Как смартфон эффективно помогает в лечении туберкулеза

Хвароба звонiць на смартфон

Да чаго тэхніка дайшла: пацыенты, хворыя на туберкулёз, здымаюць прыём таблетак на смартфон, а пасля адпраўляюць відэа медыкам. Відэакантроль накшталт такога — медыцынская навінка, якую тэсціруюць пакуль толькі ў нашай краіне, Малдове і Вялікабрытаніі. Каб зразумець прынцып відэалячэння, адпраўляемся ў дыспансернае аддзяленне РНПЦ пульманалогіі і фтызіятрыі.


Тут нас ужо чакае 47-гадовы Андрэй. Сваёй гісторыяй ён згадзіўся падзяліцца ананімна, каб не было непрыемнасцей на рабоце. Дарэчы, працуе мужчына машыністам на чыгунцы. У верасні гэтага года Андрэй закончыць двухгадовы курс лячэння. Як падхапіў захворванне, сам не ведае. Чарговы медагляд. Флюараграфія. Непрыемны дыягназ.

— Мая жонка тады была цяжарная. Мне забаранілі бачыць дзяцей. Жонцы нават немаўля ў радзільні не аддавалі, пакуль я не прынёс даведку аб шпіталізацыі, — прыгадвае няпросты час Андрэй. — Тады я правёў аж восем месяцаў у віцебскай бальніцы і не меў магчымасці бачыць родных… 

Новы метад лячэння Андрэя вельмі парадаваў. Раней яму штодзённа прыходзілася прыязджаць з Мінска ў дыспансер, каб атрымаць чарговую порцыю лекаў. А гэта няпроста, асабліва калі працуеш з васьмі гадзін раніцы да васьмі вечара. Амаль немагчыма. Зараз мужчына бывае ў бальніцы раз на два тыдні.

Каб бліжэй пазнаёміцца з тэхнікай, просім мужчыну паказаць яго смартфон. На рабочай панэлі тэлефона ён выбірае праграму «Рэгістратар», на застаўцы якой намаляваны рознакаляровыя таблеткі. Праграма прапануе нам два раздзелы: «Падрыхтоўка» і «Архіў». Андрэй  націскае «Падрыхтоўку». Што далей? Камера цалкам падрыхтавана да запісу прыёму лекаў у рэжыме анлайн. Нумар з падманам не пройдзе: аўтаматычна выстаўляецца дата і час запісу. 

Ну вось, відэа запісана. Зараз трэба даслаць яго ў дыспансер. З гэтым дапамагае інтэрнэт. 

— Такая сістэма вельмі зручная для чалавека, які хоча вылечыцца і пастаянна заняты на працы, — шукае плюсы медыцынскай навінкі Андрэй.

Акрамя зручнасці відэалячэння, ёсць яшчэ адзін прыемны момант: смартфон застаецца ў пацыента назаўсёды як падарунак.



— Праграма рэалізуецца з дапамогай Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа. Зараз разглядаецца пытанне аб укараненні прынцыпу «другіх рук», каб пасля выкарыстання чалавек перадаваў тэхніку наступнаму, — удаецца ў тонкасці загадчык супрацьтуберкулёзнага дыспансернага аддзялення РНПЦ пульманалогіі і фтызіятрыі Наталля Емяльянава. — Гэта была першая партыя смартфонаў, таму прысутнічаў пэўны дабрачынны аспект. Зразумела, жадаючых пралячыцца па новай методыцы шмат: за год у краіне выяўляюць каля трох тысяч хворых. Бясконца закупліваць дарагую апаратуру даволі затратна.

Лячэнне туберкулёзу любой формы пачынаецца са стацыянара. Пасля гэтага пацыенты павінны штодзённа прымаць лекі доўгі перыяд часу (у залежнасці ад інтэнсіўнасці хваробы). У канцы мінулага года ў супрацьтуберкулёзным дыспансерным аддзяленні РНПЦ з’явілася восем першых смартфонаў для відэакантралявання прыёму лекаў у хатніх умовах.

У дыспансеры кантраляванне відэалячэння вядзецца праз камп’ютар.
Загадчык супрацьтуберкулёзнага дыспансернага аддзялення РНПЦ пульманалогіі і фтызіятрыі Наталля ЕМЯЛЬЯНАВА
 бачыць на экране пратэрмінаваныя прыёмы лекаў, усе спісы пацыентаў, табліцы з пералікам прэпаратаў...

Пакуль праграма накіравана толькі на відэаздымкі, адпраўленне і архівацыю. Праект прадугледжвае дыстанцыйны прыём лекаў на працягу месяца. Аднак практыка паказала, што лепш выдаваць прэпараты на два тыдні, каб лішні раз даведацца аб самаадчуванні пацыента і яго праблемах.

Тэхналогіі ўпэўнена прыйшлі ў наша жыццё. А новы метад лячэння з дапамогай смартфона дазваляе хвораму паўнавартасна жыць, працаваць, адпачываць. А гэта, пагадзіцеся, вялікі козыр.

veronika.ulasevich@mail.ru

Фота Антаніны ХАТЭНКА

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter