В Столине отметили юбилей пейзажного парка XIX века

Хто шануе мiнулае, той варты будучага

Днямі жыхары Століна разам з замежнымі гасцямі ўрачыста адзначылі 130-годдзе помніка садова-паркавага мастацтва
ДАСЛЕДЧЫКI сцвярджаюць, што сады і паркі Беларусі маюць паўтаратысячную гісторыю. Без іх немагчыма ўявіць многія нашы гарады і мястэчкі, старажытныя сядзібы. Такія ўнікальныя прыродныя куточкі бяруць пачатак з глыбокай даўніны. Ужо тады людзі разумелі, якое эстэтычнае ўздзеянне аказвае на чалавека наваколле, мудра спланаванае і спраектаванае сапраўднымі творцамі штучнага ландшафту. У розных рэгіёнах Беларусі захаваліся сапраўдныя помнікі жывой прыроды, дзе сканцэнтраваны цікавейшыя экзэмпляры расліннага свету. Адзін з такіх куточкаў на Палессі – непаўторны па прыгажосці палаца-паркавы ансамбль, колішняя рэзідэнцыя еўрапейскіх магнатаў Радзівілаў, што раскінулася амаль на трыццаці гектарах на высокім беразе Гарыні ў Століне. Днямі жыхары райцэнтра разам з замежнымі гасцямі ўрачыста адзначылі 130-годдзе гэтага помніка садова-паркавага мастацтва канца XIX стагоддзя, які з’яўляецца адным з лепшых прыкладаў натуральных рукатворных ландшафтаў.


Узорнае аб’яднанне аматараў фальклору «Згадка» з вёскі Мачуль.

На святкаванні юбілею пейзажнага парку, дзе з мінулых часоў захаваліся мазаічныя лужкі і палянкі, прыгожыя цяністыя алеі, гасцей перад галоўным уваходам сустракалі ў нацыянальных строях музыкі заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь ансамбля народнай музыкі «Выцінанка». Стылізавана апрануты Летапісец зачытаў указ Вялікага князя Літоўскага, караля польскага Сігізмунда II, пазначаны 1551 годам аб перадачы палескіх уладанняў з Гарадком Давыдавым у вечнае карыстанне князю Мікалаю Радзівілу Чорнаму ў імя ўмацавання сяброўства і за верную службу. Менавіта ў гэты час была заснавана Давыд-Гарадоцкая ардынацыя, цэнтрам якой праз пэўны час стала столінская вёска Манькавічы. Амаль чатыры стагоддзі да прыходу бальшавікоў тут гаспадарыў род заможных еўрапейскіх магнатаў Радзівілаў, асноўная рэзідэнцыя якіх знаходзілася ў Нясвіжы. 

Брукаваная алея ад увахода ў парк вядзе да прасторнай паляны, на ўскрайку якой узвышаўся двухпавярховы палац Радзівілаў, пабудаваны сто гадоў таму і знішчаны ў час вызвалення Століна. Паабапал акуратна ўкладзенай амаль  сто гадоў таму алеі ўзвышаюцца векавыя экзатычныя дрэвы. Мясцовы краязнавец Аляксей Вярэніч распавядае гасцям і ўдзельнікам свята пра найбольш важныя моманты гісторыі Манькавіцкага парку. 

Магнат Антон Радзівіл меў мноства зямель па Еўропе. Жыў з бацькам у Берліне, дзе і пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай Марыяй Даротай дэ Касталян, якая пасля шлюбу часта бывала ў маёнтках і вельмі захапілася гісторыяй гэтага багатага роду. Зачараваў маладую гаспадыню агромністы дубовы лес на крутым Гарынскім беразе. Стараннямі Марыі Дароты лясны масіў быў ператвораны ў шыкоўны парк, месца для якога падрыхтавала сама прырода. Быў дадзены загад у старым русле Гарыні зрабіць водны канал, а ў самім парку пасадзілі шмат розных экзатычных раслін. Дастаўлялі іх з розных куткоў свету. Акуратна ўпакаваныя дрэўцы і кусты высаджваліся і пільна даглядаліся садоўнікамі. Ужо на пачатку ХХ стагоддзя гэтаму маляўнічаму куточку мог пазайздросціць любы еўрапейскі батанічны сад. Ад увахода ў парк і да палаца Радзівілаў праклалі брукаваную алею, па якой рухаліся карэты з гасцямі. Вырабленая шасціграннымі шашкамі дарога дагэтуль захавалася і вядзе ад палаца да чыгуначнай станцыі Гарынь, куды цягнікамі прыязджалі да палескіх Радзівілаў госці з Еўропы. Іх сустракалі, і па так званых трылісках цокалі конскія капыты.


Экскурсію з гасцямі праводзіць гісторык Аляксей ВЯРЭНІЧ.

Цікава распавёў гісторык Аляксей Вярэніч і пра Радзівілаўскі палац, што ўзвышаўся на крутым рачным беразе. Для будаўніцтва яго спецыяльна з Берліна запрасілі вядомага нямецкага дойліда Венцэля. Марыя Дарота перад ім паставіла задачу, каб сродкамі архітэктуры адлюстраваў усю магутнасць і карані роду Радзівілаў. Як сведчыць дзённік педантычнай гаспадыні, яна была ў незвычайным захапленні ад новабудоўлі, якая завяршалася вежай з гадзіннікам і традыцыйнымі арламі, што сімвалізавалі магнацкі род. 

У гады Вялікай Айчыннай вайны манькавіцкі палац часткова быў разбураны. Акупанты даручылі архітэктарам з Берліна і Варшавы абнавіць яго. А ў 1944 годзе ў баях за вызваленне Чырвонай Арміяй Століна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў унікальны будынак быў амаль поўнасцю разбіты. 

Непашкоджанай засталася частка парку, што акружала палац. Першай пасляваеннай вясною закрасавалі кветнікі, зазелянелі шматлікія газоны. Па абодвух баках галоўнай алеі засталіся некранутымі натуральныя астраўкі, а дзе-нідзе і спецыяльна зробленыя прасветы паміж густапераплеценымі кронамі дрэў. Праз гэтыя прыродныя вокны і зараз цудоўна адкрываюцца краявіды ракі Гарынь і яе заліўных лугоў і сенажацяў. Гаспадары сядзібы і іх еўрапейскія госці часта любаваліся гэтымі мясцінамі. 

Першапачаткова плошча парку складала паўсотні гектараў, і раслі тут больш за 35 відаў дрэваў і кустарнікаў. Цяпер тэрыторыя паменшылася да 30 гектараў. Сярод векавых дубоў і меднаствольных сосен, падпіраючых неба ёлак захаваліся і рэліктавыя пароды сасны Веймутава, канадскай ёлкі, каўказскай і аднаколернай піхты, ёлкі Энгельмана, лістоўніцы еўрапейскай, чорнай амерыканскай сасны, блакітных клёнаў, чырвоных каштанаў і іншых рэдкіх парод.


Летапісец адкрывае свята, прысвечанае 130-годдзю Манькавіцкага парку.

Барбара Радзівіл.


Сярод густых стагадовых дрэў на пастаменце ўзвышаецца памятны знак, што ўсталяваны ў гонар заснавальніцы парку Марыі Дароты дэ Касталян яе сынам Станіславам. У нашы часы парк стаў помнікам прыроды рэспубліканскага значэння. Амаль усю тэрыторыю яго акружае чыгунная агароджа. Раённае кіраўніцтва кантралюе падтрыманне чысціні і парадку ў гэтым аазісе жывой прыроды. Кожная арганізацыя райцэнтра мае тут пэўны ўчастак і адказвае за належны стан.

Гасцей і ўдзельнікаў свята ў час экскурсіі сустракалі апранутыя ў прыгожыя строі гістарычныя асобы з роду Радзівілаў. А эпіцэнтрам святкавання стала пляцоўка перад будынкам Столінскага раённага краязнаўчага музея, якому сёлета споўнілася шэсцьдзясят гадоў. Размешчаны ён у былым радзівілаўскім будынку, як і дзіцячая музычная школа, памяшканню якой больш за сто гадоў. Кіруе краязнаўчым музеем апантаная справай Святлана Вярэніч. Дзякуючы яе старанню сабраны арыгінальныя рэчы з палескага палаца магнатаў. Некалькі гадоў таму у парку знайшлі і перадалі музею на захоўванне сярэбраны кубак з гербам роду Радзівілаў. Папоўніўся музей і шыкоўнай палацавай мэбляй, якая доўгія гады захоўвалася ў жыхароў Століна.

Да юбілею парку народны тэатр «Пагарынне» Столінскага ГДК паказаў прэм’еру цікавага спектакля пра з’яўленне Радзівілаў на Палессі. У аснову пастаноўкі пакладзена рамантычнае каханне польскага караля Жыгімонта II Аўгуста і вядомай гістарычнай асобы Барбары Радзівіл, якая была родам з Беларусі. Кароткім выдаўся яе век. Жыгімонт II Аўгуст у памяць аб ёй перадаў маёнтак Манькавічы, які ўваходзіў у Давыд-Гарадоцкую ардынацыю, свайму даўняму сябру Мікалаю Радзівілу Чорнаму.

— Нас вельмі ўразіла ваша багатая спадчына, — адзначыў на святкаванні юбілею парку Спеліс Каспарс з латвійскага горада Ікшкіле. – Ваша шанаванне гісторыі варта вялікай павагі. Як і кранулі нашы сэрцы выступленні самадзейных артыстаў. У вас ёсць чаму павучыцца, ёсць што пераняць нам, латышам.

— Мы ўдзячны за запрашэнне на юбілей такога ўнікальнага парку, — выказаўся расійскі госць старшыня Скопінскай гарадской думы Разанскай вобласці Валерый Луканін. — Мы ганарымся сваёй гісторыяй. Трыццаць нашых землякоў у гады Вялікай Айчыннай вайны ўдастоены за подзвігі Залатых Зорак Героя Савецкага Саюза. Багатая гісторыя вашага краю. Сёння мы адчулі вашу павагу да сваёй бацькаўшчыны. Недарма кажуць, хто шануе мінулае, той мае будучыню. Вы заслугоўваеце самага лепшага для сваіх нашчадкаў.

Гасцей і ўдзельнікаў свята віталі спевамі і танцамі ўзорнае аб’яднанне аматараў фальклора «Згадка» з вёскі Мачуль, самадзейныя калектывы раённага цэнтра. Столінскі райвыканкам прадоўжыў свята для запрошаных гасцей, якія наведалі палацавы комплекс Радзівілаў у Нясвіжы і старажытны замак у Міры. Свае водгукі яны пакінулі ў кнізе наведвальнікаў Столінскага раённага краязнаўчага музея, дзе не шкадавалі слоў удзячнасці за запрашэнне на 130-гадовы юбілей Манькавіцкага батанічнага парку рэспубліканскага значэння.

Уладзімір СУБАТ, «СГ»

Столінскі раён

Фота аўтара
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter