Спецыялісты Расіі і Беларусі распрацоўваюць прыбор, які рэгулюе рух на дарогах, фіксуе на камеру ўсе дэталі гэтага руху, мае сувязь з дыспетчарам, аўтаінспекцыяй і “хуткай дапамогай”

“Хуткую дапамогу” выкліча святлафор

Як называецца прыбор, які рэгулюе рух на дарогах, фіксуе на камеру ўсе дэталі гэтага руху, мае сувязь з дыспетчарам, аўтаінспекцыяй і “хуткай дапамогай”? Святлафор? Адгадалі, але толькі часткова. Таму што такіх святлафораў пакуль няма. Але могуць хутка з’явіцца. У іх распрацоўцы ўдзельнічаюць спецыялісты Расіі і Беларусі. У Пецярбурзе — гэта ААТ “Авангард” і НВА па перапрацоўцы пластмас.



У НВА з беларускімі калегамі знаёмыя з савецкіх часоў, калі пастаўлялі камплектуючыя для знакамітых “БелАЗаў”. Аднавіць кантакты ўдалося толькі 7 гадоў назад дзякуючы Савету дзелавога супрацоўніцтва Пецярбурга і Беларусі. Збіраецца ён штогод, па чарзе ў Мінску і Піцеры.

На трох папярэдніх пасяджэннях савета акцэнт быў зроблены на развіцці навукова-тэхнічнай і інавацыйнай сфер. Для НВА па перапрацоўцы пластмас гэта стала, можна сказаць, прарывам. Там да таго часу ўжо меліся ўласныя інавацыйныя напрацоўкі. Але каб развіваць на іх аснове вытворчасць, патрэбны былі партнёры, кааперацыя з якімі спрыяла б выхаду на больш высокі ўзровень.

— З Аб’яднаным інстытутам машынабудавання НАН Беларусі мы распрацавалі і стварылі абсталяванне для плазменнага напылення звышвысокамалекулярнага поліэтылену, — гаворыць дырэктар НВА Сяргей Цыбукоў. — Не сакрэт, што шкода ад аварый рэзервуараў і трубаправодаў у выніку карозіі прыкметна перавышае затраты на іх узвядзенне. Спосабы засцярогі такога абсталявання, якія выкарыстоўваюцца сёння, недастаткова эфектыўныя і вельмі затратныя. А дзякуючы прапанаванай намі з беларусамі інавацыйнай тэхналогіі якасць антыкаразійнай засцярогі энергаабсталявання, ёмістнага хімічнага абсталявання, трубаправодаў прыкметна павышаецца, а з ёй і тэрмін іх эксплуатацыі.

За першым крокам быў адразу і другі. У Баранавіцкага станкабудаўнічага завода, дакладней, у яго філіяла ЗАТ “Атлант”, каманда дырэктара Цыбукова набыла тэрмапластаўтамат — станок для адліву пластмасавых вырабаў з зададзенымі ўласцівасцямі. Мінулым летам ён быў прадстаўлены піцерскім НВА на выставе “Расійскі прамысловец” і выклікаў сапраўдны фурор. Многія не верылі, што ў Беларусі могуць рабіць абсталяванне, якое не саступае заходнееўрапейскім аналагам. Прасілі нават зняць панэлі, каб пераканацца: гэта не муляж.

Дарэчы, беларусы — адзіныя на постсавецкай прасторы, хто робіць гэтыя ўнікальныя станкі. Для праграмы імпартазамяшчэння ў Расіі гэта вельмі актуальна. Кіраўніцтва баранавіцкага завода ўжо зрабіла прапанову пецярбургскаму НВА аб доўгатэрміновым кантракце. Той плануе адкрыццё дэманстрацыйнай пляцоўкі, сэрвіснага абслугоўвання і склада запасных частак на тэрыторыі пецярбургскага прадпрыемства з перспектывай поўнай зборкі тэрмапластаўтамата. А таксама стварэнне сумеснага расійска-беларускага навучальнага цэнтра для падрыхтоўкі спецыялістаў.

Першая група будучых аператараў, мантажнікаў, наладчыкаў і ліцейшчыкаў ужо прайшла навучанне ў новым цэнтры. У праграме — двухтыднёвы тэарэтычны курс і месячная практыка. З’явяцца дзякуючы цэнтру і спецыялісты новага профілю — наладчыкі-механікі машын і аўтаматычных ліній па вытворчасці вырабаў з пластмас. Гэта будуць універсальныя майстры, якія валодаюць некалькімі сумежнымі прафесіямі. Ужо ў бліжэйшай будучыні новая прафесія можа стаць адной з самых запатрабаваных у нашых краінах, а магчыма, і на ўсёй прасторы Еўразійскага саюза, актыўнымі членамі якога, а ў чымсьці і заканадаўцамі мод, з’яўляюцца Беларусь і Расія.

У чым менавіта? Ды хоць бы ў вытворчасці кампазіцыйных матэрыялаў і вырабаў з іх. Яскравы таму прыклад — корпус з палімераў для святлафораў і семафораў. Стандартны семафор, які спакон веку выкарыстоўваецца, у прыватнасці, на чыгуначным транспарце, мае чыгунны або металічны корпус. Важыць разам з асвятляльным прыборам прыкладна 13,5 кг. Можна ўявіць, як нялёгка дэманціраваць або, наадварот, манціраваць яго, ды яшчэ калі размяшчаецца ён высока над зямлёй. Акрамя гэтага яго неабходна рэгулярна фарбаваць — каб не ржавеў, не выгараў, застаючыся, як гэта патрэбна, чорным. Не гаворачы ўжо пра вібрацыю пры праходжанні цягнікоў, якая прыкметна скарачае тэрмін эксплуатацыі спецыялізаванага асвятляльнага прыбора. Палімерны ж яго аналаг і лёгкі, і даўгавечны. На піцерскім НВА палімерныя карпусы выпускаюць як стандартных памераў, так і паменшаных.

— Цяпер задача ў тым, каб абсталяваць іх святлодыёднымі лямпамі, — гаворыць Сяргей Цыбукоў. — Тым больш што ў Беларусі стварэннем святлодыёдных прыбораў займаюцца даўно і вельмі паспяхова. І ў гэтым сэнсе замена імпартных элементаў “матчасткі” ў святлафорах, пражэктарах, семафорах на беларускія была б і лагічнай, і правільнай. Я размаўляў пра гэта з вядомым фізікам, намеснікам старшыні прэзідыума НАН Беларусі Сяргеем Кіліным. Яму ідэя спадабалася. Абяцаў абмеркаваць яе ў дэталях са сваімі калегамі па акадэміі, дапамагчы. Дарэчы, з Сяргеем Якаўлевічам мы пазнаёміліся на юбілеі акадэміка Жарэса Алфёрава. Жарэс Іванавіч зацікавіўся, захацеў даведацца пра падрабязнасці, а даведаўшыся, падтрымаў прапанову.

Цяпер патрэбна адпаведная праграма з падрабязным выкладам не толькі плануемага працэсу вытворчасці, яго ўдзельнікаў, неабходнага фінансавання і тэрмінаў выканання, але і рэалізацыі канчатковага прадукту. Ужо сёння зразумела, што выкарыстанне шматпрофільных палімерна-святлодыёдных прыбораў практычна не абмежаванае.

Вольга Карнеева
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter