2» і наступнай выратавальнай аперацыі таксама максімальна набліжаны да рэальнасці — быў абраны той жа ўчастак тайгі ў Пермскім краі, дзе ў 1965 годзе здзейсніў пасадку карабель. Здымачная група працавала ў даліне ракі Усьвы пры тэмпературы мінус 35 градусаў. Шлях ад бліжэйшага населенага пункта да месца здымак займаў не менш за паўтары гадзіны, каб яго пераадолець, даводзілася выкарыстоўваць абсталяванне для скалалажання.

ЦЫТАТА

Яўген Міронаў: «Адна справа слухаць аповед пра падзею або глядзець кінахроніку, і зусім іншае — паспрабаваць усё на сабе. Калі ў Лявонава ў адкрытым космасе раздзьмула скафандр, рухі рук аказаліся скаванымі. Ён змог вярнуцца на карабель толькі галавой наперад, насуперак інструкцыі: цяпер я разумею, чаму ён так зрабіў. А вось як ён змог зрабіць кулёк у шлюзе дыяметрам 100 см, каб зачыніць яго, я не разумею дагэтуль. Гэта была нечалавечая нагрузка — у скафандра Лявонава не было вентыляцыі, на Зямлі ён выліў з яго шэсць літраў поту. Тое, што яны зрабілі з Бяляевым, — сапраўдны подзвіг».

Святлана ЮРАШОВА

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter