«Разумнае» жыллё больш падобна на легенду — многія пра яго чулі, але нямногія бачылі

Хто ў разумным доме жыве

Сёння ні мабільным тэлефонам, ні пасудамыечнай машынай ужо асабліва нікога не здзівіш. Гэта калісьці такія выгоды цывілізацыі здаваліся незвы­чайнымі, гэта калісьці пра іх практычна складалі легенды. Мы ўжо прывыклі да «разумнай» тэхнікі, якая ўзяла на сябе нямала нашых бытавых клопатаў. Мультыварка зварыць вячэру, пральная машына памые бялізну і гэтак далей. Дык чаму б пра нас не паклапаціцца дому, у якім мы жывём? 


Зрэшты, пакуль «разумнае» жыллё больш падобна на легенду — многія пра яго чулі, але нямногія бачылі, і яшчэ менш тых шчасліўчыкаў, якія ў ім жывуць. Пакуль што ў пяці гарадах — Мінску, Гродне, Гомелі, Віцебску і Магілёве — усяго 15 энергаэфектыўных будынкаў. Разам з тым першая такая пабудова на тэрыторыі СНД сіламі МАПІД з`явілася менавіта ў нас яшчэ ў 2007 годзе і зарэкамендавала сябе цалкам паспяхова. Вядома ж, бо тэмпература паветра ў гэтым жыллi была вышэй на 7 градусаў, чым у іншых кватэрах. І з праславутай праблемай вільгаці жыхары дома ніколі не сутыкаліся. 

І ўсё ж з моманту такога ноу-хау прайшла ўжо сямігодка, а мы ўсё яшчэ робім асцярожныя крокі ў гэтым кірунку, даследуем і аналізуем. У рамках праекта ПРААН / ГЭФ па павышэнні энергаэфектыўнасці жылых будынкаў у Беларусі, напрыклад, да 2016-га плануецца пабудаваць яшчэ тры ўнікальныя дамы — у Мінску, Гродне і Магілёве — з укараненнем цэлага шэрагу розных тэхналогій, якія дазваляюць дасягнуць выніку, што ўражвае. Напрыклад, ваду ў кране тут нагрэюць сонечныя калектары, размешчаныя на даху будынка. Або гэтую функцыю выканае ўжо выкарыстаная ў побыце гарачая вада, якая звычайна сыходзіць з кватэры незваротна. Спецыяльныя цеплавыя помпы на палях «возьмуць» нават цяпло грунту, на якім стаіць дом. Гэта значыць, такі будынак зможа абагрэць сябе сам. Для параўнання: сёння ацяпленне і гарачае водазабеспячэнне асноўнай часткі шматкватэрных дамоў залежаць ад цяпла цепла­электрастанцый і кацельняў на 95 працэнтаў!

Па задумцы, у падобных праектаў адразу некалькі задач. Гэта і зніжэнне нагрузкі на кашалёк спажыўца, і эканомія энергарэсурсаў, якіх, дарэчы, ад агульнай колькасці жылы сектар спажывае каля 35 працэнтаў, і істотнае скарачэнне выкідаў парніковых газаў, і выкарыстанне сучасных тэхналогій у будаўніцтве. Так, у параўнанні з 1993 годам спажыванне энергіі ў новых будынках у адпаведнасці з нормамі скарацілася амаль напалову. Але спецыялісты адзначаюць, што гэта далёка не мяжа магчымасцей.

«Цяпер нормы ўдзельнага паказчыка спажывання цяпла на квадратны метр жылой плошчы павялічаны да 60 кілават-гадзін на метр квадратны ў год. Наш праект пакажа, што мы можам апусціць гэтую планку практычна да ўзроўню «пасіўных дамоў», якія шырокавядомыя за мяжой, і дасягнуць лічбы ў 25 кВт-г/м2 у год. Акрамя таго, калі ўсё новае будаўніцтва жылля ў наступным будзе рэалізавана ў рамках гэтага стандарту, то такая эканомія энергіі дазволіць дасягнуць скарачэння выкідаў СО2 да 2030 года каля 30 мільёнаў тон», — адзначае кіраўнік праекта ПРААН/ГЭФ па павышэнні энергаэфектыўнасці жылых будынкаў у Беларусі Аляксандр Грэбянькоў.

Сучасныя тэхналогіі першапачаткова сучаснае жыллё зробяць даражэйшым прыблізна на 15 працэнтаў. Такі дом будзе эканоміць, але не адразу. Пройдзе прыблізна два-тры гады, перш чым яго жыхары заўважаць прыемнае зніжэнне ў жыроўках. Ці гатовыя мы пачакаць? Напрыклад, жыхары Італіі гэты бар’ер пераадолелі, адзначае міжнародны эксперт праекта ПРААН / ГЭФ Альфіа Галата. «Я ўдзельнічаў у стварэнні будынка, узровень энергаспажывання якога фактычна быў роўны нулю. Яно таксама было даражэй свайго аналага на 15 працэнтаў, i стаяла пытанне, як гэтыя кватэры будуць купляцца, — распавядае ён. — Тым не менш праблем не толькі не было, але такія кватэры купляліся лепш, чым іншыя немадэрнізаваныя аналагі. Людзі вывучаюць гэтае пытанне і добра разумеюць: так, сёння ты заплаціў даражэй, але ў будучыні ты зэканоміш значна больш».

Зрэшты, гэта не азначае, што ў краінах Еўропы праблем у сферы энергаэфектыўнасці будынкаў нао­гул не існуе. Так, новыя будынкі і такія гіганты, як Ф`ера Мілана, па словах эксперта, які таксама прымаў удзел у яго стварэнні, пабудаваныя з улікам усіх сучасных патрабаванняў. Але ў той жа Італіі, як і ў Беларусі, дзе 170 мільёнаў метраў квадратных жылля было пабудавана да 1993 года, існуе праблема старых дамоў, якія маюць патрэбу ў мадэрнізацыі. У нас у такім жыллi расход цяпла на ацяпленне метра плошчы вышэй цяперашняй нормы, як мінімум, удвая. Агульная затратнасць энергіі складае 230 кВт-г/м2 у год. І, вядома, гэтую лічбу трэба зніжаць.

Зразумела, што традыцыйныя падыходы па выкарыстанні цяпла тут не спрацуюць. Тым больш што ўжо да 2020 года плануецца, што будаўніцтва энергаэфектыўнага жылля стане масавым. Якім будзе гэты пераход, сказаць складана. Зразумела адно: часу на паслабленне ўжо няма. Ды і аўчынка, як гаворыцца, варта вырабу, бо на выхадзе, акрамя камфорту і высокай экалагічнасці за кошт выкарыстання нетрадыцыйнай энергіі, такое жыллё павінна прынесці ў казну мільённую эканомію.

Вера АРТЭАГА

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter