Назад у дзяцінства: лагеры рыхтуюцца да заезду першых дзяцей на аздараўленне

Хто прыйдзе на змену

Ужо заўтра пачнуцца першыя змены ў многіх дзіцячых летніх аздараўленчых лагерах. Карэспандэнт «Р» напярэдадні разам з супрацоўнікамі інспекцыі па справах непаўналетніх Мінскага РУУС наведала некаторыя з іх і даведалася, наколькі яны падрыхтаваны да працы.

Лагер «Лясны аганёк» выклікае жаданне вярнуцца ў дзяцінства.
Фота Артура ПРУПАСА.

Праверым трываласць агароджаў, наяўнасць замкоў на брамах, каб у лагер не маглі пранікнуць староннія, а дзеці не выправіліся на прагулку без дазволу, — распавядае па дарозе Раман Парфяновіч, участковы інспектар ІСН. — Упэўнімся, што надзейна запіраюцца складскія памяшканні, как выключыць выпадкі крадзяжоў прадуктаў. Агледзім таксама спартыўныя снарады — ці надзейна замацаваны.

Лагер «Лясны аганёк» зна­ходзіцца недалёка ад населенага пункта Стайкі, усяго ў 14 кіламетрах ад Мінска. Дзеці заедуць сюды толькі 5 чэрвеня, але ступень гатоўнасці да іх прыёму вельмі высокая. Праўда, і супра­цоўнікі выглядаюць стомленымі і заклапочанымі.

— Адна змена разлічана на 128 чалавек, а будзе іх чатыры, — праводзіць для нас экскурсію Святлана Сяргейчык, начальнік лагера.  — Амаль усе пуцёўкі ўжо раскуплены. З прадпрыемства «Белкамунмаш», якому належыць лагер, дзяцей адпачне не вельмі шмат, чалавек 50—60 за ўсё лета. У першую і другую змену заязджаюць па 30 танцораў, якія займаюцца брэйк-дансам, а таксама атрад карацістаў.

Персанал лагера ўжо набраны. Дворнікі, прыбіральшчыкі завіхаюцца і зараз: падфар­боўваюць, падмятаюць, мыюць падлогу ў спальных карпусах і сталовай, апранаюць пасцельную бялізну, вешаюць шторы. Педагогаў чакаюць напярэдадні заезду — 4 чэрвеня. Медыкі ўжо ў лагеры пабывалі: прынялі лекі, праверылі наяўнасць у медпункце ўсяго неабходнага.

Праходзім па тэрыторыі лагера з нейкай дзіцячай цікаўнасцю. Уражвае пакой адпачынку: прасторны, з мяккімі канапамі, велізарным тэлевізарам і нават ноўтбукамі. Маецца і свая невялікая бібліятэка. Праўда, самыя каштоўныя кнігі яшчэ не прыехалі — паколькі лагер не ацяпляецца, зімавалі яны ў горадзе. Танцпляцоўка, альтанкі, спартыўныя пляцоўкі — сумаваць тут не давядзецца. 

База адпачынку «На ростанях», што ў пасёлку Прывольны, выступіць у ролі стацыянарнага дзіцячага лагера ўпершыню. Дагэтуль тут прымалі толькі дарослых турыстаў. База адметная тым, што на яе тэрыторыі знаходзіцца дача, у якой жыў і тварыў Якуб Колас.

— Аздараўленчы комплекс «Спа­дарожнік», які таксама належыць ААТ «Мінскрэмстрой» і размешчаны ў Ждановічах, мае вельмі высокі рэйтынг, жадаючых набыць туды пуцёўкі надзвычай багата, — тлумачыць Ніна Кусмерская-Мялік, начальнік лагера. — Таму вырашылі адчыніць яшчэ адзін — на базе адпачынку. За змену лагер зможа прыняць 160 дзяцей ад 6 да 18 гадоў, а будзе змен чатыры: дзве па 18 дзён і дзве — па 21. 

Рашэнне аб стварэнні гэтага летняга лагера прынялі толькі ў лютым, і пакуль што тэрыторыя выглядае не надта прыдатнай для дзіцячага адпачынку. Да таго ж, яна вельмі пацярпела падчас леташняга ўрагану. Але Ніна Іванаўна ўпэўнена сцвярджае: «Лагеру быць!» І хутчэй за ўсё, мае рацыю: работа тут проста кіпіць! Агароджа па перыметры ўжо ўмацавана, ліхтарныя слупы ўстаноўлены, працуе асфаль­таўкладчык, косяць газоны, выраў­ноўваецца пляцоўка для рухомых гульняў, узводзяцца каркасы для альтанак. Пры такіх тэмпах працы да 2 чэрвеня тут можна стварыць ідэальныя ўмовы. Спальныя карпусы і грамадскі цэнтр са сталовай, буфетам, актавай і танцавальнай заламі ўражваюць: капітальныя, унушальныя пабудовы. Дзеці будуць жыць у чатырохмесных пакоях блочнага тыпу — зручнасці побач. Ёсць і яшчэ адзін корпус, але, што ў ім будзе летам, Ніна Іванаўна пакуль не ведае — будынак належыць іншаму ўласніку. Але запэўнівае, што прыкладзе ўсе намаганні, каб старонніх на тэрыторыі дзіцячага лагера не было.

А вось лагер «Купа­лінка» пад Ракавам больш не расчыніць свае вароты перад дзецьмі, ва ўсякім разе, у бліжэйшы час. Яго гаспадар, ААТ «Аўтакамбінат № 6», аб’явіў сябе банкрутам. 

— Шыкоўны лагер! Трохпавярховыя карпусы, блочная сістэма, свая кацельная, ацяпленне… Пасля зімы захаваўся так, што нават рамонту не патрабуе, — хіба толькі касметычнага, — перажываюць яго былыя супрацоўнікі. — Няўжо нікому не патрэбны?! Прападзе ж, калі будзе пуставаць! Так шкада!

— На тэрыторыі нашага раёна размешчаны 13 дзіцячых аздараўленчых лагераў з кругласутачным знаходжаннем. За тры летнія месяцы ў іх адпачнуць больш за 12 тысяч дзяцей. І за бяспекай літаральна кожнага мы павінны пільна сачыць,  — кажа Вольга Чамаданава, начальнік ІСН Мінскага РУУС. — Таму асноўныя патрабаванні міліцыі да адміністрацыі лагераў — забеспячэнне прапускнога рэжыму, максімальна цэнтралізаванае правядзенне мерапрыемстваў, каб кожнае дзіця было на вачах, стварэнне ўмоў для захавання ўласнай маёмасці і, зразумела, дысцыпліна.

nevmer@mail.ru

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter