Загадчыца мінскай кнігарні «Букініст» Таццяна Барабушкінай расказала, чаму людзі вырашаюць пазбавіцца ад тых ці іншых выданняў

Хтосьцi чытае, а хтосьцi здае

Чаму людзі вырашаюць пазбавіцца ад тых ці іншых выданняў? Прычына ў кожнага свая. Адзін лічыць, навошта захламляць свае і без таго невялікія квадратныя метры пры тым, што зараз «усё ёсць у інтэрнэце», у другога шмат «лішніх кніг», трэці хоча папоўніць кашалёк выручанай ад продажу сумай. Але часцей за ўсё, на думку загадчыцы мінскай кнігарні «Букініст» Таццяны Барабушкінай, пазбаўляюцца ад хатніх бібліятэк, якія дасталіся ў спадчыну. Ад тых самых дэфіцытных падпісных і іншых выданняў, за якімі ў 1970—1980-х гадах ганяліся савецкія кнігалюбы і вельмі ганарыліся, калі ўдавалася жаданае дастаць.


Але, як гаворыцца, калі дзесьці зменшала, значыць, недзе прыбыло. Ёсць тыя, хто здае, і тыя, хто шукае, каб купіць. У «Букінісце» на праспекце Незалежнасці, 53, недахопу ў пакупніках няма, у дні прыёму кніг тут асабліва людна. Мая суразмоўца гаворыць, крама не ў страце. Што бяруць ахвотней?

Літаратуру тут не дзеляць на новую і букіністычную. Па раздзелах на паліцах і горках кнігі ляжаць разам. Зручна. І выбіраць, і параўноўваць.

— Вельмі добра ідзе літаратура па філасофіі, — кажа Таццяна Васільеўна. — І старыя выданні, спадчына, і новыя. Тое ж самае — з псіхалогіяй. А вось эканоміка, правазнаўства — тут больш цікавяцца навінкамі.

Самыя хадавыя — кнігі па матэматыцы, фізіцы і хіміі. Такую літаратуру і прымаюць, і купляюць з задавальненнем. Недалёка ад крамы знаходзіцца некалькі тэхнічных ВНУ. Часта заглядваюць сюды студэнты, выкладчыкі. Запатрабаваныя навуковыя манаграфіі і перакладныя выданні 1960—70 гадоў. Знайсці іх у новым варыянце вельмі складана, калі і атрымліваецца, то каштуюць дорага. А тут — у «Букінісце» — па прымальным кошце. Таццяна Васільеўна расказвае, што ёсць нават адзін пастаянны пакупнік, які даўно збірае сваю бібліятэку спецыялізаванай тэхнічнай літаратуры па механіцы і машынабудаванні, з часам хоча падарыць яе ўніверсітэту.

А вось на слоўнікі попыт сёння невялікі. Напэўна, таму, што ў інтэрнэце адным клікам знайсці такую інфармацыю хутчэй і лягчэй, чым гартаць старонкі. Нават такія рэдкія, як політэхнічныя, радыётэхнічныя, медыцынскія слоўнікі, не бяруць. Пыліцца і чатырохтомнік Даля за 150 тысяч рублёў. Ёсць антыкварныя Гранат, Бракгаўз і Ушакоў — гэтыя тамы яшчэ могуць спатрэбіцца збіральнікам рэдкасцяў. А Вялікая савецкая энцыклапедыя, нават уцэненая да 700 тысяч рублёў, так, відаць, і не дачакаецца пакупніка. Дарэчы, часовыя рамкі ў «Букінісце» вельмі жорсткія. Калі кніга не прадаецца на працягу 2 месяцаў, яе вяртаюць.


Пуставата на горцы з альбомамі па мастацтве і архітэктуры. Не здаюць? Аказваецца, наадварот: попыт вялікі, разбіраюць. Бо кошт у разы адрозніваецца. Прыгожы альбом «Марк Шагал» — 300 тысяч рублёў. Новы каштаваў бы як мінімум разы ў два даражэй. Ніколі не залежваюцца і альбомы жывапісу часоў СССР з рэпрадукцыямі твораў Левітана, Рэпіна, Шышкіна. У адрозненне ад літаратуры мастацкай той жа пары.

Класіка, якая выдавалася ў савецкія часы і дзякуючы мільённым тыражам мелася ў кожнай сям`і, сёння практычна не запатрабавана. Цэны проста смешныя, але не бяруць. Тургенеў, 12 тамоў, Купрын, 9 тамоў, — па 100 тысяч рублёў за кожны камплект. Акадэмічнае выданне Пушкіна, 10 тамоў, — 120 тысяч рублёў. Асобныя кнігі так званай дзіцячай «всемирочки» — па 30—35 тысяч рублёў. Калісьці набыць шматтомную, з ілюстрацыямі лепшых мастакоў Бібліятэку сусветнай літаратуры для дзяцей, у якую ўваходзіў «залаты» спіс твораў рускай і замежнай класікі, сусветнага фальклору, літаратурныя і народныя казкі, вершы і проза, лічылася рэдкай удачай. Ахвочых набыць яе цалкам дастаткова і сёння. Апошні раз за 1,5 мільёна рублёў збор знік, ледзь патрапіўшы на кніжную паліцу.

Бібліятэка сусветнай літаратуры, выпушчаная ў 1967—1977 гадах, — выданне таксама годнае, асаблівая яго каштоўнасць — якасныя пераклады замежных твораў. Цана на яе асобныя тамы — ад 25 да 50 тысяч рублёў. Поўны камплект — 200 кніг — апошні раз прымалі больш за год таму, і забралі яго за      4 мільёны рублёў адразу ж.

Капеечныя цэны, 8—10 тысяч, на дэтэктывы ў мяккіх вокладках: Данцова, Марыніна, Усцінава, Палякова... Бяруць пачкамі. У пакупніцкім попыце ім прайграюць нават такія ж кішэнныя выданні жаночых любоўных раманаў. Не кажучы ўжо пра знакамітых «Каралёк — птушачка пявучая» ці «Спяваючыя ў цярноўніку», хай сабе і ў цвёрдых вокладках. Гэтыя вельмі папулярныя ў былыя гады гісторыі кахання сёння нікога не кранаюць.


На асобнай паліцы пад шклом — антыкварыят. Заўважаю невялікі зборнік 1779 года. Гатычны шрыфт. Тэксты, ноты. Выданне ў добрым стане. Нават пазалота на вокладцы захавалася. Цана — 2 мільёны 800 тысяч рублёў. Таццяна Васільеўна гаворыць: цікавяцца кнігай часта, але пакуль не бяруць.

А вось старыя выданні, звязаныя з нашай гісторыяй, разыходзяцца вельмі хутка. Літаратурна-мастацкія часопісы 1927 года «Узвышша» і «Маладняк», якія сёння лічацца вялікай рэдкасцю, не так даўно прадалі за 1 мільён рублёў. За 1 мільён 200 тысяч рублёў адразу ж забралі і вучэбную брашурку «Руский язык», выдадзеную ў 1944 годзе падчас акупацыі.

Дарэчы, вялікім попытам карыстаецца і мастацкая беларуская літаратура — класічная, сучасная, асабліва дзіцячая. Пра яе часта пытаюцца, прычым менавіта на беларускай мове, а не ў перакладах.

svirko@sb.by
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter