Ці будзе беларускае кіно?

Кiно… Не будзе!

НАПЯРЭДАДНІ Дня беларускага кіно першы намеснік міністра культуры  Ірына Дрыга абвясціла, што вяртанне бюджэтных сродкаў, укладзеных у вытворчасць беларускіх фільмаў 2009—2010 гадоў, складае каля 50 працэнтаў.  2012 года — звыш 50 працэнтаў. Пазнейшых — усяго 25—30 працэнтаў, бо іх перыяд продажаў нашмат карацей. Тым часам у адпаведнасці са стратэгіяй развіцця кінематаграфіі прадугледжваецца вяртанне 30—40 працэнтаў сродкаў. Найбольш акупліваюцца тэлесерыялы, якія набываюць як беларускія, так і расійскія тэлеканалы. Дамагчыся гэтага ў кінапракаце складаней — на рынку вялікая канкурэнцыя. І сёння, каб назваць які-небудзь сучасны беларускі ігравы фільм, радавому гледачу трэба паламаць галаву. 

Дзясяткі гадоў таму “Беларусьфільм” быў сапраўдным брэндам. Не кожны год выдаваліся творы, якія сёння лічацца класікай кінематографа. Тую ж карціну “Белые Росы” ў 1984 годзе паглядзелі 38 мільёнаў чалавек. Рэаліі змяніліся, і ўжо можна задаваць рытарычныя пытанні:  беларускае? кіно?.. а ці будзе яно?

Прывяду факты. У мінулым годзе на “Беларусьфільме” выйшлі чатыры серыі “Государственной границы”, два поўнаметражныя фільмы — «Белые Росы. Возвращение» і дзіцячы “Невероятное перемещение”, тры фильмы сумеснай вытворчасці (у тым ліку 12-серыйны “Волчье сердце”). Прадукцыя гэтага года — чатыры ленты серыяла “Участок лейтенанта Качуры” і дзве серыі “Государственной границы”. Адна з прычын скарачэння работы над ігравымі фільмамі — рэканструкцыя кінастудыі. Пералік фільмаў на фоне расійскага ці галівудскага патоку, згадзіцеся, невялікі, але і сярод іх больш-менш распіярана была толькі лента “Белые Росы”…

Не спыняецца попыт на кінастудыю як на пляцоўку. Дырэктар “Беларусьфільма” Ігар Поршнеў на нядаўняй прэс-канферэнцыі адзначыў, што Валерый Тадароўскі здымаў у новым павільёне стужку “Большой” і зараз зноў звярнуўся на кінастудыю “Беларусьфільм”. Рыхтуецца вялікая праца, прысвечаная ролі Міністэрства замежных спраў РФ у перыяд Карыбскага крызісу...

Вось прыклад местачковасці. Аднойчы ў інтэрв’ю былы кіраўнік “Беларусьфільма” Алег Сільвановіч мне казаў: “У невялікіх дзяржавах не вельмі вялікія бюджэты на кінавытворчасць, а фестывальны фільм эканамічна неэфектыўны, бо ён прызначаны не для шырокай публікі” Гэтаму стаўленню дзівяцца замежныя госці “Лістапада”. Фільм — гэта візітная картка, кажуць мне кінаэксперты! Калі зрабіць добры прадукт, які некалькі гадоў будзе хадзіць па фестывалях, а потым паказвацца на тэлебачанні, многія даведаюцца аб вашай дзяржаве менавіта з гэтай карціны.

Звернемся да замежнага вопыту. Сёння Польшча мае поспехі як у масавай кінавытворчасці, так і ў фестывальнай. Пасля 1989 года роля дзяржавы як галоўнага мецэната польскага кіно значна паменшылася. Кінематаграфісты павінны былі шукаць грошы ў прыватным бізнесе, але і гэта не заўсёды атрымлівалася. Галоўнай крыніцай стаў Польскі інстытут кінамастацтва (PISF). Усе ўдзельнікі рынку кіно сёння выплачваюць штогод 1,5 працэнта ад сваіх даходаў у яго карысць: дыстрыб’ютары — ад пракату, кінатэатры — ад продажу квіткоў, грамадскія тэлеканалы — з продажу рэкламы, кабельнае і лічбавае тэлебачанне — ад падпісчыкаў і карыстальнікаў. Гэтыя сродкі ўносяцца без папярэдняга адлічэння ў бюджэт дзяржавы. Дэбютныя працы маюць шанец атрымаць да 90 працэнтаў сумы, робяць патуранні маладым, іншыя рэжысёры — да 50 працэнтаў. Далей шукаць трэба грошы самім.

Не заклікаю ўсляпую капіраваць польскі вопыт, бо, як правіла, такое капіраванне вылазіць бокам. Але калі сістэма не працуе ці яе наогул няма, кіно сапраўды не будзе. 

korshuk@sb.by
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter