Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Шматколернае беларускае восеньскае свята стала ўжо традыцыйным у расійскім горадзе Тальяці

Кіно і Дажынкі ў Аўтаградзе

У чарговы раз Мясцовая грамадская арганізацыя “Беларуская нацыянальна-культурная аўтаномія “Нёман” правяла ў Тальяці беларускія Дажынкі. Нам, актывістам дыяспары, прыемна бачыць: свята гэтае ўжо стала традыцыйным у палітры шматнацыянальнага жыцця Аўтаграда, і з кожным годам збірае ўсё больш сяброў.

Спявачкі гурта “Купалінка” на Дажынках у Тальяці

Сёлета Дажынкі праходзілі на тэрыторыі Цэнтральнага раёна, у бібліятэцы “Истоки”. Горад наш, як вядома, даволі малады, а вось гэты раён тут называюць старым, і жыве ў ім шмат жыхароў сталага ўзросту. Пайшлі мы ім насустрач, бо дабірацца ветэранам у іншыя раёны Тальяці на канцэрты – цяжка і нязручна. Мы ж і свята зладзілі з улікам узросту гледачоў. А з бібліятэкай “Истоки” ў нас даўнія сяброўскія, партнёрскія стасункі. Мы разам рыхтавалі інфармацыю пра свята, зрабілі слайд-шоў пра Дажынкі, якія ў розныя гады праводзілі ў Тальяці.

Народны ансамбль беларускай песні “Купалiнка” і дзіцячы “Зорачкi” былі ў цэнтры святочных дзей: спявалі беларускія песні, у тым ліку й традыцыйныя дажыначныя. Была прадстаўлена і выстава народнай творчасці беларусаў. На свята нашае прыйшлі сябры ветэранскай арганізацыі “Иволга”, прадстаўнікі рускага, чувашскага, украінскага нацыянальна-культурных цэнтраў, прадстаўнікі ўлады. Пасля канцэрта гледачоў запрасілі на чаяванне. Ветэраны, бачылі мы, былі кранутыя прыгажосцю беларускай культуры, выканальніцкім майстэрствам нашых артыстаў, такой увагай да сябе. А бачылі б вы тыя вочы! Колькі там удзячнасці, дабрыні, сардэчнасці! Таму й шмат слоў падзякі, добрых пажаданняў пачула і я, і мае юныя артысты. І ў чарговы раз мы пераканаліся, як важна ўсё ж ладзіць падобныя камерныя сустрэчы. Вялікія фэсты, выступленні на масавых мерапрыемствах – таксама, безумоўна, патрэбныя. Аднак там ёсць пэўны бар’ер паміж артыстамі й гледачамі. А цёпла і сардэчна, па-свойску зносіцца з людзьмі атрымліваецца якраз вось так, у камерным фармаце.

Між тым Дажынкі – толькі адзін з фрагментаў у дзейнасці беларускай суполкі: праводзім шмат іншых мерапрыемстваў. Скажам, у Дзень пажылога чалавека далі канцэрт “Дзецям вайны” ў малой зале Палаца культуры, мастацтва і творчасці. Ветэранаў ушанавалі, казалі ім цёплыя словы, і кветкі ўсім уручылі. А 12 кастрычніка ў 91-й школе правялі Дзень беларускай культуры. Гледачоў – поўная зала: каля трохсот пажылых людзей, ветэранаў. Спявалі мы ў школе без мікрафонаў, толькі ўжывую, і для маіх артыстаў гэта было няпроста. Усе вельмі стараліся, думала, галасы сарвуць. На шчасце, абышлося. Нават, казалі потым, новы канцэртны досвед атрымалі. Праз такія “выпрабаванні”, разважала я, і сталеюць артысты.

У мінулыя выхадныя нас, беларусаў Тальяці, запрасілі паўдзельнічаць ва ўрачыстым закрыцці VI Міжнароднага фестывалю спартыўнага кіно і тэлебачання. Тры дні гараджане мелі магчымасць глядзець лепшыя спартыўныя фільмы з Расіі, Казахстана, Беларусі ды Непала. Імёны пераможцаў сталі вядомыя 21 кастрычніка, і быў канцэрт, прысвечанага VIII спартфоруму “Зоркі Самарскай губерні ды Расіі-2017”, кінафестывалю. Па задуме арганізатараў, для гасцей з Казахстана і Беларусі былі нумары ў выкананні артыстаў казахскага нацыянальна-культурнага цэнтра і нашай суполкі. Арганізатары мяне папрасілі выступіць на беларускай мове, прыз атрымаць за беларускага рэжысёра Галіну Адамовіч – яна сама не змагла прыехаць на фестываль. А ў яе за фільм “Першы” 2-е месца ў намінацыі “Спорт і асоба”. Мы ж выступілі і з музычным нумарам. У горадзе нашым 7 лістапада будзе кіраўнік Аддзялення ва Уфе Пасольства Беларусі ў Расіі Пётр Балтруковіч – ён і завязе прыз лаўрэатцы.

Дарэчы, крыху раней беларускія кінарэжысёры паспяхова паўдзельнічалі ў Х адкрытым усерасійскім фестывалі дакументальных фільмаў “Соль земли”: ён праходзіў паралельна ў двух волжскіх гарадах: Самары і Хвалынску. Дэманстравалася паўсотні конкурсных фільмаў з пяці краін, і спецыяльным прызам журы ўшанавала стужку “Чужое і сваё” Галіны Адамовіч (кінастудыя “Беларусьфільм”). А ў намінацыі “Чти отца твоего и мать твою” адну з узнагарод атрымала карціна “Тата” рэжысёра Нэлі Васілеўскай з Мінска.

Цяпер мы рыхтуем праграму да Дня маці: ён адзначацца па ўсёй Расіі ў апошнюю нядзелю лістапада. Мы правядзем канцэрты ў 48-й гімназіі ды ў бібліятэцы “Истоки”.

Голас Радзімы № 41 (3545), чацвер, 26 кастрычніка, 2017 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter