“Хуткая энергетычная” спяшаецца на дапамогу, альбо Карысныя ўрокі для дарослых

Праект ПРААН “Распрацоўка інтэграванага падыходу да пашырэння праграмы па энергазберажэнні” рэалізуе розныя энергаэфектыўныя мерапрыемства ва ўстановах адукацыі
  • Дашкольнікі ў Ашмянах вучаць “зялёным” паводзінам пажылых людзей, прычым робяць гэта так, што ім ладзяць авацыю і доўга не хочуць адпускаць…

  • У Гродне выхаванцы дзіцячага садка ставяць спектакль пра Калабка на новы, энергаэфектыўны лад і збіраюць поўную залу…

  • У Віцебску навучэнцы каледжа распрацоўваюць унікальны для Беларусі сайт па энергазберажэнні, чытаюць энергаэфектыўны рэп і самастойна ўстанаўліваюць ахоўныя экраны за батарэямі, каб у іх навучальнай установе стала цяплей…

  • “Хуткая энергетычная” спяшаецца на дапамогу па ўсіх цэнтральных тэлеканалах і ўжо добра вядомая жыхарамі Беларусі…

Усе гэтыя падзеі аб’ядноўвае праект ПРААН “Распрацоўка інтэграванага падыходу да пашырэння праграмы па энергазберажэнні” (www.energybel.by), які фінансуецца Еўрапейскім саюзам, а нацыянальным выканаўчым агенцтвам выступае Дэпартамент па энергаэфектыўнасці пры Дзяржстандарце Рэспублікі Беларусь. Паводле слоў кіраўніка праекта Сяргея Нікіціна, скарочаная назва праекта “Энергаэфектыўнасць у школах” добра адлюстроўвае яго сутнасць: пашырэнне ідэй энергазберажэння праз рэалізацыю розных энергаэфектыўных мерапрыемстваў ва ўстановах адукацыі.

Мэтавае фінансаванне было выдзелена чатыром установам адукацыі, якія былі адабраныя на конкурснай аснове. У пачатку рэалізацыі праекта ў 27 установах адукацыі Мінскай, Віцебскай і Гродзенскай абласцей былі праведзены энергааўдыты, вынікі якіх сталі абгрунтаваннем неабходнасці цеплавой мадэрнізацыі будынкаў і абсталявання. Затым сярод гэтых устаноў адукацыі быў праведзены конкурс праектных ініцыятыў, па выніках якога, уключаючы вынікі энергааўдытаў, праектам былі выбраны чатыры пілотныя аб’екты: сярэдняя школа №4 горада Дзяржынска, яслі-сад №6 у горадзе Ашмяны, яслі-сад №45 у Гродне і Віцебскі дзяржаўны прафесійна-тэхнічны каледж машынабудавання імя М.Ф. Шмырова.


Кіраўнік праекта “Энергаэфектыўнасць у школах” Сяргей Нікіцін

Але і тыя ўстановы адукацыі, якія не сталі пераможцамі конкурсу, таксама засталіся ў выйгрышы. Бо энергааўдыты, прафінансаваныя праектам, былі праведзены сертыфікаванымі спецыялістамі і ўключалі ў сябе ўсе стадыі стандартнага абследавання. А па выніках энергааўдыту былі дадзены рэкамендацыі па рэалізацыі энергазберагальных мерапрыемстваў. Такім чынам, на правядзенні энергааўдыту кожная школа, дзіцячы сад, каледж зэканомілі бюджэтныя грошы.

Акрамя ўсяго, праект навучыў прадстаўнікоў устаноў адукацыі правільна афармляць заяўкі для ўдзелу ў конкурсе ініцыятыў па стандартах ЕС/ПРААН, аргументаваць будучы вынік і выбар на карысць сваёй школы, садка, каледжа. У выніку сёння гэтыя ўстановы адукацыі маюць на руках усе дакументы, неабходныя ў далейшым самастойным пошуку фінансавання для правядзення цеплавой мадэрнізацыі сваіх будынкаў і абсталявання. Каб гэтую задачу аблегчыць, праект арганізаваў круглы стол па пытаннях пошуку суфінансавання для рэалізацыі праектаў у сферы энергаэфектыўнасці і экалогіі.

Варта адзначыць, што ў чатырох выбраных па выніках конкурсу ўстановах адукацыі сёння рэалізуецца стандартны набор энергазберагальных мерапрыемстваў у рамках цеплавой мадэрнізацыі будынкаў. Гэта ўцяпленне сцен і даху, замена вокнаў на энергазберагальныя, устаноўка энергаэфектыўнага асвятлення. Аднак, адзначае Сяргей Нікіцін, у рамках праекта ўкараняюцца і такія параўнальна новыя, але паступова набіраючыя папулярнасць у Беларусі тэхналогіі, як аснашчэнне аб’ектаў сонечнымі калектарамі для падагрэву вады і сістэмамі вентыляцыі з рэкуперацыяй цяпла.

Акрамя тэхнічнага складніка, не менш важным у рэалізацыі праекта з’яўляецца адукацыйны аспект. Гаворка ідзе пра актыўнае далучэнне мясцовага насельніцтва да рэалізацыі энергаэфектыўных мерапрыемстваў і ўкараненне курсаў навучання па энергаэфектыўнасці ва ўстановах адукацыі. Яны, гэтыя мерапрыемствы, прызначаны змяніць мадэлі паводзінаў людзей у паўсядзённым жыцці, зрабіць звыклым прымяненне некаторых простых мер па энергаэфектыўнасці ў жылым і вытворчым сектарах.


Навучэнцы Віцебскага каледжа машынабудавання дэманструюць уласныя распрацоўкі

Між тым у межах праекту быў арганізаваны і цыкл трэнінгаў для групы настаўнікаў устаноў адукацыі. Сёння гэтыя педагогі дзеляцца набытымі ведамі і досведам у рамках розных навучальных мерапрыемстваў са сваімі калегамі. Рыхтуецца да выхаду метадычны дапаможнік з уласнымі аўтарскімі напрацоўкамі па выкладанні пытанняў энергаэфектыўнасці на пазакласных і факультатыўных занятках.

Да прапаганды ідэй энергаэфектыўнасці ініцыятары праекта імкнуцца падыходзіць крэатыўна і нестандартна. Тым больш што адной з асноўных яго мэтавых аўдыторый з’яўляюцца навучэнцы і нават выхаванцы дашкольных устаноў. Нездарма у межах праекту створаны канцэпт “Хуткай энергетычнай дапамогі”, які праз анімацыйныя відэаролікі, коміксы, кніжкі-размалёўкі ў даступнай форме растлумачвае сутнасць укараняемых тэхналогій, паказвае перавагі выкарыстання аднаўляльных крыніц энергіі.

А яшчэ сумесна з адміністрацыямі пілотных аб’ектаў паводле праекту “Энергаэфектыўнасць у школах” праводзяцца незвычайныя мерапрыемствы, накіраваныя на папулярызацыю “зялёнага” ладу жыцця. Напрыклад, дашкольнікі ў Ашмянах пасябравалі з мясцовымі “Электрычнымі сеткамі” і дзякуючы экскурсіям, якія арганізуюцца на прадпрыемстве, яны цяпер ведаюць, адкуль бярэцца электрычны ток. Сваімі ведамі на тэму энергазберажэння і энергаэфектыўнасці дзеці дзеляцца з пажылымі людзьмі і людзьмі з абмежаванымі магчымасцямі ў мясцовым цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Тут, без перабольшання, пры поўным аншлагу праходзіць незвычайнае навучанне з прымяненнем сучасных методык. Выкарыстоўваюцца тэатральныя пастаноўкі, танцавальныя нумары з розным рэквізітам, парадыйныя мізансцэны, інсцэніроўкі баек. Паводле слоў саміх гледачоў, якія доўга не хочуць адпускаць юных артыстаў, такое навучанне мае ярка выяўлены пазітыўны эфект. Дарэчы, пакуль дашкольнікі займаліся папулярызацыяй энергаэфектыўнага ладу жыцця, супрацоўнікі “Ашмянскіх электрычных сетак” устанавілі ў дзіцячым садку энергаэфектыўнае асвятленне.

У Гродне жывы інтарэс выклікаў “энергаэфектыўны рэмейк” папулярнай казкі пра Калабка: яго паставілі дашкольнікі і выхавальнікі, якія прадстаўляюць пілотны аб’ект праекта. Спектакль арганізавалі сумесна з мясцовым аддзяленнем Чырвонага крыжа для дзетак з асаблівасцямі развіцця. У хуткім часе тэатральная пастаноўка “Як Калабок эканомію шукаў” атрымала дыплом абласнога этапу IX рэспубліканскага конкурсу праектаў па эканоміі і беражлівасці “Энергамарафон-2015” у намінацыі “Культурна-відовішчнае мерапрыемства па прапагандзе эфектыўнага і рацыянальнага выкарыстання энергарэсурсаў”. Цяпер рыхтуюцца да прафесійнай відэаздымкі спектакля: ён увойдзе ў навучальны фільм аб методыках навучання пытанням энергаэфектыўнасці ў дашкольных установах адукацыі.


Ранішнік на тэму энергаэфектыўнасці ў дзіцячым садку №6 у Ашмянах


Са старэйшымі навучэнцамі яшчэ аднаго пілотнага аб’екта праекта можна сумесна вырашаць не толькі адукацыйныя, але і некаторыя тэхнічныя задачы. Студэнты Віцебскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа машынабудавання імя М.Ф. Шмырова фактычна самастойна — толькі з нязначнай дапамогай экспертаў праекта — устанавілі цеплаадбівальныя экраны за радыятарамі ва ўсіх карпусах каледжа. Як растлумачыў Сяргей Нікіцін, затраты, якія склалі 7 мільёнаў рублёў, акупяцца ўжо праз паўгода. “Страты цяпла скароцяцца на 3-4 працэнты, а сярэдняя тэмпература паветра паднімецца на адзін градус. Такім чынам, арганізацыя дадзенага энергазберагальнага мерапрыемства дасць магчымасць штогод эканоміць да 12 мільёнаў рублёў”, — абрысаваў ён спрыяльную перспектыву.

Каледж імя Шмырова рыхтуе рабочыя кадры, якія будуць працаваць у многіх галінах. Валоданне ведамі і навыкамі па энергазберажэнні дапаможа навучэнцам у будучыні ўкараняць сучасныя тэхналогіі на прадпрыемствах. Між іншым, калектыў каледжа стаў пераможцам конкурсу “Энергамарафон-2014” у намінацыі “Лепшыя ўстановы адукацыі па стварэнні сістэмы работы ў сферы энергазберажэння”. З мэтай сістэматызацыі назапашанага досведу выкладчыкамі каледжа быў створаны віртуальны інтэрнэт-рэсурс “Створым будучыню разам” (energo.vgpl1.by), які змяшчае ўнікальную колькасць арыгінальных матэрыялаў па тэме энергазберажэння, выхавання экалагічнай свядомасці.

А вось у сярэдняй школе №4 горада Дзяржынска, якая таксама стала пілотным аб’ектам праекта, у рамках уласнай ініцыятывы праводзяць фестываль педагагічных ідэй “Па шляху да беражлівасці”. Да ўдзелу ў ім актыўна прыцягваюць іншыя навучальныя ўстановы горада. Тут таксама ў першую чаргу вітаецца творчы падыход. Напрыклад, старшакласнікі стварылі відэаролік, у якім прадставілі вынікі анкетавання сваіх бацькоў па пытаннях эканомнага спажывання газу, вады, цяпла і электраэнергіі ў побыце. У іншым відэароліку бацька аднаго з навучэнцаў прадэманстраваў устаноўленыя на сваім доме сонечныя калектары і абгрунтаваў рацыянальнасць іх выкарыстання для сям’і.

Яшчэ адзін важны кампанент праекта “Энергаэфектыўнасць у школах” — апрабацыя тэрытарыяльна-арыентаванага развіцця ў прывязцы да ўстойлівага кіравання энергарэсурсамі на мясцовым узроўні. Паводле слоў эксперта праекта Валянціны Сталыгі, тэрытарыяльна-арыентаванае развіццё дае магчымасць цесна ўзаема­дзейнічаць з тымі, для каго ў першую чаргу рэалізуецца праект. Працаваць не “для” мясцовай супольнасці, а “разам” з ёю.

— Мы яшчэ прывыклі чакаць, што грошы нехта дасць, — гаворыць кіраўнік праекта Сяргей Нікіцін, — а не дадуць, так і будзем сядзець іншым разам з дзіравым дахам і скразнякамі. Тэрытарыяльна-арыентаванае развіццё дапамагае праявіць ініцыятыву, знайсці грошы і магчымасці.

Яшчэ адзін важны момант. Сёння праектам ПРААН “Распрацоўка інтэграванага падыходу да пашырэння праграмы па энергазберажэнні” на базе ўсіх пілотных аб’ектаў створаны грамадска-кансультатыўныя саветы. З дапамогай ГКС мясцовыя выканаўчыя органы, прадстаўнікі мясцовых супольнасцяў — настаўнікі, бацькі, журналісты, прадстаўнікі бізнесу — далучаны да працэсу планавання і рэгулярнага маніторынгу таго, як рэалізуецца праект. “Работа ідзе “знізу-ўверх”, калі мясцовая супольнасць не проста атрымлівае гатовы прадукт, а актыўна ўдзельнічае ў працэсе яго стварэння. Падчас ажыццяўлення праекта, безумоўна, узнікаюць і будуць узнікаць розныя пытанні. Функцыя грамадска-кансультатыўных саветаў якраз і заключаецца ў тым, каб знаходзіць варыянты аператыўнага вырашэння такіх пытанняў. Такім чынам набываецца карысны досвед, які з часам прыносіць і эканамічны эфект.

Уладзімір Веліхаў
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter