Хвароба

Рэнтгенолаг сказаў: — Галечка, пiшы: канцэр пульмонум...

Неўпрыкмет з’явiўся кашаль. Спачатку рэдкi, кволы, а потым пачасцеў, стаў рэзкаватым, надакучлiвым. Пачало балець у грудзях, стала цяжкавата дыхаць.

Сам урач, хiрург, Кастусь напачатку думаў, што прастудзiўся i ў яго бранхiт. Ён даставаў i яму даставалi самыя найноўшыя, самыя хвалёныя лекi, прымаў iх. На нейкi час лягчэла, а потым зноў пачыналася ранейшае, а часам рабiлася i горш.

Як нi цяжка было, давялося кiнуць курыць.

Кашаль крыху суняўся, але боль не пераставаў, дыхаць было цяжка. Нi рэнтген, нi аналiзы не паказвалi на туберкулёз. Кастусь здагадваўся, што мясцовыя медыкi нешта ўтойваюць, асаблiва рэнтгенолагi, i гэта насцярожвала.

Неспакойна стала як днём, так i ноччу. Усё зрабiлася нямiлым: i работа, i сям’я. Трывожыў боль за сына, якому ўсяго пяць годзiкаў. Як яму быць далей, калi падрасце? Нiводзiн дзень не прыносiў радасцi цi хаця б задаволенасцi.

I ўсё ж недзе глыбока ў душы калi-нiкалi прабiвалася надзея на лепшае. Кастусь нават фiзiчна пачынаў адчуваць яе — iскрынкай мiльгала тая радасць у вачах, i тады чамусьцi ўспамiналася, як у маленстве ён глядзеў праз каляровае шкло на свет i ён тады рабiўся дзiвосным, казачным...

Каб канчаткова зняць усе сумненнi, Кастусь вырашыў зрабiць рэнтген у iншым горадзе, дзе яго нiхто не ведаў.

У Наваполацку працаваў начальнiкам цэха ягоны зямляк, ён жа ўладкаваў усё момантам: арганiзаваў праверку ў заводскай бальнiцы.

Рэнтгенолаг уключыў апарат, як звычайна, загадаў удыхнуць, выдыхнуць i сказаў медсястры:

— Галечка, пiшы: канцэр пульмонум.

Пачуўшы гэтыя словы, Кастусь змарнеў, раптоўна кiнула ў пот, ватнымi зрабiлiся ногi. Падалося, што вось-вось можа ўпасцi.

Рэнтгенолаг уключыў святло i, калi Кастусь апрануўся, сказаў:

— Усё. Вы свабодны. Выпiску перададзiм лечачаму ўрачу.

Зрабiў Кастусь яшчэ i флюараграфiю, папрасiў, каб далi з сабою здымкi. На здымку выразна бачылася пухлiна велiчынёй з добрую слiву. Толькi нейкая надта ж акрэсленая яна была.

Дамоў ён прыехаў сам не свой. Як быць? Ведаў, што на папраўку няма нiякай надзеi. Як зрабiць, каб пра хваробу не здагадалiся родныя? Лячыцца не хацелася: усё адно не будзе нiякай карысцi. Аперацыя магла толькi пашкодзiць.

Пацягнулiся пакутлiвыя днi. Кастусь слабеў i, калi зразумеў, што не здолее выйсцi на працу, напiсаў заяву на водпуск. Водпуск далi адразу ж.

Раней ён кожнае лета ездзiў у Верхнядзвiнск да калегi, аднакурснiка па медiнстытуту, найлепшага сябра Мiколы. На беразе Асвейскага возера Мiкола здымаў хацiну, i ўвесь адпачынак яны рыбачылi, падоўгу гаварылi пра маладосць, пра ўсё тое блiзкае, што яднае людзей.

Якраз перад самым водпускам прыйшло пiсьмо ад Мiколы. Як заўсёды, сябар пiсаў з гумарам, пытаўся, як яго, Кастуся, здароўе, дапытваўся, калi ён будзе на возеры...

Кастусь ужо не падымаўся з ложка, каторы дзень нiчога не еў, схуднеў ушчэнт, на трывожныя пытаннi знаёмых i раднi адказваў:

— Лячуся новым метадам – галаданнем.

Ён доўга раздумваў, што напiсаць Мiколу, i ўсё ж не вытрымаў, дрыжачай, як у алкаголiка, рукою вывеў няроўнымi каракулямi: «Я цяжка хворы. Прыязджай».

Мiкола прыехаў у той жа дзень, як атрымаў пiсьмо. Зайшоў у пакой i, як укопаны, спынiўся ў дзвярах. Пастаяўшы, прашаптаў:

— Косця, ты?..

У Кастуся, як пятлёю, прыхапiла горла, i ён са слязамi на вачах рукою паклiкаў да сябе сябра.

Мiкола падышоў, сеў на ложак, нейкi час пазiраў у вочы, бы спадзеючыся знайсцi ў iх нешта вельмi важнае. Затым спытаў:

— Што здарылася, Косця?

Кастусь узяў яго за пальцы, пачаў гладзiць iх i, сабраўшы сiлы, слабым голасам сказаў:

— Канцэр пульмонум, Коля.

— Што? – прыўзняўся з ложка Мiкола. – Што ты чаўпеш? Ты ж летась быў як агурок...

— Быў, быў... I рэнтген паказаў, i вось – флюараграфiя. Вазьмi ў «Медыцынскай энцыклапедыi» плёнку. Паглядзi сам, — Кастусь кiўнуў на этажэрку, дзе ляжаў том «Медыцынскай энцыклапедыi».

Мiкола знайшоў плёнку. Падышоўшы да акна, пачаў углядацца ў яе. Глядзеў доўга, то наблiжаючы да самых вачэй, то аддаляючы.

Нарэшце сказаў:

— Нiчога не магу зразумець. Пухлiна ёсць. Гэта ясна. Але ж яна нейкая надта правiльная, акрэсленая, не падобная на ракавую. Раненняў нiякiх не было ў дзяцiнстве? – запытаў ён.

— Не.

— Мо, на запаленне лёгкiх хварэў цi бранхiт?

— Хварэў. Толькi не памятаю, цi на запаленне, цi на бранхiт. Мацi-нябожчыца казала, што ў нашай вёсцы быў стары фельчар, ён нейкi ўкол мне ў грудзi даваў. Той укол мне i памог, — Кастусь гаварыў цяжка, задыхаючыся, адпачываючы пасля кожнага слова. Толькi што за ўкол быў – не ўяўляю...

— Косця! Калi гэта праўда, калi гэта так, тады – жывём! – выдыхнуў Мiкола i тут жа заплакаў.

Супакоiўшыся, сябар працягваў:

— Я недзе чытаў, што даўней цяжкiя формы бранхiту лячылi iн’екцыямi камфорнага масла ля каранёў лёгкiх. Калi гэта так, то нiякага раку лёгкiх у цябе няма. Магло капсулявацца камфорнае масла. Дзе ў цябе шпрыц?

Кастусь паказаў вачыма на дыпламат, што стаяў у адной з ячэек этажэркi.

Мiкола дастаў шпрыц. Насадзiўшы iголку, ён нейкi час вагаўся, баючыся памылiцца ў сваёй здагадцы.

Спакваля, адчуўшы рукою, як iголка прайшла мiжрэберную мышцу, як ледзь прыкметна хруснула плеўра, ён пачаў адцягваць поршань шпрыца...

Поршань не адцягваўся. Усё... Памылiўся!..

Ён паглыбiў на мiлiметр-другi iголку.

З цяжкасцю, але поршань падаўся i пацягнуў за сабой кропельку сукравiцы – у ёй, як золата, засвяцiлася малюсенькая бурштынавая iскрынка...

Мiкола пацягнуў поршань яшчэ мацней — у шпрыцы з’явiлася яшчэ адна iскрынка, i тады ён не выцягнуў, а вырваў шпрыц з грудзей сябра. Iмгненна зняўшы iголку, ён панюхаў кроплю i тут жа даў панюхаць яе Кастусю. Той панюхаў i страцiў прытомнасць.

* * *

Праз два тыднi Кастусю зрабiлi аперацыю па вывядзеннi капсуляваных кропель. А яшчэ праз тры тыднi ён разам з Мiколам рыбачыў на Асвейскiм возеры.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter