Юбілейны вечар да 80-годдзя народнага артыста Беларусі, кампазітара Сяргея Картэса пройдзе ў Нацыянальным акадэ­міч­ным Вялікім тэатры оперы і балета

Хто я? Сяргей Картэс

Юбілейны вечар народнага артыста Беларусі, кампазітара Сяргея Картэса пройдзе ў Нацыянальным акадэ­міч­ным Вялікім тэатры оперы і балета
Юбілейны вечар да 80-годдзя народнага артыста Беларусі, кампазітара Сяргея Картэса пройдзе ў Нацыянальным акадэ­міч­ным Вялікім тэатры оперы і балета 28 лютага. Гледачы ўбачаць балет «Хто я?» і камічную оперу «Мя­дзведзь». Па сутнасці, гэта дзве прэм`е­ры, спецыяльна падрыхтаваныя да ўрачыстасцей.


Опера «Мядзведзь» па матывах аднайменнай п`есы Чэхава, адап­та­ваная некалькі гадоў та­му для камернай залы, у гонар юбі­лею аўтара ўпершыню будзе прад­стаўлена на вялікай сцэне і прагучыць у арыгінальнай інстру­ментоўцы кампазітара для вялікага сімфанічнага аркестра. 

«Хто я?»  — першы на сцэне нашага Вялікага балет Картэса. У яго аснове музыка, напісаная некалі кампазітарам да балета «Апошні інка» па замове Нацыянальнага балета Кубы. У 1990 годзе спектакль быў пастаўлены на сцэне Вялікага тэатра Гаваны. І вось цяпер  — яго новая версія пад назвай «Хто я?» з новым сюжэтам. Балетмайстрам-пастаноўшчыкам, а ў гэтай ролі выступаюць знакамітая пара танцоўшчыкаў Юлія Дзятко і Канстанцін Кузняцоў, ранейшая гісторыя пра барацьбу канкістадораў з індзейцамі падалася не вельмі актуальнай. Таму аўтары лібрэта і харэаграфіі вырашылі абстрагавацца ад канкрэтнага часу і этнасу. У выніку атрымаўся спектакль-прытча з разважаннямі на вечныя тэмы пра лёс асобы ў навакольным свеце, пошукамі ісціны і адказу на філасофскае пытанне «Хто я?».

Сам кампазітар новага балета яшчэ не бачыў. На рэпетыцыі не хадзіў. Аддаваць сваю музыку маладым пачынаючым балетмайстрам ён не асцерагаўся. Гаворыць, любіць эксперыменты. І, смеючыся, успамінае гісторыю з пастаноўкай сваёй першай оперы «Джардана Бруна». Тады ён шмат хадзіў на рэпетыцыі і дахваляваўся да таго, што ў час адной з іх яму зрабілася дрэнна, пасля чаго прыходзіць у залу аўтару музыкі проста забаранілі. А пастаноўка тая ў выніку атрымалася геніяльнай. З таго часу кампазітар давярае пастаноўшчыкам і прыходзіць толькі на здачу спектакля. Усё ж відавочна, што разам з красамоўным прозвішчам у спадчыну ад продкаў дастаўся яму і дух авантурызму.

Наогул, біяграфія Сяргея Картэса незвычайная, з яе атрымаўся б займальны раман або тэлесерыял. Яго продкі па мацярынскай лініі Шастакоўскія  — прадстаўнікі рускай інтэлігенцыі XIX стагоддзя, прадзед браў урокі фартэпіяна ў самога Ліста і быў заснавальнікам Маскоўскага філарманічнага таварыства. У 1921 годзе дзед, афіцэр Сямёнаўскага палка, і бабуля-спявачка пасадзілі на санкі 10-гадовую дачку, будучую маму Сяргея, і збеглі з Санкт-Пецярбурга па лёдзе Фінскага заліва. Праз нейкі час сям’я асталявалася ў Лацінскай Амерыцы. Там маці Сяргея выйшла замуж за чылійца Альберта Картэса. Але неўзабаве бацькі рассталіся, і паўтарагадовы Сяргей разам з мамай паехаў у Аргенціну да бабулі і дзеда. 

У 1955 годзе Шастакоўскія вяр­нуліся ў Савецкі Саюз. Сяргею Картэсу было 20. Зрэшты, Картэсам ён стаў ужо ў Мінску, паступіў на кампазітарскі факультэт Беларускай кансерваторыі, дзе яго педагогамі былі знакамітыя Анатоль Багатыроў і Мікалай Аладаў, скончыў аспірантуру і пачаў узыходжанне на музычны алімп.

У тэму

Сяргеем Картэсам напісана 5 опер, балет, а таксама шэраг інстру­ментальных, вакальных і вакальна-сімфанічных твораў.

Ён аўтар музыкі да некалькіх дзясяткаў спектакляў, пастаўленых у розныя гады ў Тэатры юнага гледача, Купалаўскім, Коласаўскім, Рускім, Маладзёжным тэатрах. Дарэчы, сваю працу загадчыкам музычнай часткі ў Купалаўскім кампазітар успамінае з асаблівай цеплынёй, называе гэты тэатр любімым і гаворыць, што дзякуючы менавіта яму вывучыў беларускую мову і адчуў усю яе прыгажосць.

Музыка Сяргея Картэса гучыць  больш як у 20 карцінах «Беларусь­філь­ма», у тым ліку ў знакамітых стужках «Чорны замак Альшанскі», «Вазь­му твой боль» Міхаіла Пташука, ганараванай Дзяржпрэміяй. Галоўным музычным рэдактарам кінастудыі кампазітар быў 18 гадоў.

З 1991 па 2002 год Сяргей Картэс працаваў у кіраўніцтве Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра. Галоўныя дасягненні гэтага перыяду  — вяртанне гледачоў у оперу і выезды тэатра оперы на гастролі ў многія краіны свету.

Ірына СВІРКО 

isvirko@mail.ru
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter