Хто вывеў Кіраўшчыну ў лідэры?

мІНУЛЫ год у цэлым быў вельмі выніковым для Кіраўшчыны. Заслужанай узнагародай за добрасумленную, плённую працу стала першае месца, прысуджанае раёну ў спаборніцтве па сацыяльна-эканамічным развіцці сярод гарадоў і раёнаў Магілёўскай вобласці за 2011 год у групе з колькасцю жыхароў да 25 тысяч чалавек. Упершыню ў гісторыі мясцовыя хлебаробы сабралі важкі ўраджай збожжавых і зернебабовых культур — больш за 83 тысячы тон. Прыбаўка да ўзроўню 2010-га перавысіла трыццаць тысяч тон! Раён выйшаў пераможцам рэспубліканскіх спаборніцтваў за дасягненне высокіх паказчыкаў па ўборцы ўраджаю збожжавых і зернебабовых культур сярод раёнаў вобласці і дастойна быў прадстаўлены на юбілейным, 15-м Рэспубліканскім фестывалі-кірмашы працаўнікоў вёскі «Дажынкі-2011» у Маладзечне.

Мясцовыя ўлады і аграрыі падвялі вынікі ўдачлівага 2011 года.

мІНУЛЫ год у цэлым быў вельмі выніковым для Кіраўшчыны. Заслужанай узнагародай за добрасумленную, плённую працу стала першае месца, прысуджанае раёну ў спаборніцтве па сацыяльна-эканамічным развіцці сярод гарадоў і раёнаў Магілёўскай вобласці за 2011 год у групе з колькасцю жыхароў да 25 тысяч чалавек. Упершыню ў гісторыі мясцовыя хлебаробы сабралі важкі ўраджай збожжавых і зернебабовых культур — больш за 83 тысячы тон. Прыбаўка да ўзроўню 2010-га перавысіла трыццаць тысяч тон! Раён выйшаў пераможцам рэспубліканскіх спаборніцтваў за дасягненне высокіх паказчыкаў па ўборцы ўраджаю збожжавых і зернебабовых культур сярод раёнаў вобласці і дастойна быў прадстаўлены на юбілейным, 15-м Рэспубліканскім фестывалі-кірмашы працаўнікоў вёскі «Дажынкі-2011» у Маладзечне.

СЯРОД  аспадарак Магілёўшчыны другое месца па ўборцы ўраджаю збожжавых і зернебабовых заняў калектыў СВК «Рассвет» імя К. П. Арлоўскага, трэцяе — па нарыхтоўцы травяных кармоў — СВК «Калгас «Ніва» — іх кіраўнікі таксама былі ўдзельнікамі «Дажынак».

Земляробы раёна летась нарыхтавалі рэкордную колькасць кармоў для грамадскага статка — 37 цэнтнераў кармавых адзінак на адну ўмоўную галаву жывёлы — такі паказчык дасягнуты таксама ўпершыню.

Значны ўклад у нашы агульныя здабыткі ўнеслі жывёлаводы: за мінулы год у сельгасарганізацыях атрымана больш за 44 тысячы тон малака з тэмпам росту 103 працэнты да ўзроўню 2010 года.

Раёну прысуджана другое месца ў штогадовым абласным аглядзе па добраўпарадкаванні машынных двароў і гатоўнасці рамонтна-абслугоўваючых баз сельскагаспадарчых арганізацый Магілёўшчыны для работы ў зімовых умовах, па падрыхтоўцы машынна-трактарнага парка да палявых работ 2012 года, за што ён узнагароджаны Ганаровай граматай Магілёўскага аблвыканкама і грашовай прэміяй.

Дасягнуты пэўныя поспехі і ў развіцці іншых галін народнагаспадарчага комплексу раёна.

Яркія падзеі і галоўныя здабыткі 2011 года на ўрачыстым сходзе адзначыў старшыня райвыканкама Уладзімір Піскіжаў. Ён падзякаваў вясновым працаўнікам за добрасумленную працу, якая дазволіла выйсці на больш высокія рубяжы, і акрэсліў задачы на бягучы год і перспектыву.

А яны яшчэ больш амбіцыйныя. Так, хлебаробы плануюць намалаціць разам з кукурузай не менш за 91 тысячу тон зерня. На 14 працэнтаў павінна вырасці вытворчасць мяса.

— Выкананне даручэння Прэзідэнта па рэканструкцыі ў гэтым годзе малочна-таварных ферм у кожнай сельгасарганізацыі раёна дазволіць нам атрымаць прыбаўку малака на тры тысячы дзвесце тон, — зазначыў старшыня райвыканкама.

І самае галоўнае, на думку Уладзіміра Піскіжава: у земляробаў і жывёлаводаў раёна ёсць усе магчымасці, каб выканаць намечанае.

ЗАТЫМ на сцэне раённага Дома культуры пачалася цырымонія ўзнагароджвання лепшых калектываў і працаўнікоў. Сярод гаспадарак трэцяе месца ў абласным аглядзе заняў СВК «Чырвоны баец» — Ганаровая грамата і грашовая прэмія былі ўручаны старшыні сельгаскааператыва Аляксандру Серакову.

Ганаровай граматай аблвыканкама ўзнагароджаны першы намеснік начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Мікалай Пад’ялоўскі за шматгадовую добрасумленную працу, высокі прафесіяналізм, значны ўклад у развіццё АПК, грашовай прэміяй аблвыканкама — галоўны аграном РУП «Жылічы» Уладзімір Дарафей за дасягненне высокіх вытворчых паказчыкаў у 2011 годзе.

Ганаровыя граматы абкама прафсаюзаў работнікаў АПК атрымалі намеснік старшыні праўлення СВК «Калгас «Ніва», старшыня прафсаюзнага камітэта Іван Багамолаў, трактарыст-машыніст ААТ «Кіраўскае райаграпрамтэхзабеспячэнне» Андрэй Хлапкоў, удзячнасць за актыўную, добрасумленную працу, дасягненне высокіх рэзультатаў па выніках работы за мінулы год аб’яўлена бухгалтару, старшыні прафкама СВК «Добасна-агра» Святлане Голікавай, дыпломамі ўзнагароджаны брыгадзір комплекснай брыгады ПМК-255 Уладзімір Пеклін, аператар па адкорме буйной рагатай жывёлы СВК «Калгас «Свярдлова» Уладзімір Умец. Ганаровыя граматы Рэспубліканскага і абласнога камітэтаў прафсаюза работнікаў АПК атрымаў старшыня Кіраўскага райкама прафсаюза Віктар Ставер.

Калектыў СВК «Чырвоны баец» стаў пераможцам раённага спаборніцтва ў намінацыі «За лепшыя вынікі вытворча-эканамічнай дзейнасці» і быў узнагароджаны Ганаровым пераходным сцягам райвыканкама. Гаспадарка дабілася поспеху яшчэ ў іншых пяці намінацыях. Нямала працаўнікоў калектыву і сярод атрымаўшых званне «Лепшы па прафесіі».

У спаборніцтве за павелічэнне вытворчасці збожжа першае месца прысуджана РУП «Жылічы», рапсу — СГФ «Чыгірынка» РУП «Беларуснафта-Магілёўаблнафтапрадукт», вытворчасці і рэалізацыі малака — АСП ААТ «Бабруйскаграмаш» СВК «Бераснёўскі», за эфектыўнае выкарыстанне сельгасугоддзяў — СВК «Рассвет» імя К. П. Арлоўскага.

Сярод арганізацый прамысловасці першынство аддадзена ААТ «Кіраўск-Лён».

НА ПРАЦЯГУ свята ўсім прысутным дарылі свае музычныя нумары мясцовыя артысты мастацкай самадзейнасці, а ў фае раённага Дома культуры працавала выстава-дэгустацыя прадукцыі сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў раёна.

Наталля ХАДАКОВА

Фота Максіма МІКЕШЫНА

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter