Сегодня открылся 22-й Минский международный кинофестиваль «Лістапад»

Кiно i лiстапад у Мiнску

Учора адкрыўся 22-гі Мінскі міжнародны кінафестываль «Лістапад». Адной з цэнтральных падзей урачыстай цырымоніі стала ўручэнне спецыяльнага прыза Прэзідэнта «За захаванне і развіццё традыцый духоўнасці ў кінамастацтве». Сёлета яго ўдастоены народны артыст Расіі кінарэжысёр Вадзім Абдрашытаў.


Фiльмаграфiя гэтага выдатнага аўтара налiчвае дванаццаць карцiн, прычым усе яны адзначаны прафесiйнымi, дзяржаўнымi ўзнагародамi i прэмiямi розных мiжнародных кiнафестываляў, у тым лiку ў Венецыi, Берлiне, Лакарна. Сярод яго работ добра вядомыя i любiмыя гледачамi стужкi «Паляванне на лiс» (1980), «Спынiўся цягнiк» (1982), «Парад планет» (1984), «Плюмбум, або Небяспечная гульня» (1986), «П`еса для пасажыра» (1995), «Час танцора» (1997), «Магнiтныя буры» (2003). Дарэчы, адзiнаццаць фiльмаў створаны Вадзiмам Абдрашытавым у творчым тандэме са сцэнарыстам Аляксандрам Мiндадзэ, якi таксама сёлета ў лiку ўдзельнiкаў «Лiстапада». У Мiнску ён прэзентуе новую стужку па сваiм сцэнарыi «Мiлы Ханс, дарагi Пётр», у якой выступае i як рэжысёр.

Вадзiм Абдрашытаў на «Лiстападзе» не ўпершыню. Тут у 1995 годзе яго «П`еса для пасажыра» атрымала прыз мiжнароднага журы кiнематаграфiстаў. Праз два гады карцiна «Час танцора» ўдзельнiчала ў конкурснай праграме. У 2004-м ён узначальваў журы. Сёлета рэжысёр зноў старшынствуе ў судзейскай калегii прафесiяналаў у асноўным конкурсе iгравога кiно.

Урачыстая цырымонiя адкрыцця форуму прайшла ў кiнатэатры «Масква». Прыбыццё яе ўдзельнiкаў транслiравалася на спецыяльным экране. Вядучыя вечара — акцёры Вера Палякова i Дзянiс Паршын — сустракалi зорных персон i запрашалi на чырвоную дарожку, якая вяла ў зону для фотасесii. Там асаблiвая  ўвага свецкiх рэпарцёраў i публiкi, якая сабралася на iмпрэзу, была прыцягнута да спецыяльнай госцi фестывалю — французскай актрысы i рэжысёра Фанi Ардан.

На другiм паверсе фае гучалi хiты сусветнага джаза ў выкананнi вакальнай групы «Камерата». Тут жа iшоў паказ калекцыi моднага дызайнера Мiкалая Марозава. Былы брастаўчанiн стварае свае работы, жывучы ў Парыжы, а вырабляюцца яны ў адпаведнасцi з апошнiмi тэндэнцыямi сусветнай моды па-ранейшаму ў яго родным горадзе. У шыкоўных вячэрнiх строях ад знакамiтага брэнда разам з мадэлямi па подыуме дэфiлiравалi нашы актрысы тэатра i кiно Алена Дуброўская, Марына Дзянiсава, Алеся Грыбок, Юлiя Смiрнова.

У ходзе самой урачыстай цырымонii святочны настрой гасцям стваралi Карэн Карапецян, якога называюць залатой джазавай скрыпкай нашай краiны, баян, гiтара i альт ад нашых землякоў з The Unlimited Trio, якiя жывуць цяпер у Празе, i спявачка Аляксандра Гайдук з кампазiцыямi з рэпертуару Лары Фабiян.

Са сцэны ўзгадвалi сёлетняе 120-годдзе сусветнага кiнематографа i  французскае кiно — ад часоў першага парыжскага сеанса братоў Люм`ер да нашых дзён. Гарталi вiдэастаронкi з гiсторыi «Лiстапада» i знакамiтых замежных кiнафорумаў. Прадстаўлялi фiльмы з конкурсных праграм. Вiталi экспертаў мiжнародных журы, заклiканых вызначыць уладальнiкаў фестывальнага «золата» i «серабра», а таксама кiнагледачоў, у праве якiх распарадзiцца прызам «Бронза Лiстапада».

Па традыцыi талерку аб штатыў кiнакамеры разбiў старшыня Белтэлерадыёкампанii, ён жа старшыня «Лiстапада» Генадзь Давыдзька.

Мiнскi кiнамарафон пачаўся.

svirko@sb.by
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter