Стадыён для пляжнага валейбола з’явіцца ў Маладзечне.
Ён будзе пабудаваны да юніёрскага чэмпіянату Еўропы па пляжным валейболе, які пройдзе ў Маладзечне з 29 жніўня па 3 верасня.
— Зараз распрацоўваецца праектна-каштарысная дакументацыя, — кажа начальнік аддзела фізічнай культуры, спорту і турызму Маладзечанскага райвыканкама Мікалай Шрымф. — Аб’ект уключае дзве новыя пляцоўкі для пляжнага валейбола, трыбуны на 1,2 тыс. месцаў, спецыяльныя памяшканні для спартсменаў, аўтастаянку.
Стадыён будзе пабудаваны на тэрыторыі гарадскога парку. Тут ужо размешчаны шэсць пляцовак для пляжнага валейбола, якія ў час юніёрскага чэмпіянату Еўропы будуць выкарыстоўвацца ў якасці трэніровачных. Спартыўныя баталіі пройдуць на новых пляцоўках.
— Недалёка ад новага стадыёна размешчана гасцініца на 120 месцаў, што вельмі зручна для спартсменаў, якія прыедуць у Беларусь больш чым з 30 дзяржаў, — дадае Мікалай Уладзіміравіч.