С сентября во всем общественном транспорте Минска можно оплатить проезд онлайн: проверили, как работает новая система и удобна ли она

Хутка ва ўсіх смартфонах

Аплаціць праезд смартфонам зараз можна ва ўсіх мінскіх аўтобусах, электробусах, тралейбусах і трамваях. Цяпер не трэба тоўпіцца ля акенца вадзіцеля і купляць білецік за дробныя наяўныя купюры — усё гэта ў мінулым. «Лічба» дабралася і да грамадскага транспарту! Аперацыя праводзіцца ў рэальным часе: мабільны дадатак надзейны і працуе без збояў — за адну паездку пасля націску патрэбнай кнопкі гарантавана з банкаўскай карты спісваецца фіксаваная сума за праезд. Карэспандэнт «Р» праверыла, як працуе новая сістэма, і ацаніла перавагі сучаснай тэхналогіі.

Аплаціць праезд можна непасрэдна на прыпынку, калі патрэбны транспарт яшчэ толькі пад’язджае.

Уся справа ў «лічбе»

Цікава, што пілотны праект запусцілі яшчэ ў 2018 годзе ў Брэсце. За гэты час у грамадскім транспарце абласнога цэнтра з дапамогай смартфона купілі больш за 340 000 білетаў. У Мінску аплаціць праезд тэлефонам можна было з мая мінулага года — толькі ў аўтобусах № 100 і № 1. У Мінгарвыканкаме яшчэ летам апісвалі сітуацыю: «Сучасныя спосабы аплаты праезду запатрабаваны ў гараджан. Абедзве сістэмы (TIX і «Оплати». — Заўв. аўт.) зарэкамендавалі сябе добра. Кожны скарыстаецца той, якая яму больш падабаецца».

Пасля абкаткі сістэмы і з улікам пажаданняў карыстальнікаў магчымасць купіць электронны білет з’явілася ў трамваях — падчас эксперыменту паслугай скарысталіся 17 000 разоў, потым тэхналогію ўвялі і ў мінскіх электробусах. Да 1 верасня, як і абяцалі, сістэму ўкаранілі ва ўсім наземным грамадскім транспарце — сёння сэрвіс даступны ў салонах усіх 2500 адзінак рухомага саставу сталіцы. Карыстальнікі ацанілі навінку: жыхары і госці Мінска ўжо набылі каля 50 000 білетаў.

Сэрвіс TIX укараніў Беларусбанк сумесна з кампаніяй «Сістэмныя тэхналогіі» і прадпрыемствам «Мінсктранс». У Беларусбанку акцэнтавалі ўвагу:

— Нас радуе той факт, што новы сэрвіс аплаты праезду аказаўся запатрабаваны. Для нас важна было ўлічыць пажаданні карыстальнікаў, што дазволіла нам дапрацаваць і дапоўніць функцыянал сэрвісу.

Каб скарыстацца новым спосабам аплаты, трэба спампаваць дадатак TIX і прывязаць да яго сваю банкаўскую карту, выпушчаную любым банкам свету (Visa, MasterCard, «Белкарт». — Заўв. аўт.). Сэрвіс прадстаўлены на рускай, беларускай, англійскай і польскай мовах. Спрабую — перш за ўсё праграма патрабуе рэгістрацыі. Уводжу імя, прозвішча, свой нумар мабільнага тэлефона, ствараю пароль і націскаю кнопку «Працягнуць». На тэлефон прыходзіць код, які і ўводжу ў дадатак — гатова! Прымацоўваем банкаўскую карту і карыстаемся віртуальнай аплатай праезду.

Як гэта працуе

Аплаціць праезд можна непа­срэдна на прыпынку, калі патрэбны транспарт яшчэ толькі пад’язджае. У дадатку адлюструюцца нумар маршруту і прапанова зрабіць аплату. Набыць электронны праязны білет і аплаціць праезд можна таксама ў салоне транспартнага сродку: трэба націснуць кнопку «Аплаціць» у інтэрфейсе дадатку насупраць адпаведнага нумара маршруту. На смартфон прыходзіць электронны чэк, дзе пазначаны тып білета, актыўны статус паездкі, нумар транспартнага сродку, дата і час зробленай аплаты. Такі віртуальны білет можна прад’яўляць кантралёру падчас праверкі — ён сканіруе спецыяльны QR-код, каб пераканацца ў аплаце праезду. Дарэчы, пасажыр можа купіць адразу некалькі талонаў — аплаціць праезд не толькі для сябе, але і для спадарожнікаў.

Дадатак TIX патрабуе ўключэння не толькі інтэрнэту, але таксама Bluetooth і геалакацыі.

Стартуем на прыпынку «Інсты­тут культуры», адкуль рухаемся ў цэнтр горада. Білет па схеме, апісанай вышэй, аплачваю без праблем. Побач заўважаю яшчэ некалькі пасажыраў, якія таксама скарысталіся новай віртуальнай паслугай.

— Вырашыла паспрабаваць, аказалася вельмі зручна. Не трэба прабірацца праз натоўп да кабіны вадзіцеля ці спрабаваць дайсці да валідатара падчас руху транспарту, каб прыкласці праязны білет, — дзеліцца ўражаннямі студэнтка Алеся Макарава.

Праз некалькі хвілін у салон заходзяць чатыры маладыя чалавекі, адзін з іх на смартфоне аплачвае білеты ўсім сябрам. Заводжу размову:

— У інтэрнэце прачыталі, што так можна. Аказалася, нічога складанага.

— Некалькі клікаў — і ўсё гатова! Мне сістэма падабаецца, таму што праязны білет я пастаянна губляю або забываю дома, а тут усё знаходзіцца ў тэлефоне, які заўсёды са мной, — падтрымлівае гутарку яшчэ адзін пасажыр.

Паслугай спрабуе скарыстацца і жанчына гадоў 60. Расказвае:

— Мне ўнучка сказала, што ўсё вельмі проста. Я, вядома, спачатку вельмі баялася: раптам нешта не так зраблю і грошы незваротна сыдуць з карты... Але на справе ўсё лёгка і зручна: распрацоўшчыкі дадатку максімальна спрасцілі сістэму і зрабілі мноства падказак. Для нас, людзей ва ўзросце, якія асцерагаюцца сучасных лічбавых тэхналогій, такі спосаб аплаты вельмі падыходзіць. Складанасцей няма.

Код у дапамогу

З лютага гэтага года ў краіне таксама запусцілі сістэму аплаты гарадскога транспарту па QR-кодзе. Скарыстацца гэтай сістэмай можа любы жыхар Беларусі, незалежна ад таго, кліентам якога банка ён з’яўляецца. Як гэта працуе? Устанаўліваем дадатак «Оплати» на смартфон — гэта займае хвіліну. Рэгіструемся. Выдзяляем з банкаўскай карты, напрыклад, 10 рублёў, пераводзім іх у электронны кашалёк дадатку: вось і ўсё, цяпер купля талона максімальна спрасцілася!

Далей наводзім камеру тэлефона на наклейку з QR-кодам, якая размешчана ў салоне грамадскага транспарту. Дарэчы, адсканіраваць QR-код можна нават з адлегласці да двух метраў — смарт-білет умомант з’явіцца на экране. Націскаем кнопку «Аплаціць» — гатова! Ёсць і іншы спосаб — пакрысе «браць» грошы з банкаўскай карты, прывязанай да дадатку, але гэта зойме трохі больш часу.

Пасажыр можа купіць адразу некалькі талонаў — аплаціць праезд не толькі для сябе, але і для спадарожнікаў.

Тэсцірую сістэму ў мінскім аўтобусе № 100 — атрымліваецца! На тэлефоне адлюстроўваецца электронны чэк, на ім пазначаны нумар білета, транспартнага сродку, яго прыналежнасць да аўтапарка, дата і час пакупкі, кошт праезду, прыпыначны пункт, да якога ён сапраўдны. смарт-білеты захоўваюцца ў тэлефоне — у электронным выглядзе. Калі ў салон зойдзе кантралёр, пасажыру трэба адсканіраваць праз дадатак QR-код кантралёра. Пасля гэтага на экране адлюструецца аплачаны білет. Калі ён не дзейнічае, то на экране з’явіцца адпаведны надпіс.

На дзяржаўным прадпрыемстве «Сталічны транспарт і сувязь» агучваюць добрую навіну: «Сёння акрамя грамадскага транспарту магчымасць аплаты праезду QR-кодам прадстаўлена ўжо і ў 20 сталічных маршрутных таксі». Іх спіс апублікаваны на афіцыйным сайце прадпрыемства ў раздзелме «Навіны». Пералік маршрутак, дзе праезд можна аплаціць з дапамогай QR-кода, будзе пашырацца.

Пасажырам наземнага грамадскага транспарту даступны адразу дзве навамодныя сістэмы аплаты за праезд. У адной адбываецца спісанне з банкаўскай карты, у другой — аплата праз электронны кашалёк.

У прэс-службе ДП «Мінсктранс» зазначылі: «Кожная адзінка рухомага складу абсталявана адразу двума сістэмамі бескантактнай аплаты праезду. Гэта дае пасажыру магчымасць выбраць найбольш зручны спосаб аплаты для сябе. У сваю чаргу, гэта таксама дазваляе нашаму вадзіцелю сканцэнтравацца на кіраванні транспартным сродкам, паколькі цяпер ён у меншай ступені задзейнічаны ў рэалізацыі білетнай прадукцыі».

Неўзабаве нас чакае яшчэ адна навінка: у Мінску будзе развівацца і аплата праезду ў метро з дапамогай сканіравання твару. Яе ўжо пратэсціравалі, працуе без збояў. Сістэму хутка ўвядуць на трэцяй лініі метро, а затым распаўсюдзяць на першай і другой лініях.

ypopko@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter