У Мінску першых пацыентаў прыняў Рэспубліканскі навукова-медыцынскі цэнтр клетачных тэхналогій

Хвароба не вырвецца з клеткі

У Мінску першых пацыентаў прыняў Рэспубліканскі навукова-медыцынскі цэнтр клетачных тэхналогій
У Мінску першых пацыентаў прыняў Рэспубліканскі навукова-медыцынскі цэнтр клетачных тэхналогій


Гэта першая ў краіне медыцынская ўстанова, прызначаная для шырокага выкарыстання ў лячэнні ствалавых клетак. Пакуль цэнтр выглядае даволі сціпла: некалькі кабінетаў і аперацыйная агульнай плошчай 380 квадратных метраў у паліклініцы НАНБ, штат складаецца з некалькіх спецыялістаў. Аднак перспектывы маштабныя. Навуковы кіраўнік цэнтра акадэмік НАН Беларусі Ігар Валатоўскі расказаў: 

— У аснове ляжаць вынікі і дзелавыя сувязі, якія склаліся падчас выканання нядаўна завершанай саюзнай праграмы па прымяненні ствалавых клетак для лячэння шэрага цяжкіх захворванняў. З беларускага боку ў ёй удзельнічалі, акрамя нашага інстытута, Беларускі дзяржаўны медуніверсітэт, Медыцынская акадэмія пасля­дыпломнай адукацыі, 9-я клінічная бальніца. Ужо на гэтым этапе ўдалося распрацаваць базавыя тэхналогіі лячэння такіх цяжкіх хвароб, як хранічныя трафічныя язвы, якія з’яўляюцца наступствам дыябету, склератычных захворванняў. Так, сумесна з калегамі з бальніцы хуткай ме-дыцынскай дапамогі (кафедра хірургіі БДМУ — загадчык член-карэспандэнт НАН Беларусі Станіслаў Траццяк) мы пралячылі 25 такіх пацыентаў. У 24 язвы зацягнуліся. 

Ігар Валатоўскі бачыць вялікія перспектывы прымянення ствалавых клетак

Цяпер гэтая работа пастаўлена на паток. У клініцы пацыента рыхтуюць да трансплантацыі ствалавых клетак, робяць забор тлушчавых тканак. У Інстытуце біяфізікі з іх вылучаюць ствалавыя клеткі і размножваюць іх шляхам дзялення. Для гэтага тут абсталяваны пакуль адзіны ў Беларусі Цэнтр размнажэння ствалавых клетак, які адпавядае нормам міжнароднага стандарту GMP. Разам з Ігарам Дзмітрыевічам ідзём туды. Але сам працэс удаецца паглядзець толькі праз двайныя вокны шлюзавых камер — патрабаванні стэрыльнасці тут надзвычай жорсткія. У кабінетах — мікраскопы, цэнтрыфугі, стэрылізатары, спецыяльныя халадзільнікі... 

 — Зыходны матэрыял змяшчаецца ў спецыяльны “матрасік”, дзе і размножваюцца ствалавыя клеткі, — Ігар Валатоўскі дэманструе невялікі празрысты пластыкавы флакон з аранжавым вечкам. — На адзін цыкл ідзе да 20 дзён. Для лячэння аднаго пацыента трэба каля пяці мільёнаў клетак, ідэнтычных яго ўласным. Усе рэагенты і медыцынскі посуд імпартныя. 

Прэпарат, які змяшчае аўтэнтычныя ствалавыя клеткі, можа быць у выглядзе гелю, ін’екцыі, у іншай форме. Але гэтае рэчыва, што называецца, плоць ад плоці канкрэтнага пацыента. Само лячэнне адбываецца ў нядаўна створаным Цэнтры клетачных тэхналогій. Цэнтр ужо заключыў пагадненні з буйнейшымі расійскімі навуковымі цэнтрамі, каб выкарыстаць іх напрацоўкі. Ігар Валатоўскі канкрэтызуе: 

— З Санкт-Пецярбургскім Інстытутам цыталогіі РАН мы заключылі дагавор аб выкарыстанні створанага ім прэпарату “Дэрмальны эквівалент”. Ён прызначаны для лячэння апёкаў, дэгенератыўнага перараджэння дзёснаў, пролежняў. З маскоўскім Інстытутам транспланталогіі Расійскай акадэміі медыцынскіх навук дамовіліся аб прымяненні яго прэпарату “Сферагель” для лячэння захворванняў суставаў. Тым самым спадзяёмся вырашыць праблему стагоддзя, як называюць гэтыя хваробы, якія маюць вынікам страту здольнасці чалавека да руху. Пры гэтым нашы і расійскія прэпараты, створаныя на аснове ствалавых клетак, істотна таннейшыя за імпартныя аналагі. 

Сёння расійскія прэпараты прахо-дзяць у Беларусі медыцынскую сертыфікацыю. Гэтая працэдура даволі затратная і працяглая. Аднак мяркуецца, што ўжо з 2016 года на тэрыторыі Еўразійскага эканамічнага саюза пачнуць дзейнічаць уніфікаваныя сертыфікаты лекавых сродкаў. Гэта значна паскорыць і аблегчыць прымяненне ў мінскім цэнтры клетачных тэхналогій расійскіх прэпаратаў і наадварот. Ды і сам цэнтр выйдзе на новы ўзровень. Ужо ёсць да-
моўленасць аб яго пашырэнні ў два разы. Тут з’явяцца новыя кабінеты і лабараторыі, банк ствалавых клетак. Пашырыцца і пералік хвароб, лячыць якія будуць пры дапамозе новых тэхналогій. 

Уладзімір Бібікаў
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter