У вядомым на ўвесь свет Пагосце Жыткавіцкага раёна Шчадрэц адзначаць цэлым мініспектаклем

Кiдалi дзяўчаткi сабакам аладкi

У вядомым на ўвесь свет Пагосце Жыткавіцкага раёна Шчадрэц адзначаць цэлым мініспектаклем. А як святкуюць Калядкі ў іншых вёсках і краінах?
У вядомым на ўвесь свет Пагосце Жыткавіцкага раёна Шчадрэц адзначаць цэлым мініспектаклем. А як святкуюць Калядкі ў іншых вёсках і краінах?


НЕКАЛЬКІ гадоў таму тэлеканал CNN склаў топ-10 лепшых месцаў для сустрэчы Каляд і Новага года. У кампаніі з Лонданам, Нью-Ёркам і Ганконгам на трэцім месцы ў рэйтынгу нечакана апынулася і беларуская вёска Пагост Жыткавіцкага раёна.

Бусь-бусь і чарка са шкваркай

Адна з галоўных мясцовых калядоўшчыц — 71-гадовая жыхарка Пагоста Кацярына Панчэня, родапачынальніца мясцовага фальклорна-этнічнага калектыву «Міжрэчча». Дзякуючы яе актыўнасці ўдалося захаваць больш за сотню фальклорных песень і каля дзясятка абрадаў.  Цікава, што паганскія звычаі ў гэтай мясцовасці, як і па ўсёй Беларусі, цесна спляліся са святамі царкоўнага календара. Аднак калі на свята Божага Нараджэння жыхары Пагоста выходзяць на вуліцы з абразамі і зоркай, то Шчадрэц, або Стары Новы год, тут адзначаюць цэлым міні-спектаклем. 


У некаторых вёсках калядоўшчыкі апранаюць маскі Казы, Лісіцы, Ката, Мядзведзя, Жураўля і іншых папулярных фальклорных персанажаў. Але ў Пагосце, як тлумачыць Кацярына Аляксееўна, ёсць свая разыначка. Маленькую дзяўчынку тут звычайна апранаюць Сарокай. Менавіта гэтая птушка адной з першых адчувае прыход вясновага цяпла і радасным стракатаннем прыносіць добрую вестку ў хаты. Да гурта пагостаўскіх калядоўшчыкаў далучыўся і Буська — так ласкава называюць тут бусла. Што нясе ў дом птушка, ведае нават дзіця. Перш за ўсё птах «ляціць» да печы і правярае доўгай дзюбай, ці не схавала там гаспадыня пачастунак — шматок сала або кавалачак хатняй каўбаскі для галодных гасцей. У гэты час іншыя ўдзельнікі абраду ў традыцыйных песнях жадаюць гаспадарам здароўя і дабрабыту ў новым годзе.

Ладкі і аладкі

Існавала мноства рытуалаў, якія дапамагалі прыцягнуць у хату поспех. Да прыкладу, у Пагосце на кожны стол увечары 13 студзеня абавязкова кладуць грошы. Раней многія трымалі вялікую гаспадарку. На Шчадрэц гаспадар з гаспадыняй звычайна ладзілі «пераклічку» свайго статка. Выйдзе муж пад акенца і кліча:

— Кацярына! А дзе карова? 

— На раллі, — адказвае тая. 

— А каб твая карова не блудзіла на чужых дварах!

 І так па чарзе перабіраюць усю скаціну і хатнюю птушку. Саломай абвязваюць сад, а па некаторых дрэвах тройчы стукаюць абухом сякеры. Маўляў, не будзе з цябе яблыкаў — на наступны год ссяку.

 

— Нешта такое ёсць у прыродзе, бо прыкмета дзейнічае, — расказвае захавальніца традыцый. — Адна чарэшня ў мяне не радзіла, а пасля «палохання» дала ўраджай на дзіва.

А што ў нас на стале? На Стары Новы год у Пагосце абавязкова пякуць бліны. Дзяўчаты варожаць: кідаюць свае аладкі сабакам. Чый першы блін з’ядуць, тая і замуж пойдзе раней за ўсіх. 

На развітанне Кацярына Панчэня пажадала ўсім чытачам «СГ» здароўя і ўдачы: «Чыстага неба, каб доўга жылі і гора не ведалі!»

Народны маскарад

Пра некаторыя асаблівасці шчадравання і значэнне калядных персанажаў мы распыталі старэйшага навуковага супрацоўніка Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі Таццяну КУХАРОНАК:

— Абрад калядавання — гэта абход двароў калядоўшчыкамі з віншаваннямі гаспадароў, выкананнем песень и адорваннем удзельнікаў святочнай грамады. У народнай культуры калядоўшчыкі залічваліся да сакральных гасцей, якія прыносілі добрую вестку аб наступленні новага часу: нараджэнні Хрыста, абнаўленні свету. 

Шчадраванне ў асноўным было прымеркавана да Ражаства і Шчодрага вечара, і толькі ў некаторых раёнах — да Вадохрышча. Самы распаўсюджаны тып калядных абрадаў — абходы з удзелам персанажаў у масках, якія існуюць у шматлікіх варыянтах. Часцей за ўсё ўдзельнікі «маскарадаў» пераапранаюцца ў Казу, Мядзведзя, Каня, Жураўля, Ваўка, Зайца. Таксама папулярныя маскі Дзеда, Бабы, Цыгана, Цыганкі, Цароў або Каралёў. 


Вось якую сцэнку разыгрывалі маскі Ваўка і Зайчыка ў вёсцы Маляўшчына Нясвіжскага раёна. Зайчык хаваецца за каго-небудзь, туліцца, а Воўк бегае кругом, шукае. Схопіць малога, а той пішчыць. Тады калядоўшчыкі адбіраюць і хаваюць Зайчыка, расказвала этнографам жыхарка гэтай вёскі Ганна Рублеўская. 

Маска Казы (Казла) лічылася асноўным сімвалам пладавітасці і жыццёвай энергіі. Як успамінала Марыя Юшкевіч з вёскі Дзмітравічы Бярэзінскага раёна, Каза скача, а калядоўшчыкі пяюць:

Го-го-го, Каза,

Го-го, шэрая,

Лезь, Каза, на печ,

Выставі чапец,

А на печы авёс 

Вялікі парос,

На палу жыта 

Нагамі ізбіта.

Калядоўшчыкі спецыяльна стваралі як мага болей шуму і гвалту: Каза бэкала і мэкала, трэсла галавой са званком, Дзед ляскаў пугаю, музыка іграў, астатнія спявалі. Выкананне такіх песень у пачатку года грунтавалася на веры людзей у магічную сілу слова «калядкі», якая забяспечыць дабрабыт, багацце і здароўе сям’і, хатняй жывёлы, урадлівасць зямлі. 

Прыйшла Каляда

Калядныя традыцыі не знікаюць і ў сучаснай Беларусі. Дзе можна да іх далучыцца? На свята «Шчадруха — калядная весялуха» запрашае 17 студзеня Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту. У гэтым годзе ён прэзентуе традыцыйную маладзёжную гульню «Пячы ката», якая з’яўляецца кандыдатам на ўнясенне ў Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны. 

Святкаванне Калядаў у Мінскай вобласці працягнецца па 25 студзеня. У гарадах і вёсках пройдуць этнавечарынкі, абрады, песенныя фэсты, выставы малюнкаў і сувенірных елак, тэатралізаваныя прадстаўленні. Завершацца гулянні святамі 25 студзеня ў Валожынскім, Вілейскім, Мядзельскім і Стаўбцоўскім раёнах. У кожнай мясцовасці калядныя святы адзначаюць з улікам мясцовых традыцый. Чакаецца, што адным з самых цікавых мерапрыемстваў стане калядны абрад «Цары», унесены ў Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА. Жыхары вёскі Семежава Капыльскага раёна традыцыйна праводзяць яго 13 студзеня. 


Аўтэнтычны абрад «Цягнуць Каляду на дуба» разыграюць 21 студзеня ў Бярэзінскім раёне. Каляду ў выглядзе снапа жыта, упрыгожанага стужкамі, і куццю самая паважаная на вёсцы жанчына вязе на спецыяльных санках.На працягу шляху маладыя мужчыны цягнуць санкі з Калядой, а самадзейныя артысты выконваюць абрадавыя песні і жартаўлівыя прыпеўкі.

Практычна ў кожным населеным пункце, дзе ёсць ўстанова культуры, плануецца правесці прымеркаванае да народнага календара святкаванне. Кансультант управленння ўстаноў культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Іван ГАЛАБУРДА паведаміў, што у краіне штогод праходзіць прыкладна 8 тысяч тэатралізаваных свят, абрадаў і прадстаўленняў, прымеркаваных да каляднага цыклу. 

— Мы імкнемся да захавання ўнікальнасці такіх мерапрыемстваў у розных населеных пунктах, — кажа суразмоўца. — Для прыкладу, на Палессі нават у суседніх вёсках можна сустрэць зусім розныя элементы народных традыцый, якімі ўзбагачаецца наша культура. Але сёння не хапае масавага святкавання Каляд у буйных гарадах і райцэнтрах, і міністэрства зацікаўлена ў тым, каб сітуацыя змянілася. У нас больш за больш 28 тысяч калектываў клубных фарміраванняў, і іх патэнцыял можна выкарыстоўваць на такіх масавых святах.

Алена ЯСКО, «СГ»


НА ЗДЫМКАХ: так звычайна адбываецца калядаванне ў Строчыцах і вёсцы Пагост Жыткавіцкага раёна. 

Фота Паўла ЧУЙКО, «СГ», і з інтэрнэт-рэсурсаў 
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter