Хто такія русалкі?

Агульнапашыранай сярод беларусаў, рускіх і ўкраінцаў з’яўляецца традыцыя святкаваць Русальны (Граны) тыдзень, пачынаючы з панядзелка пасля Тройцы-Сёмухі, г. зн. на восьмым тыдні пасля Вялікадня. Назва святочнага тыдня паходзіць ад галоўнага міфалагічнага персанажа — русалкі, які займаў у абрадавай свядомасці старажытнага беларуса надзвычайнае, неардынарнае месца. Паводле сведчанняў шматлікіх інфарматараў мінулага і нашых сучаснікаў старэйшага веку, гэтыя істоты з’яўляюцца на свет Божы ў непасрэднай блізкасці да людзей.
Хто ж такія русалкі? У сучасных фалькларыстаў ёсць шмат разважанняў на гэты конт.
Русалка — ружа. Славянскую назву гэтай істоты лічылі прамым запазычаннем ад лацінскай назвы старажытнарымскага свята ружаў rosalia (Rosaria, dies rosae). Адной з галоўных складовых якога было ўшанаванне памерлых у час цвіцення гэтых прыгожых кветак. Рымскія русаліі нечым нагадвалі ўсходнеславянскія Траецкія, або Сёмушныя Дзяды. Толькі калі ў асяроддзі беларусаў галоўным атрыбутам-пасрэднікам паміж жывымі і памерлымі аказваліся галінкі бярозы ці аер, то ў рымлян такім медыятарам былі ружы. Прычым як у нас, так і ў іх менавіта першыя зацвіўшыя ружы станавіліся дарам сваім продкам — ахвярапрынашэннем. Імі ўпрыгожвалі магілкі, а вянкі павязвалі прама на помнікі.
Русалка — русла — русая. Рускія даследчыкі архаічнай традыцыі першай паловы ХІХ ст. імкнуліся адшукаць аргументы, якія б сведчылі на карысць уласна славянскага паходжання назвы русалкі, звязваючы яго са словам “русла”, рэчышча ракі, вадаёма — галоўнае месца пражывання русалак, або “русы” (светлы, белы, залацісты) колер доўгіх валасоў — менавіта так і ўяўляліся гэтыя істоты.
Русалкі — душы памерлых. Часцей за ўсё русалак атаясамліваюць з душамі памерлых продкаў (руск. — навьи), тым больш што на беларускім і ўкраінскім Палессі русалак называлі маўкамі. Калісьці, у язычніцкую пару, нябожчыкаў хавалі на гарах, у лясах, на раздарожжы, спускалі на ваду; адсюль галіцкія маўкі-русалкі жывуць на горных вяршынях, а беларускія русалкі любяць гушкацца на галінках дрэў.
Русалкі — закладныя нябожчыкі. Згодна з уяўленнямі ўсходніх славян, закладныя (г. зн. якія памерлі не сваёй смерцю або раней, “чым трэба”) нябожчыкі дажываюць свой, наканаваны пры нараджэнні век за труной, г. зн. пасля сваёй прымусовай смерці; жывуць яшчэ столькі, колькі яны пражылі б на зямлі ў выпадку, калі б смерць іх была натуральнай. “Нячыстымі нябожчыкамі”, або русалкамі, нашы продкі лічылі людзей, якія патанулі і цела якіх не знайшлі, а значыць, не адпелі і не пахавалі згодна з традыцыямі; якія сышлі з дому і прапалі без вестак; памерлых гвалтоўнай смерцю; якія патанулі або памерлі,  як  верылі  ў  народзе, з-за праклёну бацькоў, асабліва маці; якія былі пракляты бацькамі або маці яшчэ да нараджэння;
людзей, якія скончылі жыццё самагубствам: утапіліся, задушыліся, павесіліся;
людзей, якія памерлі ў час Русальнага тыдня; якія патанулі ў час Русальнага тыдня; якія лезлі ў ваду ў той час, калі гэта было забаронена (напрыклад, на Велікодным тыдні, ноччу на Купалле, пасля Іллі і г .д.), і патанулі (вадзянік зацягнуў);
дзяцей, якія нарадзіліся нежывымі; памерлі нехрышчонымі; якія былі задушаны або “прыспаны” маці; пазашлюбных дзяцей, якіх забівалі (тапілі).

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter