У Беларусі ўпершыню адбудзецца фестываль «Хва­растоўскі і сябры»

Хварастоўскі запрашае ўслед за Співаковым

Міжнародны фестываль «Хва­растоўскі і сябры» некалькі гадоў праходзіў на прасторах Расіі, у Беларусі ён адбудзецца ўпершыню.
Міжнародны фестываль «Хва­растоўскі і сябры» некалькі гадоў праходзіў на прасторах Расіі, у Беларусі ён адбудзецца ўпершыню. 


Трэцяга сакавіка яго павінен быў адкрыць кітайскі піяніст Юндзі. Але літаральна за тыдзень, калі білеты на гэты фартэпіянны вечар у Белдзяржфілармоніі  ўжо былі раскуплены, стала вядома, што па асабістых прычынах музыкант не зможа выступіць у Мінску, больш за тое, ён цалкам адмяніў еўрапейскае турнэ. Арганізатары лічаць, што знайшлі яму годную замену: у канцэрце-адкрыцці прыме ўдзел славуты піяніст Барыс Беразоўскі.

У музычным свеце яго называюць «новым Рыхтэрам», а яго гучанне з найбагацейшым спектрам дынамічных адценняў прызнаюць самым дасканалым сярод піяністаў яго пакалення. Ён уваходзіць у пяцёрку лепшых піяністаў свету і з`яўляецца адным з найбольш запатрабаваных выканаўцаў на Захадзе. Дарэчы, у Мінску Беразоўскі ўжо выступаў, апошні раз гэта адбылося на II Міжнародным фестывалі «Уладзімір Співакоў запрашае…».

А вось вядучыя салісткі «Метра­політэн-Опера» Мірыям і Марына Коста-Джэксан у Беларусі ўпершыню. Знакамітыя сёстры Коста-Джэксан вучыліся опернаму вакалу ў лепшых майстроў ЗША і Італіі. Пра Мірыям, якая пачала займацца музыкай з 12 гадоў, кажуць: «Яна ў першую чаргу спявае сэрцам, а затым ужо голасам». Марына Коста-Джэксан з`яўляецца рэзiдэнтам Амерыканскай акадэміі вакальнага мастацтва. Дарэчы, у гэтым жа канцэрце прыме ўдзел і беларуская прыма Аксана Волкава. Дырыжор — Канстанцін Арбелян.

Трэці вечар фестывалю — балетны. Беларусы нарэшце змогуць убачыць  пастаноўку Барыса Эйфмана «Радэн». 

— На мове цела мы гаворым у гэтым спектаклі пра запал, унутраную  барацьбу, адчай — пра ўсе тыя  з`явы жыцця чалавечага духу, якія геніяльна намаляваныя Радэнам і Камілай у бронзе і мармуры. Ператварыць застылыя ў камені імгненні ў нястрымны, эмацыянальна насычаны паток рухаў цела — вось да чаго імкнуўся я, складаючы новы балет, — гаворыць Эйфман. — Спектакль «Радэн» — гэта роздум аб непамернай цане, якую даводзіцца плаціць геніям за стварэнне бяссмертных шэдэўраў. І, вядома ж, пра тыя пакуты і таямніцы творчасці, што заўсёды будуць хваляваць мастака.

Музычныя крытыкі ўжо правялі паралелі паміж фестывалямі Дзміт­рыя Хварастоўскага і Уладзіміра Співакова ў Беларусі. Яны падобныя адзін да аднаго: уключаюць у сябе розныя жанры і накірункі. Галоўнае ж — запатрабаваныя ў неразбалаванай беларускай публікі.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter