Нашы спецыялiсты распрацавалi ўнiкальны мабільны электракардыёграф, якi дапаможа кожнаму самастойна кантраляваць працу сэрца

Хуткая сардэчная дапамога

Было б сэрца, а смутак знойдзецца – так кажуць. Летась, паводле даных Сусветнай арганізацыі аховы здароўя , сардэчна-сасудзістыя захворванні сталі асноўнай прычынай смяротнасці ва ўсім свеце . І што горш за ўсё – нагодай з’яўляецца не проста захворванне гэтага «рухавіка», а менавіта позняя дыягностыка «непаладак». І як жа, спытаеце вы, прымусіць людзей узяць талончык да ўрача, калі падалося, што ўчора сэрца «засвавольнічала», а сёння – усё ў парадку ? Прымушаць нікога не варта , кажуць нашы распрацоўшчыкі мабільнага электракардыёграфа, які дазволіць самастойна падстрахаваць сваё жыццё ў любым месцы, у любы час. Падрабязнасцямі зацікавілася карэспандэнт «Р».

Прыбор паказвае парушэнні сардэчнага рытму, уключаючы тахікардыі, фібрыляцыю перадсэрдзяў і розныя віды экстрасісталіі.

Малое здольна на многае

З архітэктарам дадзенай распрацоўкі Андрэем Дзюсьмікеевым мы сустракаемся ля плошчы Перамогі. Як і дамовіліся, ён прывёз з сабой прататып будучага электракардыёграфа, які ўжо ў 2018 годзе будуць выпускаць серыйна. З партфеля ён дастае невялікае прыстасаванне – гэта якраз той выпадак, калі малое здольна на многае. 

– Кардыяманітор Coremergy – так называецца прадукт, над якім працавалі фізікі, матэматыкі і ўрачы-кардыяхірургі з нашай краіны і Расіі, – паказвае ён прататып кішэннага апарата ЭКГ. – Мы рэгулярна адсочваем патэнты на чыпы – мікрасхемы, здольныя кантраляваць шэраг параметраў і пераўтвараць адзін тып сігналу ў іншы. Звярнулі ўвагу на адзін з іх: у ЗША ў 2012 годзе зарэгістравалі патэнт на зняцце ЭКГ з двух пальцаў рук – новы спосаб рэгістрацыі сігналу сардэчнай мышцы. Ужо ў 2015-м яны выпусцілі вопытны ўзор, а ў 2016-м — эксперыментальны, які аддалі на даследаванне.

Андрэй Дзюсьмікееў і яго каманда займаюцца тэхналагічнымі рашэннямі і інавацыямі, якія можна палепшыць, таму яны ўзяліся адначасова з амерыканцамі за сваю прыладу, якая б здымала кардыяграму крыху па іншым прынцыпе, але таксама праз пальцы.

– У аснове нашага комплексу ляжыць аналіз частотных характарыстык сігналу, які атрымлівае кардыяманітор, злавіўшы рытм сэрца, – тлумачыць распрацоўшчык. – Мы вызначаем не проста «норму» альбо «не норму» работы сэрца, але і асноўныя сем крытычных відаў арытміі. У будучыні мы павялічым гэтую колькасць да паўтара дзясятка.

Хачу даведацца і пра сваё сэрца прама на лавачцы ў парку, а не на канапе ва ўрача. Андрэй спачатку запускае спецыяльны дадатак на смартфоне, які пасля выпуску кардыяманітора ў шырокія масы можна будзе з лёгкасцю бясплатна спампаваць для аперацыйнай сістэмы Android. Пасля заходзіць у «асабісты кабінет» і паказвае гісторыю сваіх кардыяграм. Сэрца ў майго суразмоўцы ў добрым стане. Так, а як справы ў мяне?

Андрэй ДЗЮСЬМІКЕЕЎ.

Выпрабавана на сабе

Перадае ў рукі прататып, надрукаваны на 3D-прынтары, які меншы, чым мой тэлефон. На ім два медныя кантакты – якраз для вялікіх пальцаў рук, праз якія і пройдуць замеры работы сэрца. Прататып звязваецца са смартфонам Андрэя праз Bluetooth, і ўжо пасля мне можна прыкладваць пальцы, каб убачыць адразу ж на экране кардыяграму.

– Паслабце рукі, не сцiскайце. Праз дзве хвіліны ўбачым дакладную работу сардэчнай мышцы, – павучае распрацоўшчык. У гэты момант я бачу «ход» свайго сэрца, а Андрэй апісвае яго проста і зразумела:— Добрая кардыяграма. Папрысядайце.

Як толькі я пачала гэта рабіць, на экране смартфона кардыяграма «заскакала». Супакоілася пасля нечаканай фізкультуры, і мой «матор» хутка аднавіўся, а кардыяграма выдала вердыкт: добры стан.

– Чаму папрасіў папрысядаць, пашорхаць нагамі, пагаварыць? Зараз мы зацікаўлены ў зняцці сігналаў у максімальна розных умовах, каб матэматычныя алгарытмы змаглі нават з імі даваць дакладныя вынікі, – Андрэй тлумачыць усё да дробязей. – Глядзіце: чырвоная стужка кардыяграмы – гэта неапрацаваны сігнал, а сіняя – ужо гладкая, апрацаваная, яна прайшла фільтры.

Чаму патрэбныя менавіта дзве хвіліны для зняцця ЭКГ? Гэта аптымальны час як для звычайнага – клінічнага — кардыёграфа, так і для мабільнага. Алгарытм выкідвае «смецце», якое ўлоўлiвае, а потым адбываецца аналітыка, затым – вынік.

– Алгарытмы аналітыкі мы пісалі разам з нашымі практыкуючымі ўрачамі з РНПЦ, выкладчыкамі медыцынскіх ВНУ Масквы і Санкт-Пецярбурга, а зараз усё гэта робіць машына. Дарэчы, сваю кардыяграму адным націскам можна адправіць у фармаце pdf урачу, захаваць у «асабістым кабінеце» і віртуальным воблаку.


Сігнал да доктара давядзе

– Зараз мы працуем над якасцю сігналу, каб выдатна чуць сардэчную мышцу: як вызначыць сігнал, як яго ачысціць і як пераўтварыць у матэматычную мадэль. У нашай краіне выдатная школа матэматыкі і фізікі – нашы асноўныя спецыялісты, якія працуюць над алгарытмамі вызначэння сігналу, – гэта выпускнікі БНТУ і БДУ. Я сам скончыў факультэт прыкладной матэматыкі і інфарматыкі БДУ – ведаю, пра што кажу, – заяўляе Андрэй Дзюсьмікееў.

У дадзены момант кардыяманітор здымае сігнал, што выходзіць ад сэрца, з частатой 400 – столькі адбываецца вымярэнняў у секунду. Самая высокая на сёння ў свеце – 500. Такая ж у звычайнага стацыянарнага. Але гэта не значыць, што мабільны электракардыёграф не ўсё ўлоўлівае. Для выдатнага вызначэння стану хапае і 250 кропак.

Распрацоўшчык падкрэслівае: прыбор гэты не медыцынскі. Ён патрэбны чалавеку для таго, каб ён звярнуўся па дапамогу, не давёўшы сваё здароўе да сумнага стану:

– Уявім сабе саракагадовага спадара, у якога сёння сэрца баліць, а заўтра не. Так яшчэ пару разоў, а потым ён, на жаль, можа памерці. Растлумачу адразу: 85% мужчын хварэюць на сардэчна-сасудзістыя захворванні ў тым ці іншым выглядзе. 15—20% з іх могут памерцi з-за банальнага – адсутнасці ранняга выяўлення захворвання. Тое, што пры СССР называлася дыспансерызацыяй, – адышло ў нябыт. Каго цяпер так правяраюць: кіроўцаў, лётчыкаў... А іншыя? Як жонка прымусіць мужа ўзяць талончык да ўрача? Амаль ніяк. Таму мы прапануем зручны прыбор, які проста дапаможа зафіксаваць самаадчуванне і адразу адправіць яго доктару. Скарачаюцца час, грошы, і ёсць вынік.

Тэсціраванне распрацоўкі ўжо праводзілі ў «полi». На масавых мерапрыемствах людзям давалі магчымасць даведацца пра стан сэрца тут і адразу. Шмат каму дадатак выдаваў вердыкт: «Трывожны стан». Людзі, задумаўшыся, ішлі да ўрачоў. Чым не прафілактыка?

– Цікавасць у грамадстве ўжо вялікая, а маладыя ўрачы гатовыя атрымліваць вынікі пацыентаў па электроннай пошце і ўкладваць у гісторыю хваробы як дакумент, – Андрэй дадае, што распрацоўкай ужо зацікавілiся Беларускі інавацыйны фонд, а таксама расійская венчурная кампанія. — Разам мы працуем над запускам кардыяманітора ў абедзвюх краінах – у нас і ў Расіі.

Здароўе — у масы

На днях пачнецца даследчая праца з прыборам у лячэбных установах дзвюх краін. Дакладна вядома, што ўжо ў 2018 годзе заказаць сабе індывідуальны кардыяманітор можна будзе прыкладна за 200 рублёў.

– Зараджаць мабільны электракардыёграф можна будзе праз usb-кабель, – Андрэй Дзюсьмікееў паказвае на прататып. – Акумулятара будзе хапаць на тысячу здыманняў паказанняў. 

Індывідуальны кардыяманітор будзе ўсяго шэсць міліметраў у таўшчыню, гнуткі – яго робяць з сілікону, празрысты. Падчас зняцця паказанняў будуць міргаць дыёды, якія паказваюць увесь шлях сігналу. Такі кардыёграф можна будзе прычапіць да свайго смартфона і ніколі не забываць. У будучым прыбор хочуць цалкам перанесці ў тэлефон, выпусціўшы свой смартфон. Пра гэта цяпер дамаўляюцца з адным з вытворцаў тэхнікі. Вядома, у яго будзе ўкаранёна мноства праграм дыягностыкі. Якіх – сакрэт.

А пакуль першыя сто штук мабільнага электракардыёграфа, якія плануецца выпусціць у наступным годзе ў нашай краіне, лічыце, завочна разабралі. Некаторыя паступяць у медустановы, іншыя раздадуць кантрольнай групе, члены якой пакутуюць на хваробы сэрца. Гэта трэба для таго, каб прыбор улоўлiваў розным сігналам на падставе ўжо ўстаноўленых урачамі дыягназаў.

alinakasel@gmail.com
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter