Што паказалі першыя два экзамены ЦТ

Хто з якога тэста

Два экзамены па мовах пройдзеныя, наперадзе — тэставанне па грамадазнаўстве, якое абітурыенты здадуць ужо сёння. Прыёмная кампанія гэтага года ў самым разгары. Праўда, ёсць тыя, для каго яна ўжо скончылася. Прыйшоў час падвесці першыя вынікі і зрабіць першыя высновы.

І раптам зазваніў тэлефон... З году ў год здараецца, што менавіта такім чынам маладыя людзі пакідаюць аўдыторыі іспыту, губляючы магчымасць яго пераздаць. І быццам бы пастаянна чуем: нельга, але ўвесь час парушаем. Вячаслаў Малафееў, адказны сакратар прыёмнай камісіі БДУ, узгадвае, як было ў мінулыя гады:

— У аднаго хлопца на выключаным мабільным тэлефоне, схаваным у далёкай кішэні, спрацаваў будзільнік. Адбылося гэта ў той момант, калі ён здаваў напісаны тэст. Правілы для ўсіх адны — яго праца не была залічана, а яго самога з аўдыторыі выдалілі. Так, тэлефон у гэты момант быў выключаны. Але дзе гарантыя, што, выходзячы ў прыбіральню, ён ім не скарыстаўся? Наогул, з майго досведу, тэлефоны проста так не пакідаюць. Дарагія апараты? Няма чаго браць іх на экзамены.

Гэта факт: гаджаты, шпаргалкі не дапамогуць добра здаць экзамен 

Дарэчы, і сёлета менавіта тэлефоны сталі прычынай выдалення з аўдыторый пяцярых абітурыентаў, якія здавалі экзамен па рускай мове: дваіх у БНТУ, па адным у БДПУ імя М. Танка, у Мінскай і Віцебскай абласцях. Адказы на якія пытанні яны там шукалі? Цяпер ужо ўсё роўна. Цікава, што парушальнікі на экзамене па беларускай мове — па адным з БНТУ і БДМУ — гаджатам не даверыліся, і былі выдалены за шпаргалкі.

Што ж, два экзамены, а вынік — мінус сем парушальнікаў. У мінулым годзе магчымасці атрымаць сертыфікаты ЦТ сябе пазбавілі каля трох дзясяткаў чалавек. 20 з іх выдалілі з экзаменаў па рускай мове — выявілі забароненыя мабільныя прылады. Яшчэ 13 правініліся на астатніх іспытах. У прыватнасці, чацвёра пакінулі экзамен па матэматыцы.

Дык што ж з году ў год прымушае хлопцаў і дзяўчат парушаць забароны? У правілах дакладна прапісана: выкарыстоўваць розныя прылады сувязі ў экзаменацыйных аўдыторыях нельга. Саманадзейнасць? Няўважлівасць? Надзея атрымаць больш высокую адзнаку, перакананы першы прарэктар БНТУ Георгій Вяршына:

— Некаторыя зараз прыходзяць на ЦТ, маючы ў «багажы» сертыфікат мінулага года, які сапраўдны і ў гэтым. Навошта? Каб палепшыць бал. А часам і з дапамогай парушэння.

Наяўнасць леташняга сертыфіката, кажа Георгій Вяршына, часам прыводзіць і да відавочнага хуліганства. Напрыклад, на адным з іспытаў абітурыент дастаў гаджат, каб папросту зрабіць сэлфі з экзамену. Калі б арганізатары спрацавалі горш, фота з каардынатамі месцазнаходжання трапіла б у сацыяльныя сеткі, выклікаўшы хвалю негатыву.

Сакрэт адсутнасці парушэнняў, на думку Вячаслава Малафеева, — у вельмі падрабязным інструктажы абітурыентаў. На ўсіх этапах, пачынаючы з рэгістрацыі. Прынамсі, у БДУ гэта дало свой плён: два іспыты ЦТ тут прайшлі без парушэнняў.

У гэтым годзе студэнтамі вузаў стануць каля 54,5 тысячы чалавек, у тым ліку за кошт бюджэту — 26,5 тысячы. Ці будзе ў гэтым спісе ваша імя, вырашаць толькі вам.

arteaga@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter