Банкi выкарыстоўваюць штучны iнтэлект для пошуку крэдыта-атрымальнiкаў

Кiбарг на провадзе

Па звестках аналітычнай справаздачы кампаніі Cisco, 43% кліентаў розных банкаў лічаць, што тыя не разумеюць іх індывідуальныя патрэбы, 37% — не вераць, што банк дапаможа дасягнуць іх фінансавых мэт. А кожны чацвёрты гатовы памяняць банк у любы момант, калі яму прапануюць нешта больш цікаваe ў канкурэнтаў. У такой сітуацыі барацьба за кліентаў сярод фінансістаў пастаянна ўзмацняецца. І ў гэтай барацьбе выкарыстоўваюцца розныя метады. Скажам, сачэнне за клiентам.

Збор звестак


Не, не хвалюйцеся, нічога незаконнага ў гэтым няма. Гаворка толькі пра аналіз даступнай банкам інфармацыі. Але мяне, напрыклад, крыху перасмыкнула ад гэтага ўсведамлення. Хоць банкіры гавораць пра гэта фактычна ў адкрытую. Ва ўсякім разе, у сваім асяроддзі.

Банкі сочаць за нашымі паводзінамі. Як мінімум, праз свае дадаткі, якія набываюць папулярнасць. Сёння ўжо больш за 3,5 мільярда інтэрнэт-карыстальнікаў у свеце. Усе яны пакідаюць у сетцы пра сябе інфармацыю. І традыцыйныя банкі на хвалі лічбавай рэвалюцыі спрабуюць сабраць як мага больш такіх звестак. Як тлумачыць начальнік аддзела распрацоўкі біржавых сістэм кампаніі «СОФТКЛУБ» Ганна Павілан, лічбавая трансфармацыя фінансавых паслуг — «гэта не аўтаматызацыя асобных бізнес-працэсаў, а перавод усіх паслуг у лічбавы выгляд». У выніку, атрымліваючы вялікі аб'ём інфармацыі, у банкаў з'яўляецца магчымасць працаваць кропкава са сваімі кліентамі.

Так што забудзьцеся пра той час, калі вы прыходзілі ў аддзяленне па крэдыт. Цяпер банк сам вам яго прынясе. Калі вы доўгі час былі кліентам аднаго і таго ж банка, то вас ужо паспелі як след вывучыць. Што і дзе вы купляеце. Расходуеце вы толькі свае грошы альбо карыстаецеся крэдыткай. Якія сумы рэгулярна прыходзяць на ваш рахунак.

І ўжо нават не супрацоўнік банка, а штучны інтэлект выбірае вас з сотняў і тысяч іншых людзей. Так, магчымасці машыны ўжо выкарыстоўваюць у крэдытным скорынгу, гэта значыць, у ацэнцы вашай плацежаздольнасці і дысцыплінаванасці як атрымальніка крэдыту.

Прыдатная ахвяра


«Аналізуючы паводзіны кліента, штучны інтэлект вызначае, ці можна даць і на якую суму крэдыт таму ці іншаму чалавеку», — дзеліцца сузаснавальнік кампаніі HiEndSystems Дзмітрый Даўгарукаў. Машына, у адрозненне ад чалавека, здольная прааналізаваць велізарныя аб'ёмы даных (напрыклад, з дапамогай банкаўскіх картак у нашай краіне штогод праводзяцца мільярды аперацый) і выдаць з высокай верагоднасцю прыдатную для нападу банкаўскага менеджара ахвяру.

Такім чынам, вас ацанілі як надзейнага і адказнага, а значыць, вы можаце разлічваць на крэдыт. Банк загадзя «ўхваляе» нейкую бяспечную для сябе суму — і вось званок на ваш мабільнік:

— Добры дзень! Мяне клічуць Ганна. Вы з'яўляецеся кліентам нашага банка, і мы вельмі цэнім вас. Банк прапануе вам крэдыт на любыя мэты, сума якога загадзя вызначана. Гэта вельмі выгадная прапанова, якая дзейнічае толькі да канца месяца.

Фото livejournal.coм

Вам застаецца пагадзіцца з прапановай і тут жа атрымаць грошы. Але варта ўсё ж такі задаць пару пытанняў і высветліць, што ўсё не так выгадна, як здаецца спачатку. Акажацца, што стаўку вам прапануюць на 10 працэнтных пунктаў вышэй, чым сярэдняя на рынку. Затое «хутка і без паперак»...

І такія выпадкі ўжо не адзінкавыя. Настойлівыя работніцы банка без стомы і выхадных абзвоньваюць надзейных кліентаў, якія возьмуць грошы, а потым абавязкова іх вернуць, таму што ўжо добра сябе зарэкамендавалі.

Палёгка ці параза?


Я ў прынцыпе не супраць банкаў. Іх паслугі значна палягчаюць наша шараватае існаванне. Возьмем тую ж картку. Гэта вельмі зручна: ты можаш купляць што і дзе хочаш — хоць у замежных інтэрнэт-крамах, хоць у шапіку сельскай спажыўкааперацыі. Так, усе твае пакупкі дзесьці фіксуюцца. Так, банк ведае пра цябе больш, чым табе хацелася б. Але часам гэта выкарыстоўваецца не толькі на шкоду. Напрыклад, зваротная сувязь з карыстальнікамі мабільных дадаткаў дазваляе палепшыць карысныя праграмы. Пагадзіцеся, гэта вельмі добра, калі я магу, знаходзячыся ў транспарце па дарозе дадому, за тры хвіліны папоўніць рахунак мабільнага, які, як заўсёды, у самы непадыходзячы момант аказаўся пустым.

Ці ж ёсць такія дадаткі, якія стымулююць людзей да ашчаджання. Напрыклад, пасля кожнай імпульсіўнай, незапланаванай пакупкі ён патрабуе, каб чалавек перавёў хаця б мінімальную суму з асноўнага на ашчадны рахунак.

Але ўсё ж такі ёсць і непрыемныя моманты. Банкі сочаць не толькі за нашымі фінансавымі паводзінамі, а, напрыклад, за паводзінамі ў сацсетках. У нас такога, наколькі мне вядома, пакуль няма. Але некаторыя еўрапейскія банкі гэта практыкуюць пры вызначэнні той жа плацежаздольнасці. У Беларусі выкарыстоўваюць толькі чат-боты для зносін з кліентамі, а часам і для папярэдняга рашэння па выдачы крэдыту. Але хто ведае, што будзе далей.

Дрэнна ўсё гэта ці добра, сказаць складана. З аднаго боку, мы атрымліваем індывідуалізаваныя паслугі, а з іншага — губляем частку сваёй свабоды: многае за нас пачынаюць вырашаць машыны і тыя, хто імі кіруе, а мы гэтага нават не заўважаем. У любым выпадку, лічбавы банкінг — гэта менавіта так і ніяк інакш. А інакш ўжо наўрад ці будзе.

kuletski@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter