Рэпартаж: чаму ỳ пункце пропуска “Варшаўскі мост” аўтамабілі прастойваюць па 8-10 гадзін

Хто сказаў «паехалi»?

Сезон адпачынкаў толькі пачынаецца, а на беларуска-польскай мяжы ўжо горача. Людзі вымушаны праводзіць у чэргах шмат часу – па паўдня i болей. Асабліва складаная сітуацыя ў пункце пропуску «Брэст» — самым буйным і самым папулярным у краiне. Наш карэспандэнт адправiўся туды, каб сваiмi вачыма ўбачыць, як ідуць справы.

Фота Паўла ЛОСІЧА

У мінулым верасні ў пункце пропуску «Брэст» запрацавала сістэма электроннай чаргі транспарту. Калі чалавек хоча перасекчы граніцу без доўгага чакання, ён можа заплаціць і забраніраваць пэўны час. Многія нават набывалі пропускі на пазачарговы ўезд. Дазвол на паўгода каштаваў 600 долараў. Жадаючых набыць такі дакумент аказалася шмат. У асноўным, — сярод беларусаў і палякаў, якія нелегальна перавозяць цыгарэты з адной краіны ў другую. Дзякуючы пазачарговаму ўезду, кантрабандысты маглі з’ездзіць у Польшчу некалькі разоў на дзень. Пропуск акупаўся менш, чым за тыдзень. У выніку на мяжы з’явіліся чэргі з «прапуснікоў». Іншым грамадзянам даводзілася чакаць афармлення не адну і не дзве гадзіны. Пачаліся канфлікты, людзі сталі скардзіцца. З 10 мая Дзяржпагранкамітэт прыпыніў выдачу пропускаў фізічным асобам на права пазачарговага ўезду на тэрыторыю пункта пропуску «Брэст». Аднак тэрмін дзеяння многіх з выданных раней дазволаў яшчэ не скончыўся.

Учора машын на мяжы было традыцыйна шмат. У 10.30 налічыў 86 аўтамабіляў. І гэта толькі перад уездам у зону чакання. Іх уладальнікі не маюць спецдазволаў, яны не плацілі 10 долараў за браніраванне часу ўезду. У чарзе, у асноўным, стаяць беларусы і палякі. Некалькі аўто з расійскімі нумарамі: 

— Мы разлічвалі, што правядзем на мяжы гадзіны чатыры. А стаім ужо амаль тры і яшчэ нават не заехалі на тэрыторыю пункту пропуску, — Сяргей з Ленінградскай вобласці едзе з сям’ёй на адпачынак у Чарнагорыю. У салоне «Хёндэ» ён, жонка і двое дзяцей. — Нам сказалі, што расіяне могуць прайсці мяжу толькі праз «Варшаўскі мост». Высветлілася, што гэта не так. А пра магчымасць забраніраваць пэўны час перасячэння мяжы мы наогул не ведалі. Прыйдзецца стаяць, што тут зробіш.

Праходжанне мяжы — справа не хуткая. У чарзе можна правесці да 10 гадзін. Фота: vb.by

У цяньку пад дрэвамі ад не па-ранішняму спякотнага сонца хаваюцца некалькі жанчын. Адна з іх прадставілася Вольгай. Расказала, што некалькі дзён таму дарога з Беларусі ў Польшчу заняла 10 гадзін: 

— Раней прайсці мяжу можна было за 3—4 гадзіны. Зараз гэта немагчыма. Людзей вельмі шмат. Чаму? Па-першае, выязджаць за мяжу цяпер можна не адзін раз у восем дзён, а колькі хочаш. Па-другое, з’явілася шмат «ільготнікаў», якія стаяць у VIP-чарзе. Ну і сезон адпачынкаў пачаўся. І вось яшчэ, глядзіце…

Чарга пачынае рухацца, аднак адзін з палякаў стаіць на месцы. Перад ім у «калейку» заязджае «Аўдзі», таксама з польскімі нумарамі. Вольга толькі ўсміхаецца: 

— І такое адбываецца пастаянна. Часам такія «фокусы» заканчваюцца бойкай ці разбітым шклом. Раней гэтыя «тарапыжкі» ў чаргу заязджалі з тэрыторыі запраўкі, цяпер там паставілі агароджу. Але, на мой погляд, і гэта не выйсце. Калі якое-небудзь аўто за гэтым плотам загарыцца, то іншыя проста не змогуць выехаць.

Учора ў чарзе да зоны чакання стаяла амаль 100 аўтамабіляў. Фота: vb.by

Паляк Томаш з Бяла-Падляскі ў Беларусь ездзіць некалькі разоў на тыдзень. У чарзе ён ужо правёў дзве гадзіны. Разлічвае трапіць дадому каля 17.00. Расказвае, што беларускія пагранічнікі і мытнікі працуюць добра, лепш, чым іх польскія калегі: 

— Людзей шмат, што зробіш. Калі навядуць парадак з гэтымі «спецдазволамі», сітуацыя з чэргамі, думаю, палепшыцца. Я не набыў пропуск, бо важу цыгарэты некалькі разоў на тыдзень і невялікімі партыямі. Для мяне ён каштуе вельмі дорага. Да таго ж іх продаж прыпынілі. На маю думку — правільна зрабілі. 

Брэстаўчанін Міхаіл — уладальнік такога пропуску. У суседнюю краіну ён ездзіць штодня. Беларускую мяжу разлічвае прайсці за некалькі хвілін. А вось польскую — невядома: «Думаю, што прыйдзецца пастаяць гадзіны чатыры. Гэта ўсё ж лепш, чым праводзіць у «жывой» чарзе па 8—10 гадзін».

Па словах афіцыйнага прадстаўніка Брэсцкай пагранічнай групы Сяргея Дзмітрыева, усяго было выдадзена больш за 400 пропускаў. Іх продаж прыпынілі ў маі:

— Аднак, паколькі тыя дакументы былі выдадзены на законных падставах і людзі заплацілі за іх грошы, мы не можам іх ануляваць. Значыць, трэба чакаць, пакуль у іх скончыцца тэрмін дзеяння. Пасля гэтага, мяркую, сітуацыя зменіцца ў лепшы бок.

p.losich@gmail.com

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter